Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрошка з касьцёлам на жываце


Матрошка з катэдральным касьцёлам на жываце
Матрошка з катэдральным касьцёлам на жываце

З нашага савецкага герба РБ зьніклі, як вядома, серп з молатам. Але сельгаскультуры на месцы. А калі дадаць да іх бананы, ананасы… Дапусьцім, нарабіць сувэніраў такіх. Прыкольна будзе? Прыкольна. Тым больш намёк прысутнічае.

Аднак калі бязьвізавыя турысты павязуць ад нас толькі такія памяткі, ці будзе гэта сугучна рэчаіснасьці? Не, ня будзе. Прыкол застанецца прыколам, але вырасьце да несувымерных маштабаў. Мне так здаецца.

Вось чаму мы, ці паасобныя з нас, міжволі балесна рэагуем, калі сутыкаемся з эклектыкай, дысанансам, дрэнна спалучальнымі рэчамі. Рыцары пад гэтак званай «капустай», альбо яе прысутнасьць на нібы ахоўных шыльдах на гістарычных помніках. Уявіце сабе: царква ХІІ стагодзьдзя, а на ёй постсавецкі герб. Мавэтон яўны. І, самае галоўнае, усё з гэтым нармальна ж было: рыцарскі герб вісеў, якому сямсот гадоў. Замянілі.

Калі ў чалавека ёсьць галава на плячах, яму ясна, што гэты герб — сымбаль Беларусі калгаснай, не Беларусі ўвогуле. Беларусі пяцігодак, савецкай улады, гэтак званых камуністычных брыгад.

Ну, а зараз пра матрошкі.

На вуліцы караля Стэфана Баторыя ў Горадні ёсьць крама. Унутры абменны шапік. Побач пастаянна спыняюцца аўтобусы зь бязьвізавымі турыстамі — літоўцамі і палякамі.

Ёсьць там і вітрына з сувэнірамі. І бачу аднойчы бакавым зрокам — матрошак. «Гарадзенскіх» гэтым разам, з магніцікам. Ну, якое дачыненьне маюць расейскія матрошкі да каралеўскай Горадні? Ды паўсюдна іх сустрэць ужо сёньня можна, скажуць мне, не журыся…

Але я дазволю сабе працягнуць. На жываце кожнай матрошкі — нашы сымбалі. У адной зубар, у другой Каложа, а ў той, што ў цэнтры — славуты наш Фарны касьцёл. Ён зусім непадалёк стаіць, да слова.

Матрошка з каталіцкім храмам на жываце — гэта, як на мяне, яўны перабор.

Але матрошкі з крамы, напэўна, спадабаліся турыстам. Хаця мне яны здаюцца рыхтык псэўдагарадзенскімі.

Пры ўсім пры тым, большасьць сувэніраў, што прадаюцца, сапраўды адпавядаюць рэчаіснасьці, гісторыі, духу Горадні. І мне здавалася, што сумнеўная эклектыка — зьява ўчорашняга дня. Я памыляўся.

Некалі ў адной галерэі прадаваліся гліняныя званочкі а-ля сызранская старына. Нейкі расейскі майстар зарабляў выпрабаваным чынам: намаляваў на баку цэркаўку і пісаў, як выглядала, на сваёй прадукцыі назвы розных гарадоў. Кастрама, Волагда і гэтак далей. Вось і слова «Гродно» паявілася аднойчы, «от фени». Чалавек нават паленаваўся зазірнуць куды-небудзь: выява Каложы, напрыклад, храма ХІІ стагодзьдзя, рабіла б прадукцыю дакладна выйгрышнай. Сапраўдным сувэнірам. А навошта яму парыцца было? Галерэя ж спакусілася і прадавала турыстам такую лухту. Цэркаўкі з таго званочка ў Беларусі ніколі не было, я спраўдзіў, гэта была чыста расейская цэркаўка. Але пад выглядам сувэніру з Горадні.

Я паставіў кропку і зьнянацку ўявіў сябе ў люстэрку. Кіслы даволі выраз твару, хоць і «правільны»… Ну й навошта столькі «воцату», калі табе самому вядома, што горад затавараны сувэнірнымі вырабамі? Усе робяць «правільныя» магніцікі, і іх цяпер столькі, што турыстаў трэба ў сто разоў больш. І табе вядома, што кожны мастак мусіць тады вылузацца, каб зрабіць нешта зусім іншае. Вось чалавек матрошку з касьцёлам і прыдумаў. Так звычайна і робіцца, калі хочаш быць крэатыўным у нашыя часы.

Ну й сапраўды, даўно вядомыя матрошкі-Гарбачовы-Ельцыны-Клінтаны і гэтак далей. Я далей Оршы не бываў, але магу сабе ўявіць, што на радзіме расейскай матрошкі могуць існаваць матрошкі на тэму дня: напрыклад, ВВП, а ўнутры «бацька», ці наадварот. Такіх у нас ніхто абачліва рабіць ня стане, каб не «заляцець», ня дай бог. Але матрошку са Стэфанам Баторыем цалкам дазволіць сабе можна.

Ня кажучы ў Парыжы толькі што прадалі за 750 тысяч Джаконду з вусамі і барадой… Хаця мне такая і задарма не патрэбная была б (ат, зноў кіслы выраз твар ў цябе, братка).

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG