Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mark Formelle цяпер будзе аказваць фінансавую дапамогу арганізацыі, якая дапамагае жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту, і нават абяцае браць да сябе на працу кліентак «Радзіславы». Як на мяне, гэта вельмі цікавы паварот.

З аднаго боку, ёсьць спакуса забыць і пра тую самую рэкляму, вакол якой калісьці быў скандал, і пра пазыцыю кампаніі адносна Закону аб рэкляме (калі ў законе няма словаў «аб’ектывацыя» і сэксізм«, дык і саміх аб’ектывацыі і сэксізму ў рэкляме быць ня можа паводле вызначэньня), і пра відэа, у якім паўразьдзетыя мужчыны шылі ніжнюю бялізну і якое нібыта мусіла ўсіх памірыць, але выглядала як зьдзек, а не як выбачэньне. І вось цяпер «Mark Formelle» бярэ на сябе рэальныя абавязкі сапраўднай дапамогі жанчынам, якія апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.

З іншага боку, ёсьць спакуса безагаворачна абвінаваціць «Радзіславу» ў крывадушнасьці і супрацоўніцтве з «ідэалягічным ворагам», а на пытаньне «Дзе ж браць грошы на дапамогу жанчынам?» адказваць «Было б жаданьне, выкруціліся б!»

Наўрад ці можа быць нейкі адзіны правільны адказ на пытаньне, наколькі этычнай можна назваць цяпер дзейнасьць камэрцыйнай арганізацыі, якая адной рукой праяўляе сэксізм і зьдзекліва рэагуе на абурэньні з гэтай нагоды, а другой рукой аказвае сапраўдную дапамогу. На грошы, якія дасьць Mark Formelle, «Радзіслава» плянуе адкрыць псыхатэрапэўтычную групу для жанчын сталага ўзросту, якія пацярпелі ад гвалту, запусьціць штомесячныя трэнінгі жаночай самаабароны Wen-Do, забясьпечваць сваім кліенткам бясплатную юрыдычную дапамогу і ўдзел адвакатаў у судах.

Але ня варта забываць, што ні выбачэньняў за сэксісцкую рэкляму, ні выбачэньняў за зьдзеклівую камунікацыю пасьля, так і не было. «Радзіслава» сьцьвярджае, што адразу ж на перамовах выказала сваю пазыцыю і паведаміла, што падпісвала ліст з просьбай спыніць выкарыстаньне той рэклямы, і што прыёмы падвышэньня продажу, якія выкарыстоўвае Mark Formelle, супярэчаць каштоўнасьцям «Радзіславы». Нягледзячы на гэта, дамова ўсё адно была падпісаная. Я ня ведаю сапраўдных матываў дзейнасьці камэрцыйнай арганізацыі, але ня цешуся наіўнымі спадзяваньнямі, што гэта ўсё ад альтруізму і вялікай любові да жанчын.

Увогуле, праблема «правільнага» супрацоўніцтва зь «няправільнымі» арганізацыямі існуе шмат у якіх сфэрах. Я называю гэта праблемай, бо разумею, што людзі ў падобных сытуацыях апынаюцца перад дылемай і мусяць абіраць, што ім важней у гэты канкрэтны момант і ў пэрспэктыве. Наколькі этычна пісаць пра культуру і мастацтва для «Спутніка», ці дапушчальна выступаць у падтрымку дыктатара, калі ўлады абяцаюць дапамогу дабрачыннаму праекту, ці можна пісаць пра фэмінізм для глянца, калі ён на 90% напоўнены артыкуламі пра важнасьць дыет, касмэтыкі і «правільнага» замужжа? Мы ўсе самастойна абіраем межы, выходзячы за якія, людзі становяцца для нас «нярукапаціскальнымі».

Мне вельмі радасна ад таго, што ў «Радзіславы» цяпер ёсьць дадатковыя сродкі, але я не сьпяшаюся заяўляць, што Mark Formelle падзяляе фэмінісцкія каштоўнасьці. А ўсіх тых, хто хоча абвінаваціць «Радзіславу» ў здрадзе сваім ідэалам, я хачу папрасіць проста зараз перавесьці іх арганізацыі крыху альбо не крыху грошай. Чым больш мы зьбяром самі, тым менш яны будуць залежаць ад такога неадназначнага бізнэсу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG