Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты ў Гомлі за салідарнасьць зь незалежнай журналісткай


Ларыса Шчыракова

У Чыгуначным судзе Гомля 19 кастрычніка адбыліся ажно чатыры адміністрацыйныя суды — за ініцыятыву салідарнасьці гамельчукоў зь незалежнай журналісткай-фрылансэркай Ларысай Шчыраковай, якую пры канцы верасьня судзілі ў Гомельскім раённым судзе за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

Барыса Анікеева, Уладзімера Няпомняшчых і Віктара Рубцова пакаралі арыштамі на 5 сутак, саму Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 575 рублёў за таблічку на шыі з надпісам: «Я — нячэсны журналіст».

Уладімер Няпомняшчых
Уладімер Няпомняшчых

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых не адмаўляў, што 28 верасьня, як і напісана ў пратаколе маёра міліцыі Чыгуначнага РАУС Віктара Сьцепаненкі, прыходзіў да суду Гомельскага раёну з таблічкай на шыі: «5-я калёна — гэта Колін тата».

«Я прыйшоў з такой шыльдачкай на шыі, бо за два дні да таго мне даслалі адміністрацыйны пратакол зь Менску за прыняцьце прысягі 8 верасьня на вернасьць Рэспубліцы Беларусь. Гэта ж нейкі маразм. Хадайнічаю, каб у суд выклікалі Аляксандара Лукашэнку, які публічна заяўляе, што такія, як я, зьяўляюцца „пятаю калёнаю“. Хацеў бы спытаць у яго: „Хто ў нас „пятая калёна“ — я, грамадзянін Беларусі, ці хто іншы?“ Я ж нікога нікуды не заклікаў, а выказаў толькі праз таблічку сваё меркаваньне».

Судзьдзя Яраслаў Парэмскі, які разглядаў адміністрацыйную справу за несанкцыянаваны пікет, адхіліў хадайніцтва.

Ня стаў судзьдзя выклікаць і складальніка пратаколу, маёра міліцыі Віктара Сьцепаненку, які на падставе здымкаў на сайце «Гомельская вясна» склаў адміністрацыйны пратакол пра несанкцыянаваны пікет каля суду Гомельскага раёну.

Няпомняшчых выказаў недавер судзьдзі Парэмскаму, але той адхіліў адвод. І паколькі сёлета Няпомняшчых удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым шэсьці — маршы «недармаедаў», то судзьдзя й прызнаў яго вінаватым у паўторным парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах цягам году і пакараў адміністрацыйным арыштам — на 5 сутак.

Барыс Анікееў
Барыс Анікееў

Падобнае пакараньне судзьдзя Аляксей Хлышчанкоў вынес Барысу Анікееву, а судзьдзя Яўген Шаршнёў — Віктару Рубцову. Анікееў у суд Гомельскага раёну прыходзіў з шыльдай «Я — адмарозак», Рубцоў — з шыльдай «Я — нячэсны блогер».

Віктар Рубцоў
Віктар Рубцоў

Актывісты прышлі ў суд з загадзя сабранымі для арышту валізкамі і заплечнікамі.

«Я ўзяў нават сала, часнык, цыбулю, каб ніякая зараза не прыставала», — тлумачыў міліцэйскай ахове ў судзе былы капітан міліцыі Няпомняшчых, калі тыя прыдзірліва надглядалі зьмесьціва заплечніка.

У Чыгуначным судзе Гомля судзілі і Ларысу Шчыракову. У суд Гомельскага раёну 28 верасьня яна прыйшла з шыльдай на шыі: «Я — нячэсны журналіст». З такой жа шыльдай Шчыракова прыехала 19 кастрычніка і ў суд Чыгуначнага раёну. На пытаньне судзьдзі Яўгена Шаршнёва, ці давярае яна суду, Шчыракова адказала, што не давярае ўвогуле беларускай судовай сыстэме, але паколькі незалежных судзьдзяў у краіне няма, то ня супраць, каб адміністрацыйны пратакол разглядаў дадзены канкрэтны суд.

Пры гэтым Шчыракова прасіла растлумачыць: якія такія незаконныя дзеяньні яна ўчыніла, павесіўшы на шыю таблічку з надпісам «Я — нячэсны журналіст»?

«Я б магла напісаць, што я маці. Ці, напрыклад, аматар піва, хоць піва я не ўжываю. Альбо, напрыклад, „Я — за здаровы лад жыцьця“. Але паколькі мяне сёлета дзевяць разоў судзілі, падумала, што я ўсё-ткі „нячэсная журналістка“. Я сябе так назвала і шыльду павесіла. Дык гэта — пікет? Што — чалавек ня можа цяпер назваць сябе так, як ён хоча? Я ж нікога не абражала, нецэнзурнай лексыкі не ўжывала. Я так сябе назвала. Канечне, у гэтым іронія, сарказм. З такой шыльдай я і цяпер прыйшла ў суд. Тая ж самая мізансцэна. Дык гэта пікет? То бок цяпер зьдзяйсьняецца правапарушэньне, высокі суд глядзіць на гэта і ніяк не рэагуе? Я — нячэсны журналіст, а ня хто іншы, не судзьдзя Шаршнёў. У парадку самакрытыкі я называю так сябе. Ці ўжо гэтае права ў гэтым канцлягеры ў нас адабралі?»

Пасьля апошніх слоў судзьдзя Шаршнёў зрабіў заўвагу журналістцы, заклікаўшы паводзіць сябе больш стрымана.

«Я хачу запытацца, — працягвала Шчыракова, — гэта парушэньне закону, калі чалавек сябе абазначае? У кожнага ёсьць сацыяльная роля. Я па сваёй наіўнасьці меркавала, што назваць сябе, павесіць на грудзі шыльду — гэтае права ў мяне яшчэ ёсьць. Я ня думала, што ў мяне як у грамадзянкі гэтае права ўжо адабралі».

Пасьля ўдакладненьня, ці сапраўды Шчыракова была 28 верасьня з шыльдай на шыі «Я — нячэсны журналіст» і дзе яна ўзяла шыльду, судзьдзя абвясьціў перапынак. А вярнуўшыся ў залю, агучыў пастанову: пакараць Ларысу Шчыракову штрафам у 25 базавых велічыняў — 575 рублёў. Заля адрэагавала на пастанову воклічам: «Ганьба!»

Прысутны на судах намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў лічыць, што арышты за салідарнасьць з журналісткай Шчыраковай і штраф ёй самой — гэта акцыя запалохваньня:

«Мне падаецца, што сёньняшнія арышты і штраф папярэднічаюць акцыі пратэсту, заплянаванай апазыцыяй на 21 кастрычніка ў Менску. Вялікай нагоды для прэвэнтыўных арыштаў няма, таму ўлады скарысталі падтрымку Шчыраковай, якая была амаль месяц таму каля суду Гомельскага раёну, каб ізаляваць гомельскіх актывістаў, ня даць ім паехаць у сталіцу на агульнарэспубліканскую акцыю. Заадно аштрафавалі і журналістку».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG