Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп пабываў у Лас-Вэгасе і сустрэўся з пацярпелымі


Асабістыя рэчы гледачоў на канцэртнай пляцоўцы праз два дні пасьля трагедыі

У сераду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп наведаў Лас-Вэгас, дзе тры дні таму 58 чалавек сталі ахвярамі забойцы, які ўчыніў страляніну ў час фэстывалю кантры-музыкі.

Прэзыдэнт пабываў у шпіталі, дзе знаходзяцца параненыя, і ва ўпраўленьні паліцыі, адкуль каардынавалася апэрацыя праваахоўных службаў. Дональд Трамп прапанаваў пацярпелым словы спагады і суцяшэньня і падзякаваў паліцыянтаў за высокапрафэсійную працу.

«Амэрыка сёньня — краіна, якая знаходзіцца ў жалобе», — абвясьціў прэзыдэнт Трамп. «Мы ведаем, што ваш смутак бязьмерны. Мы разам з вамі падзяляем ваш боль», — зьвярнуўся прэзыдэнт да пацярпелых і сваякоў загінулых. Выступаючы перад супрацоўнікамі паліцыі і спэцслужбаў, Дональд Трамп падзякаваў ім і падкрэсьліў, што яны прадэманстравалі ўсяму сьвету, як дзейнічаюць сапраўдныя прафэсіяналы.

На думку экспэртаў, апэратыўныя дзеяньні паліцыі, якая хутка выявіла месца знаходжаньня стралка і арганізавала эвакуацыю гледачоў, дапамаглі пазьбегнуць яшчэ большых ахвяраў.

Трагедыя адбылася ўвечары 1 кастрычніка, калі 64-гадовы Стывэн Пэдак адкрыў агонь па гледачах падчас канцэрту кантры-музыкі ў Лас-Вэгасе, з акна свайго нумара на 32-м паверсе гатэлю «Мандалэй Бэй».

Ахвярамі страляніны сталі 59 чалавек, больш за 500 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Стралок скончыў жыцьцё самагубствам, калі паліцыя пачала ўзломваць дзьверы нумару.

Пазьней паліцыя выявіла ў гатэльным нумары і ў доме Пэдака некалькі дзясяткаў адзінак зброі.

Трагедыя ў Лас-Вэгасе: што вядома пра злачынцу

XS
SM
MD
LG