Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўную брытанскую літаратурную прэмію атрымаў «новы Вонэгут»


Джордж Сондэрс
Джордж Сондэрс

Амэрыканскі пісьменьнік Джордж Сондэрс атрымаў Букераўскую прэмію за дэбютны экспэрымэнтальны раман «Лінкальн у бардо».

Як адзначае Бі-Бі-Сі, Сондэрс стаў другім запар амэрыканскім пісьменьнікам, які выйграў гэтую прэмію. Першым быў Пол Біці, які атрымаў узнагароду за раман «Распродаж» у мінулым годзе.

Раман Сондэрса апавядае пра амэрыканскага прэзыдэнта Абрагама Лінкальна, які прыходзіць на магілу свайго 11-гадовага сына Вілі, што памёр ад тыфу. На могілках яго наведваюць прывіды і тагасьветныя сілы, якія існуюць паміж жыцьцём і сьмерцю. Яны вядуць паміж сабой дыялёгі, ператвараючы раман у нейкае дасьледаваньне сьмерці.

Трагікамічны стыль Сондэрса выклікае ў крытыкаў параўнаньні зь іншым амэрыканскім пісьменьнікам, Куртам Вонэгутам. Сам Сондэрс пісаў пра сваё захапленьне творчасьцю Вонэгута.

Букераўская прэмія (The Man Booker Prize) лічыцца галоўнай брытанскай кніжнай узнагародай і ўручаецца з 1969 году. Ужо чатыры гады прэмію можа атрымаць аўтар любога раману, напісанага на англійскай мове, незалежна ад яго грамадзянства. Да 2013 году прэмія ўручалася толькі грамадзянам Вялікабрытаніі, Ірляндыі і краін, якія ўваходзяць у Садружнасьць нацый.

З 2013 году прэмію ні разу не атрымліваў брытанскі аўтар. У 2013 і 2014 гадах яна дасталася пісьменьніку з Новай Зэляндыі, у 2015-м — з Ямайкі, у 2016-м — з ЗША.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG