Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты скардзяцца на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары і дзеяньні міліцыі


Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ)

Апазыцыйныя актывісты з Гомлю Ўладзімер Няпомняшчых, Віктар Рубцоў і Барыс Анікееў падалі скаргі на ўмовы ўтрыманьня і дзеяньні супрацоўнікаў Гомельскага ізалятару часовага ўтрыманьня і Чыгуначнага РАУС Гомлю.

Скаргі накіраваныя на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму, якому падпарадкаваны ізалятар, дзе актывісты адбывалі 5-суткавы арышт за акцыю салідарнасьці з журналісткай Ларысай Шчыраковай.

Уладзімер Няпомняшчых падаў таксама скаргу кіраўніцтву ізалятару на ўмовы ўтрыманьня:

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

«У камэры ёсьць кран для гарачай вады, але без гарачай вады. Гарбату падаюць халоднай. Чатыры дні я дамагаўся, каб далі пару аркушаў паперы напісаць скаргу на пастанову суду Чыгуначнага раёну. Толькі калі я дайшоў да начальніка, паперу выдалі».

Паводле Барыса Анікеева, незаконнымі былі дзеяньні супрацоўнікаў ізалятару, якія не дапусьцілі, каб сябры арыштаваных сустрэлі іх на волі пасьля адбыцьця тэрміну.

Барыс Анікееў
Барыс Анікееў

«Прыкладна за паўгадзіны да вызваленьня, — расказвае Анікееў Свабодзе, — нас зь Віктарам Рубцовым прымусілі выйсьці з камэраў з рэчамі, пасадзілі ў міліцэйскі мікрааўтобус і павезьлі ў Чыгуначны РАУС нібыта для нейкай гутаркі з начальствам. Але ж у пастанове суду Чыгуначнага раёну, апроч пяцісуткавага арышту, ніякіх паездак і гутарак не прадугледжвалася».

Віктар Рубцоў
Віктар Рубцоў

Барыса Анікеева, Уладзімера Няпомняшчага ды Віктара Рубцова 19 кастрычніка суд Чыгуначнага раёну на падставе міліцэйскіх пратаколаў пакараў 5-суткавым арыштам за акцыю ў падтрымку журналісткі Ларысы Шчыраковай. У канцы верасьня Шчыракову судзілі ў Гомельскім раённым судзе за супрацоўніцтва з польскім беларускамоўным тэлеканалам «Белсат». Яна прыйшла ў суд з таблічкай на шыі: «Я нячэсны журналіст». Няпомняшчых павесіў на шыю таблічку «5-я калёна — гэта Колін тата», Рубцоў — «Я нячэсны блогер», Анікееў — «Я адмарозак».

У Чыгуначным РАУСе палічылі, што гэта быў несанкцыянаваны пікет. Маёр міліцыі Віктар Сьцепаненка на падставе здымкаў на сайце «Гомельская вясна» склаў адміністрацыйныя пратаколы на актывістаў, а суд пакараў іх адміністрацыйнымі арыштамі — 5 сутак кожнаму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG