Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Нашай Нівы» не знаёмы з Дубаўцом


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што такое «Наша Ніва» сёньня? Якая на смак? З чым ядуць? Ягор Марціновіч, цяперашні рэдактар, шчыра расказаў у Горадні ў «мэдыяруме», з падрабязнасьцямі.

Была дыскусія, я таксама ўдзельнічаў. На разьвітаньне Ягор, зь якім мы толькі пазнаёміліся, прызнаўся, што сувязі з тымі, хто рабіў «Нашу Ніву» у 1990-х, на жаль, не падтрымліваюцца. А зь Сяргеем Дубаўцом, які аднавіў газэту, наогул яны не знаёмыя.

Ягор кажа, што рэдакцыя для сябе вызначыла дзьве задачы. Перш, каб пра ўсе падзеі, у сьвеце таксама, чытач мог даведацца ў падачы газэты. Другое: каб чым болей людзей чытала хоць што-небудзь па-беларуску, бо сытуацыя з мовай у краіне яму ўяўляецца жахлівай. Што ж, такія задачы былі і ў першай рэдакцыі — у 1990-х.

Адроджаная газэта запомнілася інтэлектуальнымі тэкстамі, якія змушалі думаць, змушалі спрачацца, яны стваралі грамадзкую думку, нагадаў Павал Мажэйка, гаспадар сустрэчы.

Павал Мажэйка і Ягор Марціновіч
Павал Мажэйка і Ягор Марціновіч

Два найлепшыя паказчыкі сёлета ў «НН», распавядаў Ягор Марціновіч, — рэпартаж з «дармаедзкіх» акцый ды інфармацыя пра «шмаравідла». А што гэта такое? — цікавяцца ў яго. Госьць тлумачыць, што маецца на ўвазе «змазка для інтыму». Чытацкая цікавасьць стала рэкорднай — семдзесят тысяч!.. Трэба зацеміць, што слова то наогул вядомае, шмаравідла азначае каламазь ці мазут, змазвалі колы ў калёсах на вёсцы звычайна. Але інтэрнэт-супольнасьць даведалася аб ім менавіта под новым соўсам.

У пэўным сэнсе можна заўважыць завочную палеміку паміж былымі выдаўцамі і Ягорам Марціновічам, калі ён кажа, што адмаўляецца зразумець, чаму «НН» не надрукавала некалі паведамленьня аб тым, што адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у якіх выйграў Лукашэнка. Ягор прызнаецца, што яго гэта шакуе: «Прабачце, у якім сьвеце трэба існаваць, каб не напісаць аб тым, што адбываецца ў краіне? Для мяне гэта загадка, я ўспрымаю гэты шлях як тупіковы». Ніхто з прысутных, праўда, аб такім выпадку ня памятаў, але не зьдзівіўся: урэшце гэта была ацэнка рэдакцыяй вынікаў гэтага мерапрыемства. І адзін з прысутных пацікавіўся: а што за рэдактар здаў у друк такі нумар? Госьць ня змог адказаць, паколькі тым летам толькі «зьбіраўся ісьці ў школу». «Для гісторыі гэта цікавы факт (маўчаньне наконт абраньня Лукашэнкі), але калі ўспрымаць гэта як журналістыку, а не як пэрфоманс, гэта журналістыка, не арыентаваная на чытача», падсумаваў Ягор. Але адзін з чытачоў не пагадзіўся: той, хто так зрабіў, на сёньня, калі Лукашэнка кіруе ўжо 23 гады, гэты чалавек — герой…

Такім чынам, сёньняшняя «НН» не праігнаравала б падзею лета 1994-га, але тагачасная, хутчэй за ўсё, ня стала б завабліваць чытачоў «змазкай для інтыму».

Даўнія аматары газэты, якіх зацікавіла сустрэча зь Ягорам Марціновічам, мелі прэтэнзію: чаму стала менш сур’ёзных тэкстаў?

Газэта сёньня, не сакрэт, выходзіць толькі раз на месяц, папяровае выданьне. Калі касавалі штотыднёвік, меркавалі, што журналісты будуць пісаць вялікія тэксты для газэты, на вечныя тэмы, ну а навіны пойдуць на сайт, адказвае Марціновіч: аднак у іх няма «ніякай унутранай матывацыі пісаць у газэту». Менавіта ў нашаніўскіх, але ён падазрае, што і ў астатніх. Пытаньне: чаму? Ён адказвае: таму што калі ты пішаш для інтэрнэту, ты адразу бачыш рэакцыю, лічбы. Калі ты напісаў для газэты, табе невядома — чытаюць твой тэкст ці не. І табе становіцца не цікава ў гэтым удзельнічаць, «у такой гульні ў працу ў пустату». Такое тлумачэньне.

Аднак можна глянуць на польскіх сайтах, на ўкраінскіх, расейскіх, на той жа «мэдузе», там шыкоўныя «лонгрыды», парыруе адзін з удзельнікаў дыскусіі. Аналітыка, расьсьледаваньні, яны заўсёды цікавяць чытачоў.

Я буду максымальна шчырым, адказвае Ягор Марціновіч: «Я ня ведаю, якая колькасьць журналістаў у Беларусі ўмее ці хоча пісаць якасныя «лонгрыды». Яна невялікая. Ідзе натуральны працэс: людзі робяць тое, што патрабуе чытач і рэдакцыя». Ён узначаліў сайт і выданьне паўгода таму. І тады была адразу зьмененая сыстэма аплаты журналістаў. Яна напрасткі прывязваецца да праглядаў на сайце. Калі тэкст прачыталі дваццаць тысяч — атрымаеш адну суму, калі пяць тысяч — у чатыры разы менш. «Гэта на дадзеным этапе мы палічылі найсправядлівым рашэньнем», кажа рэдактар.

Значыць, ня важна, пра што напісана, галоўнае — лічбы?

Так, галоўнае — каб па-беларуску. І шмат такіх тэкстаў якраз пад рубрыкай «каханьне і сэкс». І гэта абсалютна нармальна, лічыць Марціновіч: «Мы выбралі такую стратэгію: мы прапануем чытачу тое, што яму хочацца прачытаць». Ён нагадвае, што на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі з'явілася «Наша Ніва», рэкляма прэзэрватываў на старонках нікога не турбавала.

Свае погляды ён імкнецца падмацаваць простым прыкладам: калі папрасіць у сталоўцы сасіску ў цесьце, а табе будуць настойліва прапаноўваць «фарфале», давядзецца адказаць, што табе хочацца менавіта звычайную сасіску… І няважна, што будуць тлумачыць, афіцыянт ці рэдактар: вам трэба дарасьці да лепшых густаў, стаць гурманам: «Чытач нікому нічога не павінен. Калі імкнуцца яму скормліваць выключна сур’ёзныя тэмы, ён адшукае той партал, дзе яго ня будуць грузіць і дзе яму дадуць і адпачыць, і атрымаць інфармацыю».

Усё нібы мае сваю лёгіку, але прысутных яна не задаволіла цалкам. Ня варта абніжаць плянку, гаварылі некаторыя, толькі каб дамагчыся лічбаў.

Згадваю, што ў «НН» 1990-х былі зусім іншыя слоганы, іранічныя і задзірыстыя: «Наша Ніва – тае ў мазгах, а не ў руках», «Наша Ніва – дацягніся да нас» і, нарэшце, «Ніводнай паблажкі чытачу».

Прыклад з «хотдогам» у мяне выклікаў іншыя думкі. Возьмем каву, напой вельмі распаўсюджаны. Каб даць тое, «што хоча спажывец», нарабілі распушчальнай, усё больш кавовых напояў у бутэльках. Навошта сапраўдная кава, навошта кавярні? Але: папулярнасьць кавы ў зернях расьце. Усё новыя апараты, усё новыя спосабы запарваньня, новыя гатункі. Майстэрства гатаваць каву ня робіцца маргінальным, абсягі гурманства толькі пашыраюцца. Кавярняў менш не становіцца. Прафэсія «барысты» не зьнікае. Чаму? Таму што ўсё сапраўднае мае ўстойлівы попыт. Ясна: у нашым выпадку, няроўныя ўмовы беларускай мовы побач з расейскай змушаюць часам да крокаў на карысьць «эрзац-кавы».

Аднак мне усё ж ніякавата, што рэпартаж з раскопак на Замкавай гары ў Вільні, дзе, магчыма, знойдзеныя парэшткі самога Кастуся Каліноўскага, будзе ў ганарарнай ведамасьці недзе ўнізе, а нататка пра «інтым» — на самым версе. І спасылка на старую «Нашу Ніву», бадай, не працуе. Усё ж платная рэкляма прэзэрватываў на апошняй старонцы — гэта адно, «шмаравідла» на топавых пазыцыях у паважнага выданьня — крыху іншае.

Што ж рабіць тым, хто па-ранейшаму хоча сур’ёзных тэкстаў? — гучыць пытаньне.

«Для тых, хто імкнецца адшукаць аналітыку, інтэлектуалістыку, можна паглядзець на «Свабодзе», можна ў «Новым Часе», калі на беларускай мове. У «НН» таксама хапае і гісторыі, і літаратуры, працягвае Ягор Марціновіч, калёнак, хто захоча, адшукае. Але ў цяперашняй сытуацыі мы павінны ісьці за чытачом, які хоць у нейкім выглядзе гатовы спажываць інфармацыю па-беларуску».

На карысьць сёньняшняй рэдакцыі лічба накладу, які быў да пераходу на штомесячны выпуск. Друкавалі па восем тысяч, кажа рэдактар, а ў 1990-я, паводле яго, былі толькі дзьве тысячы. Розьніца?

Цікавая кухня «Нашай Нівы» сёньня, калі яна стала больш газэтай у інтэрнэце, чым у шапіку. Цікавыя пошукі маладой каманды. Але досьвед старэйшых не выглядае лішнім. Тым болей, што славэтнае «мы павінны ісьці за чытачом» гучыць ня так наіўна, як неглыбока. У чытача густаў, калі быць да канца шчырымі, няма, чытач (ня лічачы тых, хто чытае паважныя рэчы) толкам ня ведае, чаго яму хочацца. Яго густы заўсёды фармавала рэдакцыя. У спаборніцтве, у канкурэнцыі зь іншымі рэдакцыямі. «Ісьці за чытачом» шмат у чым — прыгожая фраза. Не памылка, але самападман. Калі думаць іначай, рубрыка «каханьне і сэкс» стануць пераважаць. Такая небясьпека існаваць можа. Калі абсалютызаваць у такіх справах, вешаць на покуць «густы чытача», не падмацаваныя густамі рэдакцыі.

Мне так здаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG