Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу пратэстоўцаў вінавацяць у сьмерці жанчыны


Удзельніца пратэсту ў Пецярбургу 7 кастрычніка

У расейскім Пецярбургу пачалі крымінальную справу: паводле вэрсіі сьледзтва, увечары 7 кастрычніка аўтамабіль хуткай дапамогі не пасьпеў да хворай, бо яму перашкодзілі пратэстоўцы. У гэты час адбываўся пратэст супраць палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

На сайце Сьледчага камітэту Пецярбургу разьмешчана паведамленьне пра тое, што справу распачалі па артыкуле «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці». У паведамленьні гаворыцца пра тое, што ўвечары 7 кастрычніка лекары не змаглі праехаць па выкліку да 55-гадовай жанчыны, бо мітынгоўцы занялі праезную частку. У выніку жанчына памерла.

Выданьне «Фонтанка» і іншыя гарадзкія сродкі масавай інфармацыі ў Пецярбургу ўжо апублікавалі фатаграфіі, якія аспрэчваюць вэрсію сьледзтва.

Журналіст Давід Фрэнкель на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выклаў фатаграфію і тлумачэньне да яе: «Марыінская — гэта Ліцейны 56. 4-ы дом ад Неўскага. Ехала на Калакольную — гэта яшчэ 9 дамоў. Агулам "хуткай" трэба было праехаць усяго 13 дамоў, ці крыху больш за 600 мэтраў ... пратэстоўцы былі спыненыя ачапленьнем АМАПу, не даходзячы да вуліцы Някрасава... на маім фота відаць і месца, дзе быў пастаўоены паліцэйскі кардон (па шыльдзе на доме лёгка пераканацца, што гэта дом на рагу зь Някрасава), і тое, што за сьпінамі АМАПу езьдзяць аўтамабілі ». З гэтага Фрэнкель робіць выснову аб тым, што пратэстоўцы ніяк не маглі апынуцца на шляху аўтамабіля «хуткай дапамогі».

XS
SM
MD
LG