Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карта эўрапейца як пазытыўная пэрспэктыва


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Мінулы раз я пераказаў вам прагноз расейскіх аналітыкаў што да самаізаляцыі Расеі, якая імкліва пачнецца з новым тэрмінам Пуціна, і чым гэта можа абярнуцца для Беларусі.

Але ў зададзеным кантэксьце не было гаворкі пра ролю саміх беларусаў у працэсе перамен, пра суб’ектную ролю нацыі.

Іншымі словамі, дапусьцім, нешта ў нас будзе зьмяняцца, але незалежна ад волі і ролі народу.

Ва Ўкраіне гэтая суб’ектнасьць выявілася праз Майдан супраць адмовы Януковіча падпісваць пагадненьне пра асацыяцыю з Эўропай. Майдан прынёс многія ахвяры, але стаў тым, што самі ўкраінцы назвалі рэвалюцыяй годнасьці.

Сёньня ў Беларусі ніхто ня хоча рэвалюцыі. Пры тым прадмет праяўленьня суб’ектнасьці ў нас той самы – гэта арыентацыя на Эўропу. Нішто іншае сёньня не абяцае народу выхаду з застою, бясчынства сілавікоў, аўтарытарызму. Альтэрнатыва Эўропе – яшчэ большы застой і роля заняпалай расейскай ускраіны. Варта згадаць, што у складзе расейскай імпэрыі беларускія землі заўсёды былі ці ня самымі адсталымі, дзе эканоміка ў асноўным трымалася на корчмах, вяровачных фабрыках і дробнатаварнай вытворчасьці.

Зразумела, што суб’ектам палітыкі ня можа быць усё насельніцтва. Гэта заўсёды невялікая частка нацыі, якая зьмяняе жыцьцё і за якой урэшце ідуць усе астатнія. Але як іх вылучыць, надзяліць паўнамоцтвамі, даць магчымасьць выявіць сваю маральную сілу – так, каб без рэвалюцыі ці бунту? На маю думку, тут мог бы дапамагчы статус, нават сымбалічны. Падобна колішняй ідэі грамадзянства БНР, якая была праваленая арганізатарамі, гэта магла б быць Карта эўрапейца.

Мы ведаем пра Карту паляка, зь якой ня стаць палякам можа толькі сталы ў сваёй нацыянальнай сьвядомасьці беларус. А такіх, думаю, адзінкі сярод дзясяткаў тысяч картапалякаў. Карта эўрапейца ня будзе ператвараць беларуса ў кагосьці іншага. Нават калі яна ня будзе даваць уладальнікам якіх-небудзь прэфэрэнцыяў, яна будзе сьведчыць пра выбар самога чалавека. І калі такіх будуць дзясяткі і сотні тысяч, гэта непазьбежна аб’яднае нацыю, прабудзіць у ёй салідарысцкія настроі, а самае галоўнае – дасьць агульную пазытыўную пэрспэктыву.

Калі ж Карта эўрапейца дасьць яшчэ і практычную карысьць, напрыклад, права бязьвізавага ўезду на шэнгенскую тэрыторыю, гэта можа прынцыпова паўплываць на тых беларусаў, якія яшчэ ня вызначыліся ў выбары паміж Расеяй і Эўропай.

Увесьці такую карту, вызначыць яе напаўненьне і парадак атрыманьня маглі б структуры Эўразьвязу. У кожным разе гэта быў бы сур’ёзны крок насустрач беларусам, якія такім чынам маглі б пачаць працэс пераменаў у сваёй краіне, пазьбягаючы пры гэтым страты незалежнасьці, рэвалюцыі ці бунту, а таксама далейшай дэградацыі ў сфэрах эканомікі, палітыкі, інфармацыі, правасудзьдзя і грамадзкіх дачыненьняў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG