Расейскае агенцтва РБК апублікавала кароткі ролік, у якім некалькі чалавек скачуць у ваду зь сямімэтровай скалы. Крыніцы выданьня распавялі, што гэта заданьне выконвалі падчас трэнінгу патэнцыйныя кандыдаты ў губэрнатары ў рамках праграмы падрыхтоўкі кадравага рэзэрву для адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.
У кадр трапіў дэпутат «Справядлівай Расеі» Аляксандр Буркоў — у панядзелак 9 кастрычніка ён стаў часовым кіраўніком Омскай вобласьці. Акрамя таго, журналісты пазналі кіраўніка Фэдэральнага агенцтва навуковых арганізацыяў Міхаіла Кацюкова. Яго прадстаўніца адмовілася камэнтаваць удзел чыноўніка ў гэтым трэнінгу.
Крыніцы распавялі, што скачкі з сямімэтровай вышыні ў раку выконваліся на Агурскіх вадаспадах непадалёк ад Сочы.
Прэс-сакратар Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі (РАНГ) Дзьмітры Сакалоў дадаў, што пасьля скачкоў са скалы ўдзельнікі праграмы дзьве гадзіны запар ішлі ўздоўж горнай ракі.
Паводле інфармацыі РБК, практыкаваньне са скачкамі са скалы ўваходзіць у праграму трэнінгу Вышэйшай школы дзяржаўнага кіраваньня РАНГ. Курс для патэнцыйных кіраўнікоў рэгіёнаў прайшоў з 3 па 7 кастрычніка. Уся праграма навучаньня доўжыцца 9 месяцаў, яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі міністэрстваў, Савету Фэдэрацыі і Дзярждумы.
РБК адзначае, што па гэтай жа праграме навучаліся і іншыя чыноўнікі, прызначаныя кіраваць рэгіёнамі замест губэрнатараў, якія звольніліся «па ўласным жаданьні» Дзьмітры Азараў (Самарская вобласьць), Глеб Нікіцін (Ніжагародзкая вобласьць), Аляксандр Цыбульскі (Нянецкая аўтаномная акруга), Андрэй Траўнікаў (Навасібірская вобласьць), Андрэй Клычкоў (Арлоўская вобласьць) і Аляксандр Буркоў (Омская вобласьць).
Лекцыі навучэнцам чытаюць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Антон Вайно і кіраўнік яе ўнутрыпалітычнага блёку Сяргей Кірыенка, кіраўнікі ведамстваў, у тым ліку Сяргей Шайгу і і, бізнэсоўцы і кіраўнікі карпарацыяў — Яўген Касьперскі, Алішэр Усманаў і Ігар Сечын.
Ад канца верасьня Крэмль адправіў у адстаўку дзевяць кіраўнікоў рэгіёнаў, апошнім стаў губэрнатар Омскай вобласьці Віктар Назараў.