Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацькі навучылі нас чытаць, а мы можам навучыць іх жыць бяз хамства»


Ня быў у Польшчы, а агулам у Эўразьвязе, ужо больш чым паўгода, і вось сёньня прыехаў у Беласток. Амаль адразу, як маршрутка спынілася на мяжы, я са зьдзіўленьнем убачыў, як памежнік усьміхаецца падчас размовы з кіроўцам.

Піша блогер Верасень.

Пасьля нашых суровых мытнікаў і іншых абаронцаў дзяржаўнай мяжы, кантраст быў прыстойны. Добры дзень, можна ваш пашпарт, дзякуй, добрага дня, да пабачэньня. Няўжо можна і так? Цяжка паверыць. Далей больш, усе людзі, каго я сустракаў казалі мне: дзень добры, проша пана, пшэпрашам, да відзэня. Калі нехта хоча прайсьці дастаткова блізка або, ня дай Бог, выпадкова дакранецца да цябе ў цесным памяшканьні або транспарце, абавязкова загадзя просіць прабачэньня і сыгналізуе сваю прысутнасьць.

І я ўспомніў, як 10 гадоў таму, калі я жыў у Польшчы і па паўгода ня быў дома ў Беларусі, усё было наадварот. Я пераяжджаў мяжу і проста знаходзіўся ў шоку ад паўсюднага хамства і людзкой грубасьці. Ніхто не вітаўся, не разьвітваўся, не казаў элемэнтарных «дзякуй» і «калі ласка». І калі ты перасякаўся зь якой-небудзь службовай асобай, гэта была не сустрэча, а паядынак. Спачатку я думаў, што гэта проста бескультурныя людзі, а іншыя нармальныя павінны быць такія самыя, як і ў Польшчы, але мяне чакала расчараваньне.

Падчас аднаго з прыездаў у Менск я пайшоў на прэзэнтацыю кніжкі бубнача Apple Tea «100 кубкаў яблычнай гарбаты» у кнігарню «Ў». Калі я стаяў у чарзе па аўтограф, хтосьці проста ўзяў і рукамі пасунуў мяне са свайго шляху. Без пытаньня, без выбачэньняў. Нейкі дзядзечка чапаў мяне і маніпуляваў маім целам. На кантрасьце з Варшавай, гэта было вельмі грубае парушэньне маіх межаў. Так, вось такім пяшчотным я быў, але нічога, потым Радзіма зноў загартавала, і так моцна я больш не хвалююся.

Але тады ў мяне не было слоў і я ня ведаў, што рабіць, толькі пасьпеў развярнуцца і паглядзець, хто гэта быў. Я пазнаў дзядзьку, ім аказаўся беларускі пісьменьнік Уладзімер С. Ён зусім нядаўна дадаў мяне ў сябры на ФБ, у яго лірычныя пасты і прыгожыя фатаграфіі. І цяпер я разумею, што, хутчэй за ўсё, сам пісьменьнік і не вінаваты, гэта, хутчэй, праблема асяродзьдзя, у якім ён рос, і пакаленьні, якое ня бачыла альтэрнатывы.

Вось такіх грамадзян выхавалі людзі, якія прайшлі вайну і сталінізм. Напэўна, на ўсё былі свае важкія прычыны. Але часы зьмяніліся. І адзінае выйсьце, якое я бачу, гэта спачуваньне і рука дапамогі, якую можна і трэба працягнуць пакаленьню нашых бацькоў.

Усім тым, хто нарадзіўся ў 50-60-70-е; усім тым, хто не знайшоў сябе ў 90-я. Бо яны навучылі нас чытаць і пісаць, трымаць нож і відэлец, а цяпер мы можам навучыць іх нармальнай чалавечай камунікацыі, жыць без хамства. Калі толькі самі ня станем, як яны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG