Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ізноў рыхтуюцца карчаваць дрэвы і пляжыць клюмбы — руйнаваць прыгажосьць, якую шмат гадоў наводзілі ў цэнтры гораду. Гісторыя паўтараецца: у 2009 годзе была зьнішчана ўся зелянота на плошчы Перамогі. І гэтага лысага пляца гараджане аніколі не даруюць тагачаснаму губэрнатару Аляксандру Косінцу, які загадаў правесьці рэканструкцыю шляхам вайны з гарадзкім азеляненьнем.

Пляцоўка на перасячэньні вуліцы Леніна і праспэкту Фрунзэ
Пляцоўка на перасячэньні вуліцы Леніна і праспэкту Фрунзэ

А наперадзе — ужо наступны этап гэтай вайны. Ён называецца «капітальны рамонт вуліцы Леніна і добраўпарадкаваньне тэрыторыі для разьмяшчэньня помніка княгіні Вользе». Час першага наступу ўжо вызначаны: 12 кастрычніка пройдуць падрадныя таргі, каб вызначыць пераможцу ў тэндэры. Ён і распачне падрыхтоўку да ўсталяваньня помніка. Помніка той самай княгіні, міталягічнай «заснавальніцы гораду», якая памерла ў 969 годзе, але загадкавым чынам уваскрэсла і здолела заснаваць Віцебск у 974. Якая пры жыцьці падступна і люта адпомсьціла драўлянам, а пасьля сьмерці была абвешчана сьвятой Расейскай праваслаўнай царквы.

За сваё «цудоўнае ўваскрашэньне» княгіня Вольга мусіла б сказаць дзякуй савецкім гісторыкам. Тым, якія патлумачылі запіс у «Віцебскім летапісе» Панцырнага і Аверкі пра заснаваньне гораду «въ лѣто 974» памылкай перапісчыка. Маўляў, затрымцела рука летапісца, ахінула яго стома або згасла лучына — і чацьвёрка зь сямёркай памяняліся месцамі... А ўжо «947» ці «974» — хто будзе разьбірацца, калі на сьвяткаваньне тысячагодзьдзя Віцебску ў 1974-м з Масквы выдзеленыя грошы!

Так, без заглыбленьня ў дэталі, княгіня Вольга аўтаматычна была прызнаная заснавальніцай і стала галоўным пэрсанажам на юбілеі гораду. Шкада, я была тады ў маласьвядомым узросьце і запомніла няшмат. Але ў памяць урэзалася да сёньня: па Дзьвіне плыве ладзьдзя, а ў ёй — дзядзькі на вёслах ды нейкая важная спадарыня ў старажытным уборы. Гледачы на беразе пляскаюць у ладкі, а з гукаўзмацняльнікаў разносіцца: «І прыплыла княгіня Вольга!»

Можа, каб заставалася яна толькі гераіняй самадзейных тэатралізаваных пастановак, дык і не было б у Віцебску цяперашняга супроцьстаяньня. Але ж гарадзкія ўлады вырашылі ўвекавечыць «заснавальніцу Віцебску» княгіню Вольгу ў манумэнтальным мастацтве. Ніхто не паглядзеў, што больш аніякіх сувязяў гэтага гістарычнага пэрсанажа зь Віцебскам у летапісах няма, бо ў гарвыканкаму пачалася нейкая «помнікаманія».

У 2009 годзе абвясьцілі конкурс на лепшыя праекты адразу трох помнікаў: князю Альгерду, Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе. І на ўсе тры кандыдатуры тут жа абрынуўся шквал крытыкі. Супраць помніка Альгерду, вялікаму князю літоўскаму, квола запратэставалі вэтэраны і тагачасныя аматары «русского мира». На першых практычна не зьвярнулі ўвагі, і ў 2014 годзе Альгерд на кані першым зьявіўся на колішняй Рынкавай плошчы. Другіх заспакоілі, усталяваўшы ў 2016 годзе помнік Аляксандру Неўскаму. Засталася княгіня Вольга, супраць увекавечаньня якой паўсталі, аб’яднаўшыся, усе абазнаныя ў гісторыі.

Праект-пераможца ў першапачатковым выглядзе
Праект-пераможца ў першапачатковым выглядзе

​Галоўны аргумэнт пратэстоўцаў у тым, што Вольга не засноўвала Віцебск, — прынамсі, пра гэта няма аніякіх сьведчаньняў. І ў гэтай якасьці няма сэнсу яе ўшаноўваць, тым больш за бюджэтныя грошы. Але ж гарвыканкам не пераканаеш: пераможцам конкурсу быў названы праект менскага скульптара Ўладзімера Слабодчыкава, які ўвасобіў княгіню Вольгу на ладзьдзі ў суправаджэньні трох ваяроў. Праўда, падчас зацьвярджэньня твору Міністэрства культуры перажыла лёгкае «дэжавю»: манумэнт выглядаў як копія кіеўскага помніка Лыбедзі ды яе братам Кыю, Шчэку і Хорыву. Таму Вольгу параілі перамясьціць з носу ў цэнтар ладзьдзі.

Паводле праекту, манумэнт трэба ўсталяваць на скрыжаваньні вуліцы Леніна з праспэктам Фрунзэ, недалёка ад амфітэатру. У 2010 годзе ўжо зрабілі «прымерку» помніка на аблічча Віцебску: на абраным месцы паставілі фанэрны макет.

Адсюль княгіня будзе паказваць рукой на Ўваскрасенскую царкву (на фота справа)
Адсюль княгіня будзе паказваць рукой на Ўваскрасенскую царкву (на фота справа)

Паводле ідэі скульптара, помнік княгіні Вользе павінен стаяць у басэйне фантана — «для гістарычнасьці», бо ладзьдзя прыплыла па рацэ. А гэта азначае, што адзін з самых маляўнічых і дагледжаных куткоў гораду раскапаюць, каб пакласьці трубы, будаўнікі ўзьдзяруць брук, будуць вынішчаны кветкі і дрэвы. Пад ногі княгіні Вользе кінуць увесь ляндшафтны дызайн, распрацаваны для гэтага кутка — кусты ружаў, радочкі туяў, пасадкі дэкаратыўных кустоў, «альпійскія горкі». І ўсё гэта — за бюджэтныя грошы. Па ўмовах тэндэру, за 1 154 546 беларускіх рублёў. А ў якасьці «кампэнсацыі» паставяць помнік, які ўжо загадзя не даспадобы віцяблянам.

Месца для помніка княгіні Вользе
Месца для помніка княгіні Вользе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG