Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі вам падаецца, што вы празьмерна пэсымістычна ставіцеся да нейкіх дзяржаўных рашэньняў і нібыта «надта востра рэагуеце» і «дарма панікуеце», не сьпяшайцеся вініць сябе за адсутнасьць пазытыўнага мысьленьня: вельмі верагодна, што чарговая прапанова ці рашэньне ўладаў і праўда вартыя панікі.

Некалькі месяцаў мы сачылі за лёсам жанчыны, якая нарадзіла дома і чыё дзіця памерла неўзабаве пасьля нараджэньня. Была створаная пэтыцыя ў яе падтрымку, мы горача спрачаліся, спачувалі і абураліся. І час ад часу зьяўляліся людзі, якія засьцерагалі, што гэты выпадак можа стаць нагодай для таго, каб на заканадаўчым узроўні хатнія роды сталі забароненымі. Ім адказвалі, што ня варта панікаваць і што ўсё будзе добра. Нібыта запужаюць нас усіх гэтым судом, дый усё. Пальцам прыгрозяць, так бы мовіць.

Але нагоды для пэсымізму былі ўжо тады, і цяпер яны толькі ўзмацняюцца. Не прайшло, як кажуць, і года, а дэпутат Парлямэнту Анатоль Дашко заяўляе, што «магчыма, хатнія роды прасьцей забараніць, прадугледзеўшы на першы час адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне гэтай забароны». Дзякуй былому гінэколягу, а цяпер палітыку за тое, што хоць шчыра кажа пра «зручнасьць» такога рашэньня і не спрабуе прыкрыць яго псэўдаклопатам пра жыцьцё і здароўе парадзіх і немаўлят.

Звычайна ўсё ж гэткія рашэньні спрабуюць упрыгожыць разважаньнямі пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця, але гэтым разам усё прасьцей. Досьвед больш разьвітых краін пераймаць ня будзем, бо навошта? Прасьцей забараніць.

Дэпутат сьцьвярджае, што «ў Беларусі адпрацаваная свая сыстэма, створаныя цудоўныя ўмовы, ёсьць усе магчымасьці, узровень аказаньня акушэрска-гінэкалягічнай, нэанатальнай пэдыятрычнай дапамогі ня горшы, чым у іншых краінах. А паказьнік сьмерці сярод немаўлятаў дасягнуў 2,9 праміле — гэта ўзровень высокаразьвітых дзяржаваў». Але ня ўсё так ідэальна ў пагоні за прыгожымі лічбамі. Пачытаць пра нюансы беларускай статыстыкі сьмяротнасьці нованароджаных можна, напрыклад, тут. І мяне ўсё ж цяпер цікавіць іншае: калі нарэшце нашая дзяржава навучыцца прызнаваць, што ня ўсё ў ёй ідэальна?

Для таго, каб больш жанчын нараджалі ў радзільнях, там мусяць быць сапраўды спрыяльныя ўмовы. Пакуль жа нават у славутым VIP-аддзяленьні шостай радзільні парадзіха ўжо ў патугах мусіць пераходзіць з аднаго памяшканьня ў другое. Ну ня трэба так рабіць! Разумееце? І ня трэба там было ставіць гэты каралеўскі ложак — патрэбны зручны мэдыцынскі, у якім можна падняць ці апусьціць сьпінку. Выглядае аддзяленьне, канечне, «па-багатаму», але да функцыянальнасьці ёсць пытаньні.

І гэта гаворка пра адзінае на ўсю краіну VIP-аддзяленьне, нараджаць у якім не таньней, чым у той самай Вільні. А падыход кардынальна іншы.

Стваральніца ініцыятывы «Радзіны» Вераніка Заўялава сьцьвярджае, што паводле вынікаў пілётнага сацыялягічнага дасьледаваньня аб умовах у родах у Беларусі (2012-2017 год, досьвед родаў у гарадзкіх адукаваных жанчын), 6,3% жанчын абралі роды дома, і ад 9,8 да 13,7% жанчын маюць жаданьне наступны раз нараджаць дома. І дзяржава можа бясконца ствараць забароны, пагражаць адміністратыўнай адказнасьцю, але гэта прывядзе толькі да таго, што жанчыны будуць хлусіць мэдыкам і казаць, што роды былі імклівымі і што яны разгубіліся, ня выклікалі хуткую і самі не пасьпелі дабрацца да радзільні.

Ну ня пойдзе жанчына ў радзільню пад пагрозамі адказнасьці перад законам! Ды яна хутчэй паедзе нараджаць туды, дзе яе будуць паважаць і ня будуць ставіцца да яе цяжарнасьці як да маёмасьці дзяржавы.

Ніводнага добрага для жанчын наступства ў забароне хатніх родаў ня будзе. Затое дзяржава чарговы раз пакажа, што напружвацца дзеля нас тут ніхто не зьбіраецца. І праўда, навошта зьмяняць пратаколы, павышаць кваліфікацыю мэдпэрсаналу, пераглядаць санітарныя нормы, узгадваць пра этыку і дэанталёгію? Так, глядзіш, яшчэ дойдзем да таго, што дактарам у радзільні давядзецца тлумачыць жанчыне, што менавіта яны робяць і нават запытваць дазвол на гэта. Канечне, прасьцей жанчынам штосьці яшчэ забараніць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG