Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Упершыню пра такое чуем». Беларускія спартоўцы — пра абвінавачваньне Шчэрбы ў згвалтаваньні


Тацяна Гуцу на летніх Алімпійскіх гульнях у 1992 годзе
Тацяна Гуцу на летніх Алімпійскіх гульнях у 1992 годзе

Знакамітая ў мінулым украінская гімнастка Тацяна Гуцу напісала ў Facebook, што 26 гадоў таму яе згвалціў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба, пазьнейшы шасьціразовы алімпійскі чэмпіён. Апытаныя карэспандэнтам Свабоды беларускія трэнэры і спартоўцы, якія ведалі Гуцу і Шчэрбу, выказваюць зьдзіўленьне гучнымі абвінавачваньнямі.

«Магчыма, дзяўчыне нешта іншае цяпер нахлынула»

Намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі, старшы трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі па гімнастыцы і алімпійская чэмпіёнка 1972 году Антаніна Кошаль ня верыць, што Віталь Шчэрба мог згвалціць украінскую спартоўку Тацяну Гуцу.

«Пра гэта ніхто ніколі ня чуў. Калі б гэта адбылося ў тыя гады, то яно магло б усплыць, дзяўчаты маглі б міжсобку параіцца, пагутарыць, і нешта б усё роўна ўсплыло. Я думаю, што таго, у чым абвінавачваюць Віталя, проста не было і не магло быць. Гэта проста мода такая, праз 27 гадоў успамінаць тое, чаго не было. Я, ва ўсякім разе, у такое ня веру».

Паводле Гуцу, інцыдэнт адбыўся падчас спаборніцтваў у Штутгарце ў 1991 годзе. Ёй тады было 15 гадоў, а Шчэрбу — 19. Антаніна Кошаль кажа, што падчас спаборніцтваў у спартоўцаў «галава баліць пра выступ, а не пра нешта іншае».

Не сустракала такога, каб перад спаборніцтвамі дзеці маглі нечым займацца, а не настройвацца на адказныя выступы.

«Я цягам усёй сваёй спартовай дзейнасьці не сустракала такога, каб перад спаборніцтвамі дзеці маглі нечым іншым займацца, а не настройвацца на адказныя выступы. Тым больш у той час, калі на пачатку 90-х ішлі адборы на Алімпійскія гульні. Дый у любы іншы час я не магу паверыць у магчымасьць такога інцыдэнту. Тым больш, калі б такое адбылося, напэўна, трэба было адразу пра гэта казаць. А не праз 27 гадоў», — кажа трэнэрка і былая гімнастка.

Антаніна Кошаль дадае, што добра ведала Віталя Шчэрбу.

«Магчыма, дзяўчыне нешта іншае цяпер нахлынула. І яна нейкім чынам хоча зганьбіць ці падвесьці Віталя. У прынцыпе, у гэтым пляне Віталь заўсёды быў сур'ёзным спартоўцам, я яго ведаю, ён жа беларускі. І ніколі пра яго ніякіх такіх чутак адносна дзяўчат не хадзіла наогул. Не хачу ў гэта верыць і не паверу».

Віталь Шчэрба на Алімпіядзе-1996
Віталь Шчэрба на Алімпіядзе-1996

«Тады пры стырне зборнай быў Леанід Аркаеў, жалезная дысцыпліна»

Заслужаны трэнэр Беларусі, цягам 20 гадоў галоўны трэнэр Беларусі, а цяпер пэнсіянэр Віктар Дойлідаў быў трэнэрам Івана Іванкова, які ў 1991 годзе выступаў у маладзёжнай зборнай, а Віталь Шчэрба быў тады ў зборнай СССР. Ён сказаў, што ўпершыню чуе пра тое, што Віталь мог згвалціць Тацяну Гуцу.

«На падмаскоўнай базе зборнай „Круглае“ гімнасты разам бачацца, што моладзевая зборная, што асноўны склад, і ўсё роўна нейкія чуткі хадзілі б. Але я нават ня чуў, што ў Віталя нейкія адносіны былі з Гуцу», — кажа заслужаны трэнэр.

Дойлідаў так пракамэнтаваў абвінавачаньні Гуцу на адрас былых партнэраў па камандзе Тацяны Торапавай і Рустама Шарыпава, што калегі, маўляў, ведалі пра згвалтаваньне і не заступіліся за яе:

«Рустама Шарыпава я выдатна ведаю, добры, чэсны хлопец, алімпійскі чэмпіён у практыкаваньнях на брусах. Мы нават сябравалі ў свой час. А Торапаву я ня ведаю. Таму я проста першы раз ад вас чую».

Дойлідаў кажа, што зь Віталём Шчэрбам іншым разам гутарыць праз скайп. У Шчэрбы свая школа ў Лас-Вэгасе.

У Шчэрбы заўсёды было шмат паклоньніц, якія, шчыра кажучы, самі маглі яго згвалціць.

«Я наогул у гэта ня веру. І потым, што азначае згвалціць дзяўчыну?! Гэта азначае, што яе трэба біць ці каб нехта яе трымаў. Віталь ніколі гэтым не займаўся, у яго заўсёды было многа паклоньніц, якія, шчыра кажучы, самі маглі яго згвалціць. Ён быў сымпатычны хлопец, выглядаў шыкоўна, меў імя. У 1992 годзе 6 залатых алімпійскіх мэдалёў, дый дагэтуль ён быў у зборнай на першых ролях. Ён не пакутаваў ад таго, што ў яго не было ўвагі з боку жаночага полу.

А наколькі я памятаю Гуцу, яна не такая ўжо прыгажуня, каб ён па ёй паміраў. Я наогул ня чуў, каб у іх былі нейкія адносіны. Віталя я ведаю добра, я ня думаю, што Віталь мог перайсьці гэтую рысу. Таму тое, што піша Гуцу, гэта проста лухта. І чаму яна раптам цяпер гэта згадала? Значыць, ёй нешта выгадна».

Дойлідаў кажа, што ў 1991 годзе ў Штутгарце быў чэмпіянат сьвету, а каля стырна зборнай СССР быў Леанід Аркаеў, які ўсталяваў жалезную дысцыпліну.

«Там мышка ня піскне. Зрабіць такое ў Штутгарце, дзе ўсім кіраваў Аркаеў, гэта проста немагчыма. Гэта азначае быць самагубцам. Там нават калі ты выйшаў у прыбіральню ноччу і вярнуўся, то ўсе пра гэта ведалі. Таму ўсё гэта лухта, і я ня веру ніводнаму слову Гуцу».

«Чаму Корбут столькі маўчала, а потым напісала, што яе Кныш згвалціў?»

Алімпійская чэмпіёнка-1988 Сьвятлана Баітава была ў зборнай СССР шэсьць гадоў і выступала разам з Тацянай Гуцу, добра яе памятае. Цяпер яна працуе трэнэрам у Магілёўскім палацы гімнастыкі.

Суразмоўца Свабоды ўпершыню чуе пра тое, што Віталь Шчэрба мог згвалціць Гуцу і што Тацяна раней ніколі пра гэта не расказвала.

Можа, папулярнасьці хочуць, грошай? Я ня ведаю. Калі пра чалавека забываюцца, хочуць, каб пра яго ўспомнілі.

«Хто яго ведае, чаму цяпер яна пра гэта заявіла. Чаму Корбут столькі маўчала, а потым таксама і кнігу напісала, і вялікі артыкул, што яе таксама Кныш згвалціў? Хто яго ведае? Можа, папулярнасьці хочуць, грошай? Я ня ведаю. Калі пра чалавека забываюцца, хочуць, каб пра яго ўспомнілі».

Пра Тацяну Гуцу Сьвятлана Баітава кажа: «Маленькая, худзенькая, харошанькая дзяўчынка».

«Яна нашмат маладзейшая была за мяне. Нічога дрэннага я пра яе сказаць не магу».

Сьвятлана Баітава добра ведала і Віталя Шчэрбу.

«Я не сказала б, што ён там нейкі маньяк. Гэта нармальны хлопец быў. І тады ніякіх размоў не было. Мы тады дзеці былі. Я першы раз ад вас гэта чую, што такі інцыдэнт быў. Гэта вам лепш ужо ў яе спытаць», — кажа былая гімнастка.

Украінская чэмпіёнка кажа, што падасьць у суд на Шчэрбу за згвалтаваньне

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG