Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзэрвовая пагранзастава прымае бой


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што вы ведаеце пра «рэзэрвовыя» пагранзаставы? Нічога? Я таксама нічога ня ведаў. Пакуль не прачытаў, што адбыліся вучэньні. У Гарадзенскім раёне каля мяжы зь Літвой. На вайсковым палігоне.

Як і належыць, сцэнар меў першапачатковую задуму. Якую? Напэўна, для ваяк — празрыстую як сьляза. Для астатніх, мякка кажучы, даволі мудрагелістую. Аказваецца, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў прылеглых да нас раёнах нейкай сумежнай дзяржавы «прывяло да ўзмацненьня крыміналізацыі мясцовага насельніцтва».

І вось тут чытач міжволі задумваецца: насельніцтва — якога? Насельніцтва сумежнай дзяржавы, дзе пагоршыліся справы? Нібы па лёгіцы — так. Раз жыцьцё дае збоі, значыць трэба нейк выкручвацца. Усякі шахер-махер пачынаецца. Звычайная справа. Чорны рынак ажывае. Беларуская сьмятана, тварог пачынае прасочвацца скрозь мяжу, не закрытую суцэльна калючым дротам.

Аднак, не, чытач памыляецца. Чаму? Таму што выснову арганізатары вучэньня робяць зусім іншую. Нявыкрутка ў суседзяў не падштурхне мясцовае насельніцтва да кантрабанды беларускіх харчоў. Адбудзецца штосьці рыхтык фантасмагарычнае. Свае лясныя схроны са зброяй суседзі раскансэрвуюць і папруць рахманым беларусам. Ды яшчэ прыхопяць запасы наркотыкаў. Маўляў, «налетай, не скупись!».

І ў выніку такога фатальнага разьвіцьця падзеяў «проціпраўная дзейнасьць арганізаваных злачынных груповак па кантрабандзе зброі і наркотыкаў набыла маштабы, якія становяцца рэальнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы». Здарылася «чп»: «Група асобаў парушыла дзяржаўную мяжу Беларусі».

Што рабіць, паграннарад перадзёрнуў затворы «калашнікавых» і рашуча ўступіў у бой. А тут на дапамогу сьпяшаецца «рэзэрвовая пагранзастава». Ды ня проста «калашы» сьціскае ў далонях, а з дапамогай «групавой зброі» атакуе. А што такое «групавая зброя», задумаецца чытач? Бо — адкуль яму ведаць? А групавая зброя, гэта калі разьлік абслугоўвае: гармата, кулямёт. Плюс брдм, бронемашыны на хаду ў пагранцоў.

Мабільныя групы з такім узбраеньнем і тэхнікай — сёлетняе новаўвядзеньне. Яны ёсьць ва ўсіх рэзэрвовых пагранзаставах. Значыць, іх няма толькі на мяжы з Расеяй. Але чытачу або гледачу, які ўбачыў рэпартаж пра вучэньні па тэлевізары, не асабліва верыцца, што эканамічная сытуацыя можа рэзка пагоршыцца не ў Расеі, а ў краінах Эўразьвязу. І што адтуль папруць зброя і наркотыкі. Цераз межы, якія пад аховай пагранвойскаў.

Уніклівы чытач працягвае задумвацца: а ці не на выпадак дрэннай сытуацыі ў «старшага брата» і створаныя такія вось мабільныя баявыя пагрангрупы і самі рэзэрвовыя заставы? Бо так ці інакш, усе астатнія межы ахоўваюцца і, трэба думаць, даволі нядрэнна. Канечне, у сяго-таго чытача спакуса думаць, што гэтыя захады робяцца з падспуднай думкай пра іншы напрамак, паўднёвы. Аднак вядома, што Беларусь не мяжуе з самаабвешчанымі ўтварэньнямі, дзе зброя стала «гуляць сама па сабе».

Хаця з увагі на тое, што здарылася з Крымам і Данбасам, якраз выглядае даволі мудрай «зацея» з рэзэрвовымі заставамі і мабільнымі пагрангрупамі. Напэўна ж, украінцы такіх ня мелі, пагатоў пры расейскай мяжы. Іншая рэч, што яны мелі ў Крыме брыгаду берагавой абароны. Якая крымскія берагі ніяк не абараніла.

Ну што ж, на чужых памылках вучыцца, зразумела, — слушная рэч.

Адна толькі заўвага: дапытлівы чытач-глядач выносіць з рэпартажу, што хоць эканоміка пачала кульгаць у суседзяў, крыміналізуецца насельніцтва наша, мясцовае. Бо як назваць «мясцовым» замежнае? Аднак жа, калі ў іх дрэнна, а ў нас жыцьцё няхісткае, навошта нам крымінал тады? У чым лёгіка? — няўцямна пытаецца чытач і піша бязглузды камэнтар, робячы для сябе выснову — выходзіць, з думкай пра мясцовых вучэньні свае праводзяць? А наступны дае параду: лепей бы зрабілі вучэньні па выкараненьні дзедаўшчыны ў арміі (з увагі на скандал у Печах).

А мне робіцца ніякавата за мясцовых людзей. Усякае, вядома, бывае. То сьпіртаправод на сумежную тэрыторыю правядуць, то плыты цыгарэтныя па Нёмане пусьцяць. То, здараецца, на нелегальнай міграцыі пагрэюць рукі. Аднак, каб што горшае, цяжка паверыць. Каб на іх з брдм, ды, выбачайце, з групавой зброяй. Гэта ж нашы людзі, якіх мы ведаем як аблупленых. Памяркоўныя, рахманыя, паслухмяныя, лагодныя. Хаця, можа, дапускаю, мы, чытачы-гледачы, усё ня так зразумелі, як было ў сцэнары, як у задуме вучэньняў? Дык тады, што — тэлевізар вінаваты? Ня так паказаў, пераблытаў, згусьціў фарбы, зацямніў? Разьбірайцеся ў такім разе са сваім тэлевізарам, дарагія таварышы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG