Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рачныя падарожжы і ня толькі: Беларусь і Ўкраіна адновяць суднаходны шлях


Прыпяць, ілюстрацыйнае фота
Прыпяць, ілюстрацыйнае фота

Беларусь і Ўкраіна плянуюць арганізаваць рачныя падарожжы і круізы з Гомельскай вобласьці да Херсону.

Як паведамілі Свабодзе ў Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, гэта прадугледжана мэмарандумам, які абласныя ўлады падпісалі з Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і мікалаеўскім прадпрыемствам «НІБУЛОН» — адным з найбольшых украінскіх экспарцёраў сельгаспрадукцыі.

Паводле дамоўленасьцяў, разьвіцьцё інфраструктуры аграрнага рынку і турызму будуць папярэднічаць поўнавартаснаму аднаўленьню суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора», для якога плянуюць паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары (Брагінскі раён Гомельскай вобласьці).

«Будуем „Водныя вароты Ўкраіны“ супольна з кампаніяй „НІБУЛОН“ і аб‘яднаем дзьве дзяржавы — Украіну зь Беларусьсю, Херсоншчыну з Гомельшчынай. Аднаўленьне воднага шляху Е40 значна спросьціць гандаль паміж Украінай і Беларусьсю, дасьць магчымасьць вызваліць ад грузавога аўтатранспарту абласныя цэнтры, размешчаныя на рацэ Дняпро. „Водныя вароты Украіны“ адкрыюць для нас новыя пэрспэктывы і магчымасьці для разьвіцьця і будуць садзейнічаць наладжваньню гандлёвых сувязяў зь іншымі краінамі», — заявіў кіраўнік Херсонсай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Андрэй Гардзееў пасьля падпісаньня дакумэнту.

Сёлета 21 ліпеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў пра ўзаемную зацікаўленасьць краін у аднаўленьні пры магчымым ўдзеле эўрапейскіх партнёраў рачнога шляху па Дняпры і Прыпяці.

Летась Польшча і Беларусь падпісалі мэмарандум пра аднаўленьне воднага шляху Е40. Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі разам з аналягічнымі польскімі ўстановамі абмяркоўвалі праект, каб выпрастаць рэчышча Прыпяці і пабудаваць на рацэ прынамсі сем шлюзаў.

На гэтыя ініцыятывы экалягічныя і грамадзкія арганізацыі адказалі кампаніяй #STOP_E40. Пад адпаведным мэмарандумам супраць аднаўленьня Е40 падпісаліся каля 20 недзяржаўных арганізацый Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG