Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве пакінуў на волі сына міністра ўнутраных спраў


Аляксандар Авакаў у залі суду. 1 лістапада 2017 году
Аляксандар Авакаў у залі суду. 1 лістапада 2017 году

У Кіеве суд пакінуў на волі Аляксандра Авакава, сына кіраўніка МУС Украіны Арсена Авакава. Яго абавязалі зьяўляцца на допыты па першым выкліку сьледчых, паведамляць пра свае перамяшчэньні, а таксама здаць замежны пашпарт і насіць электронны бранзалет.

Пра гэта паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Аляксандар Авакаў па завышанай цане закупляў для МУС заплечнікі. Шкоду бюджэту краіны ад яго дзеяньняў ацэньваецца ў 16 мільёнаў грыўняў (каля 600 тысяч даляраў). Абвінавачаньне патрабавала арыштаваць Авакава.

«Справа аб заплечніках» была заведзеная два гады таму пасьля выхаду журналісцкага расьсьледаваньня. У ім таксама праходзіць былы намесьнік кіраўніка МУС Украіны Сяргей Чабатар. Арсен Авакаў заяўляе, што ягоны сын ня меў дачыненьня да бюджэтных сродкаў. Крымінальную справу міністар назваў палітычна матываванай.

20 кастрычніка ўкраінскія СМІ паведамілі пра канфлікт паміж Арсенам Авакавым і прэзыдэнтам краіны Пятром Парашэнкам. Кіраўнік дзяржавы абвінаваціў міністра ў тым, што ён дапусціў устаноўку намётаў пратэстоўцаў ля будынка Вярхоўнай Рады. 31 кастрычніка, пасьля затрыманьня Аляксандра Авакава, кіраўнік МУС адклікаў паліцэйскіх, якія дзяжурылі побач з пратэстоўцамі.

Акцыі пратэсту ў Кіеве працягваюцца з 17 кастрычніка. Адно з галоўных патрабаваньняў дэманстрантаў — імпічмэнт Парашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG