Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4.11.1937: ноч расстраляных мастакоў


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. 30 кастрычніка 2017 году

У гісторыі Віцебску ёсьць асобная трагічная старонка, датаваная «расстрэльным» 1937 годам. Гэта падзеі 4 лістапада, калі тысячы беларусаў былі расстраляныя паводле абвінавачаньня ва ўдзеле у так званай «ПОВ» («Польскай арганізацыі вайсковай»). У іх ліку былі многія віцебскія мастакі, якія запісалі ў «польскія шпіёны».

Пра тое, што справа «ПОВ» была сфабрыкаваная, каб стварыць уражаньне нястомнай барацьбы са шпіёнамі, напісана нямала сучасных дасьледаваньняў. У гэтых працах шмат статыстыкі і дакумэнтальных зьвестак. Але марна шукаць лёгікі ў тым, чаму беспадстаўныя абвінавачаньні абрынуліся менавіта на іх, віцебскіх мастакоў — выкладчыкаў мастацкага тэхнікуму, выпускнікоў славутай мастацкай вучэльні, вучняў Марка Шагала і Казіміра Малевіча.

Уначы 4 лістапада 1937 году «за ўдзел у «ПОВ» былі расстраляныя ці ня самыя выбітныя прадстаўнікі віцебскай творчай інтэлігенцыі: выкладчыкі мастацкага тэхнікуму Рыгор Чумакоў, браты Пётар і Хрыстафор Даркевічы. Старэйшы, Пётар, быў ня толькі мастаком, але й мастацтвазнаўцам — аўтарам навуковых артыкулаў па тэорыі новага, пасьлярэвалюцыйнага мастацтва. Малодшы, Хрыстафор, быў майстрам жывапісу: пісаў партрэты знакамітых сучасьнікаў і папярэднікаў, маляўнічыя віцебскія краявіды, рабіў фрэскі для гарадзкіх адміністрацыйных будынкаў. Амаль нічога зь ягонай жывапіснай спадчыны не дайшло да нашчадкаў праз гады маўчаньня і страху. Тое самае — і з творчасьцю аднаго з найярчэйшых пасьлядоўнікаў Малевіча, мастака-авангардыста Янкі Гаўрыса, які імкнуўся спалучыць у сваіх карцінах ідэі супрэматызму зь беларускімі этнаграфічнымі матывамі — менавіта такой ён бачыў будучыню сучаснага нацыянальна-арыентаванага мастацтва. Але ўсе мары і пляны абарваў стрэл у тую страшную ноч 4 лістапада 1937 году.

Былі асуджаныя і расстраляныя 112 чалавек, зь якіх большасьць — мясцовыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Фэномэну гэтага мастака прысьвяціў асобнае дасьледаваньне віцебскі навуковец Аляксандар Лісаў. У артыкуле «Янка Гаўрыс: «прыродны беларус» у асяродку віцебскіх супрэматыстаў«(ARCHE № 3, 2014 г.) ёсьць і трагічныя згадкі пра зьнішчэньне тутэйшых творцаў. «У 1937 годзе кіраўнік віцебскага НКУС Іван Гарбаленя сфабрыкаваў справу аб дзейнасьці ў горадзе мітычнай шпіёнска-дывэрсійнай арганізацыі „ПОВ“, якая нібыта мела на мэце зьвяржэньне савецкай улады і адрыў БССР ад Савецкага Саюзу. Па справе былі асуджаныя і расстраляныя 112 чалавек, зь якіх большасьць — мясцовыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі», — піша дасьледчык.

За антысавецкую дзейнасьць быў арыштаваны віцебскі мастак Яфім Мінін — вядомы графік, адзін з пачынальнікаў новага беларускага эксьлібрысу. На пачатку 1930-х яму, удзельніку міжнародных выставаў, давялося трываць папрокі ў «ідэалізацыі панскага мінулага» і «рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму». А ў лістападзе 1937-га прагучала абвінавачаньне ў шпіянажы і сьмяротны прысуд — вышэйшая мера пакараньня за дзейнасьць у мітычнай «ПОВ».

Зрэшты, у лік «польскіх шпіёнаў», расстраляных у Віцебску 4 лістапада 1937 году, трапілі самыя розныя людзі. Што маглі разумець у шпіёнскіх справах аўтамэханік Мікалай Бабаеў, пэнсіянэр Васіль Вялюга, настаўніца Ганна Круковіч або зусім непісьменная 62-гадовая Эмілія Савіцкая? Лясьнічы Мікалай Маеўскі, бухгальтар Віктар Кандыба ці выкладчык фінансава-эканамічнага тэхнікуму Іпаліт Поляк — патомны беларус, але спадчынны носьбіт «нядобранадзейнага» прозьвішча? Або мой стрыечны дзед, дарожны рабочы Станіслаў Сухорскі — тыповы віцебскі ўраджэнец, запісаны палякам?

Мой дзядзька, Генрых Станіслававіч, нават ня памятаў бацькі: калі таго забралі, малому не было й двух гадоў. Але ў «застойныя» 1970-я ён вырашыў дазнацца падрабязнасьці пра ягоны лёс, спадзеючыся на малаверагоднае: раптам бацьку не асудзілі на сьмерць, а выслалі на Поўнач. І недзе там засталіся хоць нейкія сьляды па ім — знаёмыя, дакумэнты ці хаця б магіла, куды можна завезьці кветкі... Дзядзька абвясьціў пра свой намер шукаць праўды падчас нейкага супольнага сямейнага абеду. І я, тады яшчэ няўцямнае малое дзіцё, ніяк не магла зразумець, чаму раптам зьніякавелі мае старэйшыя сваякі, чаму так адчайна прасілі: «Не рабі гэтага! Цябе таксама забяруць у КДБ!»

Дзядзька не паслухаўся і ўсё-ткі даслаў запыт у тую самую ўстанову. І праз колькі дзён яму патэлефанаваў невядомы: «Калі ня хочаце страціць працу, то больш не задавайце такіх пытаньняў». Праца была добрая — дырэктар ЦЭЦ у невялікім гарадку Калінінградзкай вобласьці. Аднак і характар быў упарты: ліставаньня з КДБ дзядзька Гера не спыніў. Праўда, яно было аднабаковае: запыты пра бацькаў лёс ішлі ў Віцебск, Менск, Маскву, а ў адказ не было ані слова. Аж пакуль у перабудовачныя часы не даслалі даведку: «Абвінавачаны за дзейнасьць у „ПОВ“. Расстраляны 4 лістапада 1937 г. Месца расстрэлу — Віцебск».

Дзе знаходзіцца дакладнае месца загубы асуджаных на сьмерць вязьняў віцебскай турмы НКУС, дагэтуль застаецца таямніцай.

Дзе яно, дакладнае месца загубы асуджаных на сьмерць вязьняў віцебскай турмы НКУС, дагэтуль застаецца таямніцай. Апошнія жывыя сьведкі апавядаюць, што начныя стрэлы даносіліся і з так званага Цёплага лесу ўзбоч Гарадоцкай шашы, і зь лесу каля вёскі Паляі, дзе з 1990-х ствараецца народны мэмарыял у памяць загінулых ахвяраў сталінізму. І за вёскай Хайсы, дзе мясцовыя жыхары й сёньня натрапляюць у лесе на чалавечыя парэшткі. Не чуваць толькі афіцыйных галасоў пра неабходнасьць ушанаваць памяць рэпрэсаваных.

І таму страшная лістападаўская «ноч расстраляных мастакоў» аніяк не сканчаецца. Надзейна засакрэчаныя імёны тых, хто асудзіў на сьмерць будучыню беларускага выяўленчага мастацтва. Спадчына таленавітых віцебскіх мастакоў незваротна страчаная. Забітыя таленты ляжаць у безыменных брацкіх магілах — разам зь бязьвінна загубленымі гледачамі і героямі ненапісаных палотнаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG