Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым кепская паліткарэктнасьць


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Паліткарэктнасьць у сваіх найбольш зацятых праявах стварае альтэрнатыўную рэальнасьць — і гэтым яна вельмі падобная да сацыялістычнага рэалізму.

Колішні лідэр аб’яднаньня «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка даўно жыве ў Швэцыі і час ад часу піша ў «Фэйсбуку» пра некаторыя аспэкты свайго імігранцкага жыцьця. Напрыклад, прыводзіць статыстыку з швэдзкай прэсы пра рост злачыннасьці ў імігранцкіх раёнах. Альбо апісвае, як на яго нападалі людзі неэўрапейскай зьнешнасьці ў гэтых раёнах толькі за тое, што ён хадзіў там разам са сваім бой-фрэндам. За гэта некаторыя ягоныя фрэнды абвінавачваюць Сяргея ў расізьме і ксэнафобіі.

Андросенка парушыў галоўны пастулят паліткарэктнасьці — гэта калі пэўныя групы насельніцтва прызнаюцца «прыгнечанымі» і выводзяцца з-пад усялякай крытыкі, што б яны не рабілі. Дастаткова нагадаць сумнавядомыя падзеі ў Кёльне, калі пад новы 2016 год сотні, як піша прэса, «людзей, якія вонкава нагадвалі выхадцаў з Паўночнай Афрыкі», сэксуальна нападалі на жанчынаў. Тады тры дні нямецкая прэса, ведаючы пра гэты факт, захоўвала поўнае маўчаньне, пакуль інфармацыя пра здарэньне ня хлынула ў грамадзтва са старонак сацыяльных сетак.

Галоўная філязофская хіба паліткарэктнасьці — зьяўляюцца цэлыя зоны, закрытыя для аналізу і крытыкі.

У гэтым, на мой погляд і ёсьць галоўная філязофская хіба паліткарэктнасьці — зьяўляюцца цэлыя зоны, закрытыя для аналізу і крытыкі. Вось тут мы ўсё ведаем пра грамадзтва, а тут мы чамусьці адмаўляем у дакладным аналізе і крытычным падыходзе. Вось тут у нас ёсьць праўда і грунтоўная дыскусія, а пра гэтыя часткі соцыюму мы сарамліва маўчым (бо гэта непаліткарэктна), тут у нас няма дакладных ведаў пра стан рэчаў. У выніку мы ня можам правільна ацэньваць сытуацыю і, адпаведна, рабіць слушныя высновы.

Чаму пра беларусаў (ці расейцаў, ці ўкраінцаў) можна гаварыць і абмяркоўваць, што яны не гатовыя да дэмакратыі і сучаснага лібэральнага грамадзтва, а пра мігрантаў, якія прыехалі ў Эўропу з Самалі ці Аўганістану і ня бачылі ані інтэрнэту, ані дэмакратыі, тое ж самае казаць «непаліткарэктна»?

Паліткарэктнасьць ідзе далей, у пэўнай ступені мяняючы клясычны падыход «справядліва ці несправядліва» на іншы, «клясавы», калі «прыгнечаныя заўсёды маюць рацыю». У любым канфлікце сёньняшнія паліткарэктнікі не разьбіраюцца, а адразу выступаюць на баку «прыгнечаных». Напрыклад, яны заўсёды на баку палестынцаў і апрыёры супраць Ізраілю. Але пры гэтым часта ўзьнікаюць непрадбачаныя праблемы — як адначасова дагадзіць усім «прыгнечаным» меншасьцям, калі яны ўсё больш становяцца па розныя бакі барыкад? І геям, і мусульманам; і габрэям, і палестынцам; мігрантам і фэміністкам?

У любым канфлікце сёньняшнія паліткарэктнікі не разьбіраюцца, а адразу выступаюць на баку «прыгнечаных».

Апошнія гады на Захадзе паліткарэктнасьць стала палітычнай зброяй для цэнзуры непажаданых думак і меркаваньняў. Яна закліканая фармаваць такую грамадзкую атмасфэру, у якой погляды значнай колькасьці людзей ігнаруюцца і ніяк не артыкулююцца ў прэсе і палітыцы, паколькі яны кімсьці лічацца «непрагрэсіўнымі». Ствараецца «сьпіраль маўчаньня» (як назвалі гэта нямецкія сацыёлягі), але ў выніку яна можа прарвацца, што і паказваюць апошнія выбарчыя кампаніі ў ЗША, Эўропе і Вялікай Брытаніі.

Пры гэтым паліткарэктнікі не задумваюцца, што «сьпіраль маўчаньня» часам толькі памнажае праблемы. У некаторых краінах Эўропы этнічная статыстыка злачыннасьці не даступная для грамадзкасьці. Возьмем вядомы факт, што ў Швэцыі апошнім часам фіксуецца найбольшы рост згвалтаваньняў у Эўропе. Людзі задаюцца пытаньнем, ад чаго гэта, і многія праз адсутнасьць дакладнай інфармацыі пачынаюць думаць на мігрантаў. Але правільны адказ, напэўна, у тым, што ў Швэцыі проста існуюць найбольш строгія крытэрыі рэгістрацыі згвалтаваньняў. І калі б людзі ведалі сапраўдную статыстыку, яны б, магчыма, не ківалі ў бок мігрантаў. У любым выпадку праўда зьняла б шмат пытаньняў. Але праўду даўно забаранілі праз паліткарэктнасьць. Чаму? Бо калі даць статыстыку пра злачынствы, то грамадзтва можа запатрабаваць нейкія зьмены ў міграцыйнай палітыцы. У выніку ўтойваньне праўды толькі дадае папулярнасьці крайне правым.

Непазьбежная рыса паліткарэктнасьці — абнуленьне індывідуальнасьці.

Яшчэ адна непазьбежная рыса паліткарэктнасьці — абнуленьне індывідуальнасьці. Чалавек у рамках гэтай парадыгмы ўспрымаецца не як канкрэтная асоба са сваімі ўласнымі прынцыпамі і каштоўнасьцямі, а як прадстаўнік нейкай групы, ад якога варта чакаць паводзінаў, адпаведных менавіта гэтай «групе».

Паліткарэктнасьць у сваіх найбольш зацятых праявах стварае альтэрнатыўную рэальнасьць — і гэтым яна вельмі падобная да сацыялістычнага рэалізму. Людзі, «асьвечаныя» паліткарэктнасьцю, здаецца, гатовыя шчыра вераць, што калі нейкія зьявы публічна не заўважаць, то яны неяк самі і зьнікнуць з жыцьця. Па сутнасьці, у сваёй цяперашняй форме паліткарэктнасьць супярэчыць асноўным прынцыпам заходняй цывілізацыі — свабода прэсы, свабода выказваньня, індывідуалізм, права выбару.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG