Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадрыд уводзіць наўпроставае кіраваньне ў Каталёніі


Кіраўнік ураду Гішпаніі Марыяна Рахой

Мадрыд уводзіць наўпроставае кіраваньне ў Каталёніі. Пра гэта абвясьціў кіраўнік ураду Гішпаніі Марыяна Рахой. Ён паведаміў, што паўнамоцтвы рэгіянальнага ўраду цалкам пераходзіць яго кабінэту.

Прэм’ер-міністар падкрэсьліў, што ўрад Каталёніі павінен быць распушчаны, а новыя выбары трэба правесьці на працягу бліжэйшых шасьці месяцаў.

Раней Рахой правёў экстраннае пасяджэньне кабінэту ў справе ўрэгуляваньня крызісу вакол рэгіёну. Міністры абмеркавалі захады, якія абмяжуюць самакіраваньне аўтаноміі. Цяпер Мадрыд упершыню дае ход артыкулу канстытуцыі, які дазволіць яму ўвесьці ў рэгіёне наўпроставае кіраваньне.

10 кастрычніка кіраўнік Каталёніі Карлэс Пудждэмон абвясьціў, што правінцыя атрымала права на незалежнасьць па выніках рэфэрэндуму, але адклаў яе афіцыйнае абвяшчэньне. Пасьля гэтага ўрад Гішпаніі выставіў Каталёніі ўльтыматум. Мадрыд патрабаваў патлумачыць, абвясьціла Каталёнія аб незалежнасьці ці не. Каталёнскія ўлады ў адказ заклікалі цэнтральнае ўрад да дыялёгу.

Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90 працэнтаў тых, хто прыняў удзел у галасаваньні. Яўка, па дадзеных каталёнскіх уладаў, склала 43 працэнты ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Мадрыд абвясьціў галасаваньне незаконным. Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца ў Эўракамісіі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG