А ў суседняй Сьвіслачы сёлета ня будзе сьвята, прысьвечанага паўстанцам Каліноўскага. Упершыню арганізатары вырашылі адмовіцца: колькі можна пад міліцэйскімі відэакамэрамі сьвяткаваць? А потым вечна пратаколы, суды, штрафы. Дваццаць гадоў зьбіраліся патрыёты на паўстанцкі фэст з розных гарадоў, калі больш, калі менш, але традыцыя трывала. За гэты час на штрафы можна было б, хто ведае, пабудаваць новы будынак для міліцыі…
Я злучыў дзьве гэтыя навіны — выбух самагоннага апарату і вымушаную адмову ад грамадзкага сьвята. У суседніх гарадах гэта.
Выбухнуў апарат, прыехаў, само сабой, варанок. А тым часам міліцыянты Ваўкавыску і Сьвіслачы нярэдка плячо ў плячо змагаюцца з самагоншчыкамі. Існуе пэўная традыцыя хаваць апараты ў лесе на мяжы двух раёнаў. Разьлік які? Што ня трапісься ні тым, ні другім. Аднойчы яны рабілі супольную засаду. Доўга пільнавалі. Вымерзьлі, але дачакацца ня здолелі. У зводцы паявілася паведамленьне: «было прынятае рашэньне аб зьнішчэньні брагі проста на месцы і аб утылізацыі міні-заводу».
Хаця здараліся і шчасьлівыя хвіліны ў супольнай барацьбе. Аднойчы знайшлі апарат і цэлае мора брагі — шэсьць тысяч літраў. І вылічылі гаспадара — беспрацоўнага з Ваўкавыску. Я там ня быў, але напэўна ж падстава адзначыць прысутнічала не абы-якая.
Калі шчыра, у сьвіслацкай міліцыі заўсёды толькі два клопаты: самагоншчыкі, якія даймаюць круглы год, і патрыёты, зь якімі змагаюцца пры канцы кастрычніка звычайна. Райцэнтар маленькі, адна вуліца доўгая і некалькі карацейшых. Насельніцтва невялікае. Так што ніякай асаблівай злачыннасьці, каб не самагонныя апараты. Нічога ня зробіш — Белавеская пушча пад бокам. Адвечная міліцэйская руцінная праца — выкрываць «ачагі». Паказвалі мне калісьці ў мясцовым РАУС здымкі: зрашэчаныя з «макаравых» і нават «калашнікавых» ёмістасьці ў лесе, дзе выраблялася «карчоўка». Праца нярэдка выглядала на сізіфаву. Бо асаблівасьць у чым? Частку самагонных апаратаў міліцыянты канфіскоўвалі, іншыя пакідалі ў пашкоджаным выглядзе. І самі прызнаваліся: варта пакінуць, дбайны беларус залітуе ўсе адтуліны кулявыя і працягне на новым месцы.
Нярэдка ў зводкі трапляюць жыхары вёскі Новы Двор, у навакольлі якой нядаўна шукалі зьніклага хлопца. Традыцыі ў тых мясьцінах не перарываюцца. Адна з самых апошніх міліцэйскіх удач — перасоўны апарат, які належаў жыхару Сьвіслацкага раёну. Цяжка было выкрыць, задаволена прызнаваліся міліцыянты. Самагонка варылася ў кузаве грузавіка, які пастаянна мяняў месца дысьлякацыі ў Белавескай пушчы.
У мяне няма апошняй статыстыкі, але бывалі гады, калі на Гарадзеншчыне зьнішчалі нават 649 самагонных апаратаў. І, будзьце пэўныя, змагарны даробак сьвіслацкіх людзей з пагонамі ў гэтай лічбе таксама важка прысутнічаў.
І вось я падыходжу да лягічнай высновы: раней міліцыянты ў Сьвіслачы раз на год мелі «культурнае» мерапрыемства — фэст памяці паўстанцаў Каліноўскага. Хоць раз можна было адарвацца ад змаганьня з самагонкай і самагоншчыкамі. А цяпер і гэтага ня будзе: адны суцэльныя апараты ў пушчы…
З другога боку, для міліцыянтаў палёгка: бо хіба прыемна ім самім было складаць тыя пратаколы, сьведчыць у судзе і атрымліваць заахвочваньне ад начальства за штрафы людзям, якія нічога дрэннага не рабілі, толькі за тое, што шануюць сваю гісторыю, сваіх продкаў, сваіх герояў?
А з трэцяга, райцэнтар зноў пагружаецца ў сваё санлівае, малацікавае жыцьцё. Так хоць людзі новыя прыяжджалі раз на год, а зараз і гэтага ня будзе. Фэст узьнімаў і само мястэчка, і, трэба думаць, людзей з пагонамі. Усё ж: зьмеявік і біяграфія Каліноўскага — рознага ўзроўню веды. А застаўся адно зьмеявік. Тым часам высокае начальства патрабуе разьвіваць турызм. Больш за тое — зарабляць з турызму.
Я спрабую распаліць сваю фантазію, уявіць сабе, як пры канцы кастрычніка ўлады арганізуюць сьвята, прысьвечанае каліноўцам, бяруць усё ў свае рукі, рэклямуюць яго ў сталічных рупарах, заклікаюць прыяжджаць.
І вось мы ў Сьвіслачы новай, якая нарэшце прачнулася. Дзясяткі аўтобусаў з турыстамі, музэйчык не вытрымлівае экскурсантаў, якіх цікавіць мінулае мястэчка, паўстанцкія дзеі, героі тых часоў. На пляцы кірмаш, шашлыкі, продаж сельгаспрадукцыі, часовыя пабы ад усіх піўзаводаў. Тэатралізаваная пастаноўка: Каліноўскі і паплечнікі. Пісьменьнікі выступаюць! У перасоўнай, на калёсах, друкарні адбіваюць «Мужыцкую праўду», каштуе нядорага. І гэтак далей. Сьвіслач мае ўнікальную магчымасьць, якую стараюцца пакуль «закапаць».
Няхай прыедуць пяцьсот чалавек і пакінуць у пераліку па дзесяць-дваццаць баксаў, хіба гэтыя грошы былі б лішнімі маленькаму райцэнтру? Колькі можна разьлічваць не на добраахвотныя грошы з кішэні беларусаў, а на штрафы за любоў да Каліноўскага?
Тым больш, што сёлета іх ня будзе.
Наогул, колькі можна забараняць, не дазваляць? «Не пушчаць»? Хіба начальства для гэтага зроблена? Людзям трэба, наадварот, спрыяць, дапамагаць. Падтрымліваць іх. Хіба ў 2017 годзе гэта такая навіна? А пакуль, як вядома, многія пабойваліся прыяжджаць у Сьвіслач на фэст. І гэта цалкам зразумела: калі вас чакае не начальства з хлебам-сольлю, а міліцыянты з рацыямі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.