Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка: Тарыфы на ацяпленьне трэба падняць у 6 разоў, каб энэргетыкі не працавалі ў мінус


Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка

Віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімер Сямашка заявіў, што насельніцтва за спажываную цеплавую энэргію ў зімовы час плаціць толькі 16,8% ад сабекошту. Для таго, каб энэргетыкам выйсьці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф неабходна павысіць у шэсьць разоў, паведамляе БелТА.

«Хто вытрымае гэта, калі ў адзін момант падняць так тарыф? Менавіта на гэты момант зьвярнуў увагу кіраўнік падчас рэспубліканскага сэмінару аб удасканаленьні і разьвіцьці ЖКГ і паставіў нам задачу рабіць гэта паэтапна, гэта значыць па меры росту заробкаў, памеру пэнсіяў. Над вырашэньнем гэтай задачы мы і будзе цяпер працаваць», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.

Пакуль энэргетыкі кампэнсуюць выдаткі за кошт перакрыжаванага субсідаваньня — для прадпрыемстваў ацяпленьне значна даражэйшае, чым для насельніцтва. Ліквідацыя перакрыжаванага субсідаваньня дазволіць зьнізіць фінансавую нагрузку на рэальны сэктар эканомікі, паменшыць сабекошт выпускаемай прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасьць, лічыць віцэ-прэм’ер.

20 кастрычніка падчас рэспубліканскага сэмінару «Аб удасканаленьні і разьвіцьці жыльлёва-камунальнай гаспадаркі» Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу, каб тарыфы расьлі на 5 даляраў за год. Лукашэнка выказаўся супраць таго каб «бударажыць насельніцтва размовамі аб стоадсоткавай кампэнсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня».

«Гэта пытаньне ў тым ліку і палітычнае. Сьпешка тут недапушчальная. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энэргетыкі, тыя, хто ваду падае, не „жыравалі“ і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэньне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стоадсоткавую аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампэнсацыі будзе вельмі высокім. Можа быць, і 90%», — адзначыў Лукашэнка.

Раней намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведаміў, што з улікам дзьвюх індэксацый і заплянаванага ад 1 студзеня 2018 году павышэньня платы за жыльлёва-камунальныя паслугі ў межах 5 даляраў беларусы будуць аплачваць «камуналку» на 100% за выключэньнем выдаткаў на цеплавую энэргію.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG