У 80 расейскіх гарадах, дзе былі адкрыты штабы Навальнага, пройдуць пікеты, да якіх заклікаюць далучыцца ўсіх жадаючых са сьцягамі Расеі.
Галоўнае мерапрыемства пройдзе ў Санкт-Пецярбургу на Марсавым поле, нягледзячы на тое, што ўлады адмовіліся ўзгадняць месца. У штабе Навальнага ж заявілі, што адказ гарадзкой адміністрацыі не атрымалі ва ўстаноўлены тэрмін, таму акцыя лічыцца ўзгодненай.
«Мы выдатна разумеем, што менавіта для яго прадухіленьня і зробленая ўся гэтая клаўнада з „судамі“», — гаворыцца ў паведамленьні.
Улады Масквы не задаволілі першапачатковую заяўку на мітынг на Пушкінскай плошчы без прадастаўленьня альтэрнатыўнага месца або часу. Таму апазыцыянэр заклікае выйсьці на Цьвярскую — «у поўнай адпаведнасьці з пастановай Канстытуцыйнага суду Расеі», піша ён. Адміністрацыя таксама адхіліла заяўкі ў іншых месцах Масквы 7-8 кастрычніка, у тым ліку на праспэкце акадэміка Сахарава. Але ў мэрыі ўсё яшчэ знаходзяцца на разглядзе некалькі заявак.
Сярод асноўных патрабаваньняў кампаніі Навальнага:
забясьпечыць палітычную канкурэнцыю ў Расеі,
допуск на прэзыдэнцкія выбары самога Навальнага і любога іншага кандыдата, які ў адпаведнасьці з законам зьбярэ звыш 300 000 подпісаў у сваю падтрымку. На дадзены момант Аляксей Навальны адбывае 20-дзённы адміністратыўны арышт за «неаднаразовыя заклікі да ўдзелу ў няўзгодненым публічным мерапрыемстве». Разам зь ім да 20 сутак асудзілі і кіраўніка яго перадвыбарчага штаба Леаніда Волкава, які на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла ў падтрымку Аляксея Навальнага і Леаніда Волкава і заклікала «неадкладна і безумоўна» вызваліць абодвух арыштаваных.
На мінулай усерасейскай антыкарупцыйнай акцыі, якая прайшла 12 чэрвеня, па ўсёй Расеі былі затрыманыя больш за 1700 чалавек.