Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны прайшлі» або Прыпяцкі прагін


Райцэнтар сьвяткаваў Дзень вызваленьня ад фашыстаў. Мне ў суботу ў гэтым мястэчку лепш прыслухацца да спрадвечнага «А я лягу, прылягу», а ня перціся, вытрашчыўшы вочы, у эпіцэнтар «падзей», але і знаёмых крыўдзіць не выпадала. «Ты што? Гэта ж сьвята! Пайшлі хутчэй, там падвор’і будуць, гандлёвыя рады, пачастункі, а вечарам — салют!», — цягнулі мяне за рукі працаўнікі сфэры культуры. Тыя абрыдлыя многім «падвор’і» на ўсіх сьвятах, пачынаючы ад Дня перамогі і заканчваючы Дажынкамі, павінны сымбалізаваць «мірнае, стабільнае, багатае жыцьцё» — калі на стале ёсьць усё, а народ весяліцца і радуецца пад гармонік.

рыба, можа, некалі была, ды сплыла

Спадарожнікі распавядалі, як добра зладзілі мясцовыя ўлады сьвята сёлета. «Раней жа мы начамі тыя падвор’і рабілі, а зараз райвыканкам паклапаціўся — усім зрабілі аднолькавыя падвор’і, лясгас зьбіў такія загарадкі, зь бярозавых жэрдак!», — радаваліся знаёмцы, дэманстравалі тыя загарадкі. «У нас тэматычныя падвор’і сёлета, бачыш — кшталту нейкая гаспадарка спэцыялізуецца па рыбе, іншая — па яблыках, трэцяя — па блінах. Насамрэч не, але каб была нейкая кшталту адметнасьць», — тлумачылі кабеты. Ага, ну хоць рыбы набуду. У тэматычнай загарадцы пра рыбу нагадваў човен з кардону, у якім сядзела мумія рыбака з такім панылым тварам, што адразу было зразумела — рыба, можа, некалі была, ды сплыла. Па Дняпры да ўкраінцаў.

На кожным «падвор’і» стаялі-мерзьлі ў засяроджаным чаканьні творчыя калектывы з баянамі-акардэонамі, самотны бард перабіраў акорды на гітары. На кожным «падвор’і» — багата накрытыя сталы, за сталамі і чырвона-зялёнымі паветкамі смажыліся шашлыкі, на вялізных патэльнях — бліны. Толькі чамусьці ніхто ня еў, нікога не частавалі. Знаёмая сустрэла сваіх сваякоў з вёскі, якая нібыта спэцыялізуецца на блінах, палезла да іх з абдымкамі. Тыя, здаецца, і ня вельмі былі рады — усё трывожна зазіралі некуды ёй за сьпіну. Тая ж радавалася сустрэчы са сваякамі, і піхала мяне наперад: «Во! Гэта карэспандэнт! Дзеўкі, дайце ёй бліноў і шашлыкоў!».

пакуль Яны не прайшлі – нельга нікога частаваць!

Я аднеквалася, вяскоўцы ўскінулі на жанчыну вочы, поўныя абурэньня, і пачалі шаптаць: «Ці ты здурэла, якіх ёй даць шашлыкоў, яшчэ Яны не прайшлі! Пакуль Яны не прайшлі — нельга нікога частаваць!». Тая ня кеміла, відаць, хто такія Яны, якія яшчэ не прайшлі, і працягвала лямантаваць, што я карэспандэнт, і мне трэба тэрмінова даць пасмажаную курыную нагу або кавалак сьвінога карку, і абавязкова — з бліном. Мне не хацелася — ні нагі, ні бліна, але і фанабэрыстай быць таксама не хацелася. Ага, грэбуеш намі, пераехала ў горад, нос задрала. У выніку раззлаваныя кабеты аднекуль з-пад стала выцягнулі курыную лапку, загарнулі ў блін, і працягнулі кабеце, тая — мне: «На, частуйся, сёньня ж сьвята!».

Іншая кабета заўважыла і пачала маўкліва выправаджваць нейкага нетутэйшага, які забрыў у загарадку і ўжо круціўся каля стала з пачастункамі, нібыта гэта для яго падрыхтавалі ўсе гэтыя грыбы, селядцы ды салаты. Яна глядзела на мужчыну, як тыя прадзеды, што ваявалі тут больш за семдзесят гадоў таму — на нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маўляў, ідзі, ідзі, акупант, не для цябе тут гатавалі з ночы прысмакі! А для каго? Для Іх!

Ленін паказвае за раку, але ніхто яму ня верыць

Пайшлі далей па загарадках, якія застылі ў трывожным чаканьні. Ад загарадкі да загарадкі перабягалі людзі, пыталіся шэптам: «Ідуць? Не ідуць?». Не, не, няма. Усе позіркі скіраваныя да плошчы, уся трывога акумуляваная ў пачатку імправізаванай вуліцы «падвор’яў». Ленін паказвае за раку, але ніхто яму ня верыць — зьявіцца Яны павінны не адтуль. Раптам нехта войкнуў: «Ідуць!». Вокамгненна загаласілі жанчыны з творчых калектываў, рванулі мяхі баянаў і акардэонаў акампаніятары, здаецца, і мяса на мангалах пачало больш спрытна і жвава смажыцца, круціцца ўсімі бакамі. Усё прыйшло ў рух, увесь сьвет разьвесяліўся! — Яны ідуць!

Нарэшце, зьмілаваліся над намі — ідуць! Вось яны — старшыня райвыканкаму, два яго намесьнікі, старшыня райсавету дэпутатаў, і нават — гляньце, людцы, з самой сталіцы дэпутат Палаты прадстаўнікоў! Ідуць, ідуць! Важныя такія, надзьмуліся, глядзяць налева-направа грэбліва. Там «Чарка на пасашок», там — «Цячэ вада ў ярок», сталы ломяцца ад прысмакаў, а гэтыя ўсё нечым незадаволеныя. Як ім і паложана. Старшыні сельсаветаў бадай пад ногі падаюць: «Заходзьце да нас, госьці дарагія!», з усіх бакоў цягнуцца рукі з талеркамі, напоўненымі прысмакамі.

каму – усьміхаліся, а паўз каго абыякава прайшлі

Hemos pasado (гішп.: Мы прайшлі — РС), як казаў той Франка. Усе свабодныя. От зараз можаце і частавацца, і піць, і есьці. Люд уздыхнуў, але не з палёгкай. Кіраўнікі «падвор’яў», яны ж — старшыні сельскіх саветаў, пачалі абмяркоўваць — як на каго глядзелі Яны, чые пачастункі бралі, а чыімі — грэбавалі, каму — усьміхаліся, а паўз каго абыякава прайшлі, чаму Іванаўна была не ў гуморы, а Максімавіча ўвогуле не было, чым яму не дагадзілі падначаленыя, што мо пакрыўдзіўся, а можа ў контрах ён з новым старшынёй, што не ўзялі яго на сьвята. Тым часам «простыя людзі» атрымалі сыгнал, і ўжо можна было бадзяцца па бярозавых загарадках, і частавацца там, чым Бог паслаў. А можа і ня Бог, а Яны.

…Яны былі добрымі насамрэч, хоць і рабілі суровы выгляд. Вечарам Яны далі людзям салют. На цэнтральнай плошчы, нягледзячы на холад, былі, мусіць, усе жыхары мястэчка. Пэнсіянэры, купкі падлеткаў, маладыя сем’і зь дзецьмі, якіх трымалі за рукі, і тымі, якія зьдзіўлена і няўцямна пазіралі з вазкоў. Цемра вакол, а мы чамусьці ня ў ложках. Некаторыя зь Іх таксама былі тут. Іх употайкі разглядалі і абмяркоўвалі.

салют давалі з даху райвыканкаму

«Глянь, Аляксандраўна купіла новае паліто, так пасуе ёй. Бач, усьміхаецца. І мужык зь ёй, і дзеці. А Сцяпанавіча няма. І Максімавіча няма. І начальніцы аддзела адукацыі, той, новенькай. А дзе старшыня райсавету? Казалі, быў тут, на тым баку плошчы?», — людзі перагаворваліся, круцілі галовамі, вышуквалі — ці ёсьць яшчэ сярод іх Яны. Дзе ўжо той салют? Я зьмерзла. І вось са сцэны пачалі лямантаваць, маўляў, увага, увага, зараз вам будзе салют! Усе пацягнуліся за мабільнымі і фотаапаратамі. Бабах, бабах, бабах! Ура, ура! Салют давалі з даху райвыканкаму. Ну, а адкуль жа яшчэ яго было даваць? Яны далі нам салют!

PS. У горадзе сустрэла знаёмую. Піша кандыдацкую, пра радовішчы нафты ў Прыпяцкім прагіне. Яна патлумачыла, што Прыпяцкі прагін — адмоўная тэктанічная структура: гэта ўся наша тэрыторыя, на якой мы жывём — паўднёвы ўсход Беларусі, усходняя частка Палесься. Не так і шмат тут нафты, у Прыпяцкім прагіне. Але эксплюатаваць у прагіне — доўга і даволі вынікова — можна, як паказваюць апошнія гады, ня толькі радовішчы карысных выкапняў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG