Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захарка Васіль Іванаў. Нарадзіўся 1.04.1877 г. у в. Дабрасельцы Ваўкавыскага пав. Горадзенскай губ. (цяпер у Зэльвенскім р-не Горадзенскай вобл.) Памёр 14.03.1943 г. у Празе. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Сялянскі сын, пастушок, В. Захарка у 16 год асірацеў. Пад яго апекай засталіся малодшыя сястра і 2 браты. Да таго ж ён захварэў на сухоты. Аднак яму хапіла сілаў на працяглы час пазбыцца хваробы і самаадукацыяй дабіраць тое, што не атрымаў у маленстве. У 1895 ён здаў іспыт на званьне настаўніка царкоўна-прыходзкай школы. Панастаўнічаўшы, перад прызывам у войска папрацаваў і пісарам (мабыць, валасным).

У войска Захарку прызвалі ў 1898. Праслужыў ён 4 гады. Можна прачытаць, што падчас службы ён вытрымаў іспыт «па праграмі Юнкерскаго учылішча і расейскай гімназыі». Пішуць, што, звольніўшыся ў запас у афіцэрскім чыне, ён працаваў сакратаром губэрнскага праўленьня, а потым сакратаром бурмістра г. Пултуску (цяпер у Мазавецкім ваяводзтве, Польшча).

На пачатку расейска-японскай вайны (1904) Захарку зноў мабілізавалі. На службе ён заставаўся да 1917 і даслужыўся да рангу штабс-капітана, што давала яму права на асабістае дваранства.

Можна прачытаць, што Вялікая рэвалюцыя засьпела Захарку ў Барысаве. У кастр. 1917 ён браў удзел у зьезьдзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту і быў дэлегаваны ў склад Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У тыя самыя дні яго абралі сябрам Выканаўчага Камітэту Вялікай Беларускай Рады, а ў сьн. ён стаў сакратаром ЦБВР. Ці ня ў той час уступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Актыўны ўдзельнік Усебеларускага Зьезду, ён увайшоў у склад яго Рады. За патрыятычную дзейнасьць у ноч з 31.01 на 1.02.1918 бальшавікі Захарку арыштавалі. Разам з К. Езавітавым у ноч з 18 на 19.02 ён уцёк з гаўптвахты.

Сябар Рады Усебеларускага Зьезду, 19.03.1918 Захарка стаў сябрам Рады БНР. З 1.05.1918 ён уваходзіў у Фінансавую камісію Рады, а ў чэрв. стаў сябрам Надзвычайнай бежанскай калегіі. Можна прачытаць, што Захарка быў сябрам 1-га Ўраду Беларусі, але гэта ня так. Да 29.03 ён заняў пасаду скарбніка (казначэя) Рэспублікі. Як скарбнік, у час адсутнасьці народнага сакратара фінансаў падпісваў за яго дакумэнты, як тое было 26.04.1918. Народным жа сакратаром фінансаў Захарка стаў 23.07 у кабінэце І. Серады. У свой кабінэт запрасіў Захарку і А. Луцкевіч. 22.11.1918 ён заняў пасаду міністра без партфэля, загадчыка фінансаў БНР.

Калі ў сьн. 1918 да Менску наблізіліся бальшавікі, Захарка разам з іншымі сябрамі Рады і Ўраду БНР спачатку выехаў у Вільню, а з 27.12 жыў у Горадне і займаў з Луцкевічам адзін нумар у гатэлі «Мэтраполь». З Луцкевічам ён накіроўваў польскім уладам ноты пратэсту супраць іх захопніцкай палітыкі, а таксама апэляваў да прадстаўнікоў ЗША і краінаў Антанты.

29.01.1919 усьлед за А. Смолічам Захарка выехаў ва Ўкраіну ў справе атрыманьня крэдыту ад ураду УНР. Разам са Смолічам і А. Цьвікевічам з Украіны ён выехаў у Нямеччыну і ўжо ў сак. быў у Бэрліне. «З прычыны нездароўя» 22.05 міністра без партфэля Захарку на ягоную просьбу вызвалілі ад загадваньня міністэрствам фінансаў, але з таго часу, калі гэтую пасаду прыме новая асоба. Застаўшыся загадчыкам фінансаў, Захарка (у сувязі з выездам Смоліча з Бэрліну) у той самы дзень атрымаў прызначэньне на пасаду часовага намесьніка старшыні Рады Міністраў БНР.

Пасьля ад’езду Луцкевіча на мірную канфэрэнцыю ў Парыж ён стаў фактычным кіраўніком Ураду БНР. Пад яго старшынствам праводзіліся пасяджэньні і нарады Рады Міністраў і дыпляматычных прадстаўнікоў БНР. Але атрыманых паўнамоцтваў яму было мала, і ён наракаў, што зьяўляецца толькі часовым намесьнікам старшыні Ўраду і ня мае паўнамоцтваў міністра замежных спраў.

У самым канцы лета 1919 абставіны перамяніліся. У Бэрлін прыехаў літоўскі міністар беларускіх спраў Я. Варонка. І Захарка азнаёміў яго з бээнэраўскай таемнай дыпляматычнай перапіскай. Мала таго, ён прапанаваў кандыдатуру Варонкі на прадстаўніка БНР у Лёндане.

3.10 Луцкевіч вызваліў Захарку ад абавязкаў часовага намесьніка старшыні Ўраду, тым больш што 2.09.1919 у лісьце да прэм’ер-міністра Захарка сам прасіў вызваліць яго ад гэтых абавязкаў (пэўна, у разьліку, што Луцкевіч такі крок ня ўчыніць). У выніку Захарка застаўся толькі на пасадзе загадчыка фінансаў (скарбніка) БНР і в. а. міністра фінансаў.

Такім чынам, закалот 13.12.1919 у Радзе БНР быў выкліканы ня толькі тым, што сацыялісты-фэдэралісты (Захарка, П. Крачэўскі ды інш.) і сацыялісты-рэвалюцыянэры да вырашэньня праблемаў дзяржаўнага будаўніцтва падыходзілі інакш, чым сацыял-дэмакраты Луцкевіч, Смоліч ды інш., але і тым, што ўзьнік міжасабовы канфлікт.

1.12.1919 Захарка з Крачэўскім і Я. Бялевічам прыехалі ў Менск. Захарка браў удзел у пасяджэньнях Рады Міністраў, а 13.12 на пасяджэньні Рады БНР адбыўся раскол. Радныя — эсэры і эсэфы — абралі Захарку намесьнікам старшыні Рады. 15.12 на пасяджэньні кабінэту міністраў, якое вёў Луцкевіч, Захарка заявіў, што «лічыць Урад А. Луцкевіча неправамочным і адмаўляе послуху яму». Ён заявіў таксама, што «грошы, кнігі і рахунковасьць, якія знаходзяцца ў яго руках, ён кабінэту Луцкевіча ня выдасьць».

Вядома, што польскія ўлады арыштоўвалі радных, якія адкрыта выказвалі варожасьць да Польшчы. Захарку, як і Крачэўскаму, удалося пазьбегнуць арышту. На пачатку 1920 яны зноў былі у Бэрліне. Тым часам старшыня сфармаванага 13.12.1919 паралельнага кабінэту В. Ластоўскі выклікаў іх у Рыгу.

У канцы тр. 1920 у Рызе Захарка браў удзел у працы арганізацыйнага бюро дзеля скліканьня Дзяржаўнай нарады ў Рызе і ў нарадах Прэзыдыюму Рады і Рады Народных Міністраў БНР. У тыя самыя дні было вырашана накіраваць Надзвычайную дыпляматычную місію БНР у Маскву. Ластоўскі спадзяваўся, што бальшавікі ня толькі прызнаюць БНР, але і дадуць дзяржаўную пазыку ў суме 50 мільёнаў рублёў. Меркавалася, што ў Маскву паедуць Захарка, М. Маркевіч і Я. Чарапук, але ў Расею ад БНР упусьцілі аднаго Захарку; Маркевіч выехаў у Маскву як прадстаўнік беларускіх эсэраў, а Чарапук мусіў застацца ў Рэвэлі (цяпер Талін, Эстонія). У Маскве Захарку чакала поўнае расчараваньне. Бальшавікі ані ня думалі прызнаваць БНР, а 12.07 яны падпісалі мірны дагавор зь Літвой і на правах гаспадароў аддалі ёй значную частку Паўночна-Заходняй Беларусі (землі Горадзенскага, Лідзкага, Ашмянскага, Сьвянцянскага і Новааляксандраўскага паветаў). Захарку нічога не заставалася, як скласьці ноту пратэсту.

11.08.1920 бальшавікі падпісалі мірны дагавор з Латвіяй, аддаўшы ёй Дзьвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы, а таксама 2 воласьці Дрысенскага павету.

У лістап. 1920 Прэзыдыюм Рады і Ўрад БНР мусілі перабрацца ў сталіцу Літвы Коўна. Абраўшы літоўскую арыентацыю, Захарка разам з Крачэўскім і К. Дуж-Душэўскім патрабавалі 13.03.1921 ад Найвышэйшай Рады БНР «адрачыся голасна ад змоў і супольнай працы з палякамі». Нават калі межы дзяржаў стабілізаваліся і ў 1922 былі абвешчаныя выбары ў Сойм і Сэнат Польскай Рэспублікі, Захарка з Крачэўскім выступілі супраць удзелу беларусаў у выбарчай кампаніі. Яны былі ўпэўненыя, што правам прадстаўляць беларускі народ надзелены толькі Рада і Ўрад БНР. Пры гэтым яны спасылаліся на рашэньні Ўсебеларускай палітычнай канфэрэнцыі, якая адбылася ў верас. 1921 у Празе і на якой Захарка быў віцэ-старшынёю. Канфэрэнцыя прыняла таксама рэзалюцыю і ў віленскім пытаньні.

Калі на Генуэзскай канфэрэнцыі у тр. 1922 Ластоўскі і Цьвікевіч прызналі права Літвы на Вільню, Захарка, як і Крачэўскі, выказаўся за адстаўку Ластоўскага з пасады прэм’ера. Да лета 1923 яны ўдвох па сутнасьці ўзялі на сябе паўнамоцтвы Прэзыдыюму Рады БНР. Пасьля таго, як 23.08.1923 г. быў сфармаваны кабінэт Цьвікевіча (Захарка стаў у ім в. а. міністра фінансаў), супраць гэтага рашэньня выступілі яшчэ 2 сябры Прэзыдыюму — сацыялісты-рэвалюцыянэры П. Бадунова і Я. Мамонька. У «Извещении» Бюро Цэнтральнага Камітэту Беларускай партыі эсэраў і ў «Извещении», напісаным Ластоўскім і Дуж-Душэўскім, абвяшчалася, што Рада Міністраў перастала існаваць, а Прэзыдыюм Рады БНР распаўся.

Але трохі раней (у верас. 1923) Прэзыдыюм Рады і Ўрад прынялі пастанову аб пераносе дзяржаўна-нацыянальнага цэнтру ў Прагу, бо да гэтага часу выявілася памылковасьць курсу на саюз зь Літвой. Паколькі Ўрад БНР ня мог у Празе дзейнічаць афіцыйна, Захарка з Крачэўскім і Цьвікевічам стварылі там Беларускую Нацыянальную Раду.

Якраз у 1923 у ССРБ пачаліся «беларусізацыя», «каранізацыя», а ў 1924 Расея вярнула ў склад Беларусі частку яе ўсходніх земляў. У асяродзьдзі эмігрантаў гэта нараджала прасавецкія настроі. Гэтыя настроі падагравалі бальшавіцкая агентура і камандзіраваныя бальшавікамі менскія эмісары.

12–16.10.1925 у Бэрліне прайшла ІІ Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя. Але яна ня мела практычнага значэньня. Практычнае значэньне мела пастанова Рады Народных Міністраў ад 15.10.1925, якую падпісаў і Захарка. Урад БНР абвяшчаў сябе «зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць». Другую пастанову («спыніць існаваньне Ўраду БНР і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі») падпісвалі ўжо прыватныя асобы, і Захаркаў подпіс пад ёй адсутнічае. Бальшавіцкія эмісары, якія прыехалі ў Бэрлін «для прыйма мандатаў БНР», іх не атрымалі, бо пастанова аб перадачы мандатаў БНР ураду ССРБ так і не была прынятая.

Як пісаў Луцкевіч, ад Ураду БНР засталіся два асколкі: Захарка і Крачэўскі. Калі ў 1928 Крачэўскі памёр, Захарка ўзяў на сябе абавязкі старшыні Рады БНР, каб перад сваёю сьмерцю перадаць дзяржаўную пячатку і архіў Рэспублікі М. Абрамчыку і Л. Геніюш.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG