Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС абвяргаюць інфармацыю пра масаваую галадоўку ў Жодзінскай турме


Жодзінская турма, ілюстрацыйнае фота

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС адказаў на паведамленьні праваабаронцаў з арганізацыі абароны правоў вязьняў пра тое, што ў Жодзінскай турме трымаюць галадоўку да 20 чалавек.

«Паводле стану на 27 кастрычніка 2017 году ў турме № 8 знаходзяцца 4 асуджаныя, якія адмаўляюцца ад прыёму ежы. Прычынай адмовы зьяўляецца іх нязгода адбываць пакараньне ў камэрах, абсталяваных сыстэмай відэаназіраньня. Разам з тым усе чацьвёра рэгулярна ўжываюць наяўныя ў іх прадукты харчаваньня. Галадоўнікі знаходзяцца пад сталым наглядам мэдпэрсаналу папраўчай установы. Іх стан здароўя ацэньваецца як здавальняючы», — адзначаецца ў паведамленьні.

У МУС адзначаюць, што ўсе чацьвёра асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы (вымаганьне з прымяненьнем гвалту; злоснае хуліганства; збыт наркотыкаў, у тым ліку непаўналетнім, у складзе арганізаванай групы асобаў; злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі) і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўленьня волі — ад 8 да 15 гадоў.

«Усе яны былі пераведзеныя ў Жодзінскую турму на тры гады ў мэтах выкананьня судовых пастановаў за неаднаразовыя парушэньні рэжыму ўтрыманьня ў калёніях. За час адбыцьця пакараньня ў турме яны таксама шматкроць парушалі ўстаноўлены парадак знаходжаньня», — заяўляюць у МУС.

Пра галадоўку вязьняў жодзінскай турмы № 8, якіх утрымліваюць на турэмным рэжыме, паведамілі праваабаронцы з арганізацыі абароны правоў вязьняў «Новая плятформа інавэйшн». Паводле праваабаронцаў, у галадоўцы бяруць удзел да 20 чалавек. Гэта вязьні з камэр № 8–16, што на першым паверсе першага корпусу турмы.

Дзяжурны турмы № 8 лейтэнант Русак адмовіўся нешта паведамляць Свабодзе пра галадоўку і называць тэлефоны, па якіх можна спраўдзіць зьвесткі праваабаронцаў.

Што паведамляюць праваабаронцы

Як паведаміў раней Свабодзе кіраўнік «Новай плятформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка, праваабаронцам стала вядома, што «адзін з галадоўнікаў не прымаў ежу ўжо 30 дзён, цяпер ён, верагодна, у турэмным шпіталі, як і другі вязень. Нехта зь іх дамогся, каб прызначылі апэрацыю. Ці галадаюць гэтыя два вязьні, ня ведаем, але астатнія працягваюць галадоўку. Усяго галадала да 20 чалавек з розных камэр».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

«Патрабуюць нармальнага мэдычнага абслугоўваньня, скардзяцца на дрэнную ваду, якую немагчыма піць, на ежу, якую немагчыма есьці. Кажуць, што знаходзяцца ў камэрах з бэтоннай падлогай, што забаронена, але рамонту ня робяць. Што на вокнах усталявалі плястыкавыя шчыты, пасьля чаго амаль няма цыркуляцыі паветра і мала сьвятла. Што не даюць дзе сушыць рэчы, а ў камэрах ад сушкі рэчаў стаіць вільгаць, ды яшчэ і караюць за гэта. Патрабаваньняў нямала, але адміністрацыя амаль нічога ня робіць. Пра большасьць патрабаваньняў вязьням кажуць, што фінансавых магчымасьцяў няма, вось галадоўка і працягваецца», — удакладніў Андрэй Бандарэнка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG