Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка з Магілёва не даказала ў судзе, што не рабіла для Белсату рэпартаж пра бадзяжных жывёлаў. Пакараньне пакінулі ў сіле


Аліна Скрабунова

Штраф у 20 базавых велічынь магілёўскай журналістцы-фрылансэру Аліне Скрабуновай пакінуты ў сіле. Абласны суд не задаволіў яе касацыйную скаргу на вырак Кастрычніцкага суду Магілёва, які прызнаў журналістку вінаватай у супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Сваёй касацыйнай скаргай Аліна Скрабунова намагалася спыніць адміністрацыйны перасьлед — на падставе адсутнасьці ў яе дзеяньнях складу правапарушэньня.

Паводле журналісткі, міліцыя ня здолела ўстанавіць факт вырабу ёю рэпартажу, які паказаў тэлеканал «Белсат». Акрамя таго, даводзіла сваю пазыцыю Скрабунова, міліцыя ня выявіла, ці існуе зь ёю і тэлеканалам працоўная дамова. А згодна з заканадаўствам такая дамова — адзіная прыкмета, якая пацьвярджае супрацоўніцтва журналіста з рэдакцыяй замежнага СМІ. Скрабунова даводзіла, што разгляд справы раённай судзьдзёй Натальляй Ясенкай быў палітычна перадузяты і відавочна скіраваны на абвінаваўчы прысуд.

Судзьдзя абласнога суду Кацярына Вайцянкова, выслухаўшы довады Аліны Скрабуновай, пастанавіла: рашэньне раённага судзьдзі пакінуць бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня. Сваю пазыцыю судзьдзя аргумэнтаваць ня стала.

Скрабунова пакуль ня мае пэўнасьці, ці будзе абскарджваць пакараньне ў вышэйшых судовых інстанцыях.

Справу на журналістку завёў Кастрычніцкі аддзел міліцыі, а судзьдзя раённага суду Натальля Ясенка ўгледзела ў дзеяньнях Скрабуновай «злоўжываньне правамі і парушэньне абавязкаў журналіста». У сваім рашэньні Ясенка адзначыла, што Скрабунова вырабіла прадукцыю СМІ ў выглядзе сюжэту, разьмешчанага ў інтэрнэт-вэрсіі мэдыярэсурсу замежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат». Паводле рашэньня, віна Скрабуновай была даказаная. Таму судзьдзя пакарала журналістку штрафам у 460 рублёў.

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу журналісткі стаў рэпартаж пра талаку, якую зладзіла Таварыства аховы жывёл. Актывісты таварыства хацелі такім чынам прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў бадзяжных сабак і катоў, а таксама ўпарадкаваць пляцоўку з вальерамі, у якіх тыя ўтрымліваюцца. Гэты рэпартаж апублікаваў на сваім сайце тэлеканал «Белсат».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG