Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія самаабвешчаныя рэспублікі былі ў Беларусі


Савецкія партызаны ў 1943 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Пакуль Каталёнія спрабуе здабыць незалежнасьць ад Гішпаніі, мы прыгадалі, што і ў гісторыі Беларусі былі моманты, калі пэўныя тэрыторыі прагнулі стаць дзяржавамі.

Паўлаўская рэспубліка

Войска Паўлаўскай Рэспублікі падтрымала паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Бітва пад Рацлавіцамі - малюнак Міхала Стаховіча
Войска Паўлаўскай Рэспублікі падтрымала паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Бітва пад Рацлавіцамі - малюнак Міхала Стаховіча

З 1769 па 1794 год у ваколіцах Вільні існавала Паўлаўская рэспубліка. Яе плошча складала 3 тысячы гектараў, што сувымерна, напрыклад, плошчы Слуцку. Рэспубліка мела ўласную Канстытуцыю, герб, сойм, скарб і войска. Тут было створана самакіраваньне, якое прыпынілася толькі пасьля акупацыі расейскімі войскамі ў 1794 годзе.

Стваральнікам Паўлаўскай Рэспублікі быў Павал Ксавэры Бжастоўскі, канонік віленскі і пісар вялікі літоўскі. У 1767 годзе ён набыў у Віленскім павеце маёнтак Мерач і пераназваў яго, паводле свайго імя, у Паўлава. Бжастоўскі правёў на сваіх землях рэформы. Ён вызваліў усіх сялянаў з-пад прыгону, стварыў выбарны сойм, распрацаваў Статут. 4 красавіка 1791 году, за месяц да абвяшчэньня Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Бжастоўскі выдаў Канстытуцыю Паўлаўскай Рэспублікі.

У рэспубліцы быў свой суд. За ўласныя грошы Бжастоўскі адкрыў аптэку, пабудаваў школу, аплочваў працу настаўнікаў, выдаў падручнік па сельскай гаспадарцы. У 1794 годзе войска Паўлаўскай Рэспублікі брала ўдзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі. Пасьля паразы паўстаньня Бжастоўскі ўцёк у Саксонію і прадаў рэспубліканскі маёнтак. Але пазьней вярнуўся і дажыў на Віленшчыне да 1827 году.

Рудобельская партызанская рэспубліка

Сучасны Акцябрскі - былая вёска Рудобелка
Сучасны Акцябрскі - былая вёска Рудобелка

У 1918 годзе, калі Нямеччына акупавала большую частку Беларусі, некалькі валасьцей Менскай і Гомельскай губэрняў захоўвалі савецкую ўладу. Сталіцай савецкай рэспублікі ва ўмовах акупацыі была вёска Рудобелка Бабруйскага павету. Сёньня гэта горад Акцябрскі ў Гомельскай вобласьці.

У канцы 1917 году тут усталявалася савецкая ўлада, у Рудобельскай воласьці стварылі валасны рэвалюцыйны камітэт. Калі ў лютым 1918 году Нямеччына пачала наступ на ўсходнім фронце, Бабруйскі ўезд апынуўся пад немцамі. Але на тэрыторыі Рудобельскай і суседніх валасьцей стварылі некалькі партызанскіх атрадаў, якія захоўвалі тут савецкую ўладу. Рудобельская партызанская рэспубліка праіснавала 9 месяцаў, пакуль у лістападзе 1918 году сюды не прыйшла Чырвоная Армія.

На наступны год Рудобелка зноў апынулася пад акупацыяй — гэтым разам польскай. Ад жніўня 1919 да ліпеня 1920 году на тэрыторыі былой Рудобельскай партызанскай рэспублікі дзейнічалі партызанскія атрады. Яны нападалі на чыгуначныя станцыі і нішчылі масты. Рудобельская рэспубліка зьнікла ў ліпені 1920-га, калі Чырвоная Армія канчаткова ўсталявала тут савецкую ўладу.

Койданаўская самастойная рэспубліка

У сучасным Дзяржынску - былым мястэчку Койданаве
У сучасным Дзяржынску - былым мястэчку Койданаве

Чатыры дні ў лістападзе 1920 году праіснавала «Койданаўская cамастойная Рэспубліка». Яна разьмяшчалася ў мястэчку Койданава (сучасны горад Дзяржынск Менскай вобласьці) і яго ваколіцах.

У лістападзе 1920 году Койданава апынулася ў так званай «нэўтральнай зоне» — тэрыторыі, якую не занялі ані палякі, ані саветы.

У мястэчку дзейнічаў рэвалюцыйны камітэт, які спрабаваў накіраваць мясцовых мужчын у вайсковыя часткі Чырвонай Арміі. Але людзі ігнаравалі тыя загады. Тады рэўкам арыштаваў некалькіх дэзэрціраў. У адказ рэшта дэзэрціраў напала на рэўкам ды вызваліла арыштаваных.

З дапамогай менскіх саветаў рэўкам у Койданаве аднавілі. Дэзэрціры перамясьціліся ў суседнюю вёску Дзягільна. Празь некалькі дзён яны другім разам разагналі рэвалюцыйны камітэт і абвясьцілі ў мястэчку Койданаўскую Самастойную Рэспубліку. «Рэспубліка» пратрымалася чатыры дні, пакуль сюды не прыбылі вайскоўцы Чырвонай Арміі. Тады «рэспубліканцы» зноў адышлі ў Дзягільна. Адтуль яны ладзілі напады на бальшавікоў, пакуль Дзягільна не перайшло да БССР згодна з Рыскай дамовай ад 18 сакавіка 1921 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG