Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саладуха і гульня ў нармальнасьць


Аляксандар Саладуха, архіўнае фота
Аляксандар Саладуха, архіўнае фота

Расейская дзяржаўная сымболіка на спартовай вопратцы беларускага поп-выканаўцы Аляксандра Саладухі робіцца навіной.

Ананім камэнтуе матэрыял: «Хоць зь японскім сьцягам, які сэнс гэтай навіны?».

Падобныя камэнтары ёсьць пад інфармацыяй іншых СМІ пра Саладуху і расейскі герб. Кшталту, «у мяне на джынсах сьцяг ЗША, на т-шотцы сьцяг Турэччыны, а на шапцы сьцяг Італіі». Маўляў, «а чым такі адметны герб Расеі?».

Дый сам Аляксандар Саладуха ў сваім камэнце для Белсату «адзначыў, што для яго не праблема насіць куртку з «Пагоняй» і ў бел-чырвона-белых колерах. Проста такой няма».

І сьпявак і ягоныя абаронцы робяць выгляд нібыта Расея — гэта проста адна з дзьвюх соцень дзяржаў, што ёсьць на плянэце.

Што «крым наш» не падзяліў у сваіх поглядаў грамадзян розных краін, у тым ліку Беларусі.

Такая сабе імітацыя нармальнасьці.

Беларускія ўлады разумеюць маштаб праблемы. Маштаб расколу ў беларускім грамадзтве што да стаўленьня да Расеі пасьля захопу ўкраінскіх Крыму і часткі Данбасу.

Напрыклад, расейскі фільм «Крым» не ідзе ў беларускі пракат. А нават разавы паказ у менскім Доме Масквы «Крыму» быў адменены з «тэхнічных прычын».

Яшчэ зусім сьвежая трывога ў Беларусі і суседніх краінах, выкліканая расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2017»: сыдуць ці ня сыдуць расейскія войскі?

Адна справа, калі з пазыцыі нармальнасьці разважае ананім, іншая, калі публічная асоба. У такім разе публічная асоба альбо не чытае навіны і ня ведае, што вакол адбываецца, альбо робіць сьвядомы накід на вэнтылятар грамадзкага розгаласу. Правакуе канфлікт.

У кожным разе, гісторыя з спартовай вопраткай Саладухі чарговы раз прадэманстравала, што Расея для Беларусі на ўзроўні масавай сьвядомасьці ня ёсьць нэўтральнай суседкай. Расея асацыюецца з трывогай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG