Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з працоўным візытам у Расеі, дзе 11 кастрычніка возьме ўдзел у пасяджэньнях Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.
У аэрапорце кіраўніка Беларусі сустрэлі губэрнатар Краснадарскага краю Расеі Веніямін Кандрацьеў і мэр Сочы Анатоль Пахомаў.
На сустрэчы прэзыдэнтаў краін СНД у парадку дня 17 пытаньняў. Сярод іх пашырэньне ўзаемадзеяньня на прасторы судружнасьці і ўдасканаленьне дзейнасьці Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД.
На пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады плянуецца разгледзець 16 пытаньняў. Сярод іх асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасьці і правядзеньне ўнутрыдзяржаўных працэдур для ўступленьня ў сілу дамовы аб Мытным кодэксе.
Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, на самітах Аляксандар Лукашэнка прадставіць падыходы Беларусі да разьвіцьця гэтых арганізацый.
Уладзімір Пуцін ня будзе праводзіць 10 кастрычніка асобную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. «Не. Сёньня не», — адказаў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў на пытаньне ТАСС, ці пройдуць сёньня перамовы кіраўнікоў РФ і Беларусі.
Напярэдадні памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ўшакоў сказаў журналістам, што магчымы «нейкі кантакт на нагах па тых ці іншых пытаньнях».
Пуцін ужо сустрэўся ў Сочы з прэзыдэнтамі Таджыкістану і Малдовы, плянуе сустрэчы з прэзыдэнтамі Ўзбэкістану і Казахстану.