Сярод абвінавачаньняў Сайфуло Саіпаву — прычыненьне сьмерці 8 чалавекам, гвалт, зьнішчэньне транспартных сродкаў, а таксама абвінавачваньне ў аказаньні матэрыяльнай і рэсурснай падтрымкі тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава».
Паводле пракурораў, нападнік быў «ахоплены нянавісьцю і скажонай ідэалёгіяй», калі учыніў напад 31 кастрычніка. Паводле іх зьвестак, ён плянаваў гэтае злачынства месяцамі.
ФБР распаўсюдзіла аб’яву пра вышук яшчэ аднаго выхадца з Узбэкістану, 32-гадовага Мухамадзаіра Кадырава, які, як мяркуецца, мог быць датычным да дзеяньняў Саіпава.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў сьмяротнага пакараньня для арганізатара тэракту ў Нью-Ёрку, указаўшы на адсутнасьць якога-небудзь раскаяньня з боку падазраванага:
«Нью-Ёркскі тэрарыст быў настолькі рады, што папрасіў вывесіць сьцяг „Ісламскай дзяржавы“ ў ягонай бальнічнай палаце, — напісаў Трамп у Твітэры. — Ён забіў 8 чалавек і цяжка параніў 12. Ён павінен атрымаць сьмяротнае пакараньне!»
Тэракт адбыўся 31 кастрычніка ў Нью-Ёрку. Кіроўца пікапа на здымным малым грузавіку-пікапе заехаў на дарожку для пешаходаў і раварыстаў у Ніжнім Мангэтане і рушыў па ёй, зьбіваючы людзей. Потым ён урэзаўся ў школьны аўтобус і выйшаў са свайго аўтамабіля зь дзьвюма адзінкамі зброі ў руках. Паліцэйскі, які дзяжурыў у тым месцы, адкрыў агонь і параніў мужчыну ў жывот. Таму нападніка затрымалі і шпіталізавалі, а на месцы здарэньня знайшлі стрэльбу для пэйнтболу і пнэўматычную зброю.
У выніку тэракту загінулі сама меней 8 чалавек, яшчэ 11 атрымалі раненьні, сур’ёзныя, але якія не пагражаюць жыцьцю.
У аўтамабілі нападніка была знойдзеная запіска, у якой ён заяўляе аб вернасьці тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава». Таксама на прэс-канфэрэнцыі з нагоды нападу камісар паліцыі Нью-Ёрку Джэймз О’Ніл пацьвердзіў паведамленьне сьведак, што нападнік, выйшаўшы з разьбітага аўтамабіля, выкрыкваў «Алах акбар!»
Раней 1 лістапада губэрнатар Нью-Ёрку Эндру Куома заявіў, што пакуль няма ніякіх сьведчаньняў пра магчымыя іншыя плянаваныя напады, зьвязаныя з гэтым, а наяўныя цяпер дадзеныя сьведчаць, што гаворка ідзе пра прыватны выпадак, які нападнік зьдзейсьніў самастойна.
Паводле папярэдняй інфармацыі, Саіпаў прыбыў у ЗША некалькі гадоў таму з Узбэкістану, выйграўшы ў лятэрэю амэрыканскую грын-карту, і жыў у Флорыдзе і нью-джэрсійскім горадзе Патэрсан.
Тэракт у Нью-Ёрку хутка стаў палітычнай тэмай, пасьля таго як Трамп ўсклаў віну на візавую праграму, якая, як ён лічыць, дазволіла падазраванаму Сайфуло Саіпаву ўехаць у краіну. Трамп заявіў, што хоча неадкладна ўключыцца ў працу з Кангрэсам, каб адмяніць іміграцыйную лятарэю, дзякуючы якой Саіпаў прыехаў у ЗША.
Заявы Трампа выклікалі крытыку з боку дэмакратаў, якія вырашылі, што прэзыдэнт сьпяшаецца палітызаваць трагедыю, у той час як праваахоўныя органы спрабуюць высьветліць абставіны таго, што здарылася, паведамляе «Голас Амэрыкі».