Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перададзеныя Расеяй Турэччыне крымскататарскія лідэры будуць жыць і працаваць у Кіеве


Ахтэм Чыйгоз (зьлева) і Ільмі Ўмераў.
Ахтэм Чыйгоз (зьлева) і Ільмі Ўмераў.

Намесьнікі старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Ільмі Ўмераў і Ахтэм Чыйгоз, вызваленыя і перавезеныя з Расеі ў Турэччыну, будуць жыць і працаваць у Кіеве.

Як сказаў у эфіры тэлеканалу «112» прадстаўнік Мэджлісу Рэфат Чубараў, у сталіцы Ўкраіны іх чакаюць на працягу некалькіх дзён. Паводле словаў Чубарава, перамяшчэньне Ўмарава і Чыйгоза з Расеі ў Турэччыну азначае, што ім забаронена жыць на радзіме — у анэксаваным Расеяй Крыме.

Чубараў паведаміў таксама, што цяпер вызваленыя павінны прайсьці мэдычнае абсьледаваньне ў Турэччыне.

Раней у сераду паведамлялася, што ўказы расейскага прэзыдэнта аб памілаваньні Ўмерава і Чыйгоза засакрэчаныя і не апублікаваныя. Паводле інфармацыі ўдзельнікаў перамоўнага працэсу аб вызваленьні лідэраў крымскіх татараў, гэта зьяўляецца «палітычным рашэньнем і вынікам перамоваў з удзелам Турэччыны і Ўкраіны».

27 верасьня Ільмі Ўмераў быў асуджаны падкантрольным Расеі судом у Крыме на два гады калёніі-пасяленьня паводле абвінавачваньня ў сэпаратызьме.

11 верасьня Ахтэм Чыйгоз быў асуджаны расейскім судом да васьмі гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 26 лютага 2014 году, зьвязаных са сутыкненьнямі паміж праўкраінскімі і прарасейскімі ўдзельнікамі мітынгу ў Сімфэропалі.

Пасля анэксіі Крыму расейскія ўлады прызналі Мэджліс крымскататарскага народу экстрэмісцкай арганізацыяй і забаранілі яго дзейнасьць.

Вызваліць Умерава, Чыйгоза і іншых крымскататарскіх палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў неаднаразова патрабавалі міжнародныя і расейскія праваабарончыя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG