Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталін на ўнітазе


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

Гэты дом у цэнтры Волагды я памятаю яшчэ з часоў сваёй вайсковай службы. Драўляны цёмны двухпавярховік каля белага гмаху абласной адміністрацыі. У параўнаньні з пышнымі разнымі палацамі драўлянай валагодзкай архітэктуры гэты чорны дом глядзеўся асабліва ўбога.

У гэтым квартале ўся старая драўляная забудова была зьнесеная. І гэты дом, нібы чорная пляма, быў бачны здалёк. Ніякіх мэмарыяльных шыльдаў на ім не вісела. У самім будынку месьціліся нейкія канторы. Але стаўленьне да гэтага дому было амаль містычнае. Больш містычнае, чым да замка Дракулы. Бо і бяз шыльдаў усе гараджане ведалі, што тут адбываў ссылку Сталін.

Зрэшты, месцазнаходжаньне дому і ягоная грунтоўнасьць ніяк не зьвязваліся са словам «ссылка». У такім доме можна было толькі жыць. «Тут жыў Сталін».

Паведаміла мне ўпершыню пра гэты дом адна валагодзкая акторка. З адпаведнай інтанацыяй. Як пра чорта. Напрыканцы 1980-х у асяродзьдзі валагодзкай інтэлігенцыі любімым быў іншы дом. Дом Варлама Шаламава.

Праходзячы зараз каля сталінскага дому, я са зьдзіўленьнем убачыў на ім памятную шыльду. Але яшчэ больш зьдзівіўся, калі даведаўся, што ад 2007 году ў доме дзейнічае музэй.

Называецца музэй «Валагодзкая ссылка». Але назва не адпавядае зьместу. Тут усё дыхае Сталіным. Старыя паліцэйскія дакумэнты ссыльнага.

Партрэты генэралісімуса. Настольныя бюсты правадыра.

Ёсьць нават васковая фігура маладога Сталіна ў інтэр’еры сваёй ссыльнай кватэры. Прычым малады Іосіф Вісарыёнавіч Джугашвілі падаўся мне вельмі падобным да сталага Сяргея Васілевіча Харэўскага.

Я хадзіў па гэтым сталінскім музэі агаломшаны. «Ой, бачылі б Вы, што тут робіцца ў сьнежні і ў сакавіку, — сказала мне наглядчыца, старая з валагодзкім говарам і сумнымі вачыма. — Зьяжджаюцца сталіністы. Усё кветкамі завальваюць, мітынгі ладзяць, песьні пяюць. Жах!»

Тым часам я заўважыў у куце два шкляныя цыліндры. Адміністрацыя музэя прыдумала інтэрактыўную гульню. Калі вы лічыце ролю Сталіна станоўчай, дык трэба кінуць белы шар у правы цыліндар. Калі ж адмоўнай, дык аранжавы шар — у левы. Я быў раніцай. І адзін белы шар «за Сталіна» ўжо ляжаў у цыліндры. «Гэта да Вас быў нейкі маскоўскі прафэсар. Сур’ёзны чалавек, — паведаміла наглядчыца. — А Вы які шар выбераце? Белы?» — «Я што, так падобны да маскоўскага прафэсара?»

Я паклаў у цыліндар аранжавы шар. «І каго звычайна болей? Хто перамагае?» — «Ды працэнтаў семдзесят складаюць “за” Сталіна», — сумна сказала музэйніца. «А Вы самі, — спытаў я, — за каго?» «А я сяджу, гляджу на гэтыя шары. І рука не падымаецца пакласьці. Ні той, ні другі. Хоць у мяне роднага дядзьку забралі ў 37-м. І не вярнуўся». «І што ж Вам замінае за роднага дзядзьку накідаць, пакуль нікога няма, зь дзесятак аранжавых? А белыя павыкідаць к чортавай мацяры». «Не. Не магу. А як жа перамога ў вайне? Тут у кожнага свой Сталін. А мой нейкі незразумелы».

Я выйшаў на вільготнае валагодзкае паветра з палёгкаю. Тое, што было немагчыма ўявіць пры Брэжневе і Гарбачове, матэрыялізавася пры Лукашэнку і Пуціну. Але розьніца ёсьць. На «Лініі Сталіна» я штосьці ня памятаю масавых сталінісцкіх шабасаў. Зь песьнямі «Вып’ем за Сталіна!» З заваленым кветкамі бюстам «бацькі і настаўніка».

Праходзячы каля тэатра драмы, дзе апошнія гады жыцьця працаваў мой бацька, я ўзгадаў, што і ў мяне самога ёсьць «свой Сталін». У 1989 годзе ў гэтым тэатры паставілі «Дзяцей Арбата» Рыбакова. Галоўную ролю, Сашы Панкратава, граў будучая зорка менскай сцэны Ігар Забара. Блукаючы па тэатральным закулісьсі ў пошуках бацькі, я забег у прыбіральню. Адчыніў дзьверы. І аслупянеў.

На ўнітазе сядзеў таварыш Сталін. І ва ўпор глядзеў на мяне. Адной паловай мозгу я разумеў, што паставіў у няёмкае становішча народнага артыста Расеі Аляксея Сямёнава. А другая палова мозгу мяне паралізавала. Кіцель, боты, вусы, злыя вочы. І ўнітаз. Колькі мы глядзелі адзін на аднаго? Пяць сэкундаў? Ці дзесяць? «Прабачце, калі ласка», ціха прамовіў я і зачыніў дзьверы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG