Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт кіраўніка Польшчы. «Мы ўсе згодныя, што сёньня краіне неабходны большы бюджэт на абарону», — заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Павал Солах.
Ён дадаў, што такая неабходнасьць узьнікла ў першую чаргу з-за «нявызначанасьці ў сфэры бясьпекі ў рэгіёне».
У 2018-2019 гадах у Польшчы плянуецца выдаткоўваць на абарону 2% ВУП. У пачатку 2020-х гэтая доля вырасьце да 2,1%, потым яна будзе павялічвацца і дасягне прынамсі 2,5% ВУП да 2030 году.
Для параўнаньня: вайсковыя выдаткі Беларусі летась склалі 1.3% ВУП, Літвы і Латвіі — па 1.5%, Украіны — 3.8%, Расеі — 5.3%.
«Павелічэньне фінансаваньня бясьпекі падтрымліваюць практычна ўсе сілы ў польскім парлямэнце Гэта вялікі посьпех, што мы можам думаць аб бясьпецы на палітычным узроўні», — заявіў Солах.
Таксама Польшча плянуе павялічыць колькасьць вайскоўцаў — са 150 тысячаў да 200 тысячаў чалавек. Зь іх 150 тысячаў складуць вайскоўцы, 50 тысячаў увойдуць у атрады тэрытарыяльнай абароны, якія будуць адноўлены пасьля роспуску ў 2008 годзе.
Паводле дадзеных Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньняў праблемаў міру вайсковыя выдаткі Польшчы ў 2016 годзе складалі 2% ВУП.