Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць у 988 годзе, крымінальны перасьлед за выкарыстаньне мовы і ўсясьветна вядомы брэнд цукерак.

1. Упершыню Каталёнія стала незалежнай у часы хрышчэньня ўсходніх славян

Датай заснаваньня Каталёніі лічыцца 988 год, калі Барсэлёнскае графства адмовілася прысягаць на вернасьць дынастыі Капэтынгаў. Пасьля гэтага колькасьць насельніцтва на гэтых тэрыторыях пачынае павялічвацца. А вось тэрмін «Каталёнія» ўпершыню задакумэнтаваны на пачатку 12 стагодзьдзя. Ён ёсьць у тэксьце прысягі барсэлёнскаму графу Рамону Бэрэнгеру ІІІ, дзе графа называюць каталёнскім героем і кіраўніком каталёнцаў. Таксама ў гэтым дакумэнце жыхары Барсэлёнскага графства названыя каталёнцамі.

2. Хрыстафор Калюмб, вяртаючыся зь першага падарожжа ў Амэрыку, высадзіўся на зямлю ў Барсэлёне

Гэта адбылося ў 1493 годзе. Менавіта ў Барсэлёне Калюмб сустрэўся з каралём Фэрдынандам ІІ, дзякуючы якому адбылася экспэдыцыя і адкрыцьцё Новага Сьвету. Сюды ж ён прывёз першыя грузы з Амэрыкі і першых індзейцаў.

У 1888 годзе на месцы высадкі Калюмба збудавалі калёну вышынёй 60 мэтраў — там, дзе бульвар Ла-Рамбла выходзіць на ўзьбярэжжа Міжземнага мора.

3. У беларускай мове ёсьць як мінімум адно каталёнскае слова

Каталёнская мова мае прызнаны дзяржавай статус у чатырох краінах. У Гішпаніі, Францыі, Італіі яна лічыцца рэгіянальнай, а ў Андоры — адзінай афіцыйнай. Каталёнскай пэрыядычна карыстаюцца больш за 11 мільёнаў чалавек, каля 4 мільёнаў зь якіх жывуць на тэрыторыі самой Каталёніі. Астатнія расьселеныя на поўдні Францыі ў Пэрпіньяне, у горадзе Альгера на італьянскай Сардыніі, у Валенсіі і Андоры.

Носьбіты каталёнскай мовы ня раз зазнавалі ўціск з боку афіцыйнага Мадрыда. У Гішпаніі часоў Франка карыстацца каталёнскай мовай было юрыдычна забаронена, за гэта нават прадугледжвалася крымінальная адказнасьць. Такі стан рэчаў захоўваўся да 1975 году, калі каталёнская мова зноў атрымала статус рэгіянальнай.

На працягу стагоддзяў каталёнская мова ўплывала на суседнія. У гішпанскую зь яе перайшло слова «паэлья», а ў францускую — «барак» (часовая пабудова для жыльля). З францускай яно перайшло ў расейскую, а адтуль у беларускую мову.

4. Першая газэта на каталёнскай мове была заснаваная ў 1879 годзе

Яна называлася «Каталёнскі дзёньнік». Ініцыятарам адкрыцьця газэты стаў Альміраль Валенці, якога лічаць ідэолягам сучаснага руху за незалежнасьць рэгіёна. Шмат у чым дзякуючы газэце Альміраля Валенці ў 1880 годзе ў Барсэлёне прайшоў Першы каталёнскі кангрэс, а ў 1882 годзе адкрыўся Каталёнскі цэнтар, які аб’ядноўваў усіх прыхільнікаў аўтаноміі Каталёніі і прадстаўнікоў літаратурнага руху, якія выступалі за адраджэньне каталёнскай мовы. У 1886 годзе Валенці апублікаваў манаграфію «Каталянізм», якая дагэтуль лічыцца галоўнай працай па ідэалёгіі незалежнай Каталёніі.

5. Самы вядомы храм Барсэлёны пачалі будаваць у год нараджэньня Купалы і Коласа і не дабудавалі дагэтуль

Знакаміты сабор Сьвятога Сямейства (Sagrada Família) пачалі будаваць у 1882 годзе, акурат у год нараджэньня Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адзін з самых вядомых твораў архітэктара Антоніё Гаўдзі будуюць за кошт ахвяраваньняў, таму тэрмін завяршэньня будаўніцтва невядомы. Мяркуецца, што канчатковы выгляд Sagrada Família атрымае толькі да 2040 году.

Набажэнствы ў саборы Сьвятога Сямейства дазволілі праводзіць толькі ў 2010 годзе. На сёньня гэта адзін з самых вядомых даўгабудаў сьвету. Пасьля сьмерці Гаўдзі ў 1925 годзе працу па праектаваньні сабора працягнулі ягоны паплечнікі, і тое, што павінна атрымацца ў выніку, — гэта хутчэй варыяцыі на тэму творчасьці знакамітага архітэктара, чым яго ўласны праект.

6. У Каталёніі прыдумалі ўсясьветна вядомы брэнд цукерак

Чупа-чупсы пачала выпускаць кампанія Chupa Chups, заснаваная ў 1958 годзе ў Барсэлёне. Арыгінальны дызайн упакоўкі цукерак, які выкарыстоўваецца дагэтуль, распрацаваў Сальвадор Далі. Назва цукеркі паходзіць ад дзеяслова «чупар», што значыць «смактаць».

Лічыцца, што менавіта ў гэтай каталёнскай кампаніі прыдумалі разьмяшчаць стэнды з цукеркамі ля касаў, дзе іх маглі браць у рукі дзеці, пасьля чаго бацькам нічога не заставалася, акрамя як заплаціць за ласунак.

7. Каталёнія мае афіцыйны і неафіцыйны сьцягі

Афіцыйны завецца «Саньера», мае гістарычнае паходжаньне і выглядае як чатыры чырвоныя паласы на жоўтым фоне. Ён створаны на аснове герба сярэднявечнага каралеўства Арагон. «Саньерай» у тым ці іншым выглядзе карыстаюцца сотні гарадоў і тэрыторый у Гішпаніі і за яе межамі.

А вось вядомы ўсім турыстам чырвона-жоўты сьцяг зь сінім трохкутнікам і белай зоркай мае назву «Эстэлада» і зьявіўся на пачатку 20 стагодзьдзя, пасьля таго як Куба і Пуэрта-Рыка атрымалі незалежнасьць ад Гішпаніі. Адтуль і запазычылі трохкутнік і зорку. «Эстэладу» традыцыйна выкарыстоўваюць прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі.

8. У Каталёніі два футбольныя клюбы, адзін зь якіх падтрымлівае незалежнасьць, а другі выступае за адзіную Гішпанію

Гэта «Барсэлёна» і «Эспаньёл». Футбалісты першага носяць на форме нашыўкі з колерамі каталёнскага сьцяга, фанаты другога лічацца прыхільнікамі цэнтральнага гішпанскага ўраду. Абодва клюбы выступаюць у Вышэйшай лізе чэмпіянату Гішпаніі, а на матчах паміж імі назіраецца павышаная напружанасьць.

Sagada Familia
Sagada Familia

9. Неафіцыйны сымбаль Каталёніі — фігурка чалавека, які спраўляе натуральную патрэбу

Такая фігурка называецца «Каганэр», самыя разнастайныя іх варыяцыі можна бачыць у вітрынах сувэнірных крамаў. З каталёнскай мовы «каганэр» перакладаецца як «той, хто какае». Лічыцца, што традыцыя дарыць фігуркі каганэраў карэніцца ў дахрысьціянскіх часах, а самі фігуркі сымбалізуюць угнаеньне глебы.

У сучаснай Каталёніі каганэраў прынята хаваць у калядных аздабленьнях, а клясычная фігурка каталёнскага селяніна ператварылася ў каганэраў-футбалістаў, поп-зорак і сусьветна вядомых палітыкаў.

10. Нацыянальны гімн Каталёніі называецца «Жняцы»

Па-каталёнску гэта гучыць як Els Segadors. Арыгінальная мэлёдыя паходзіць з часоў паўстаньня Каталёніі супраць Гішпаніі ў 1639-40 гадах. Сучасны тэкст напісаны ў канцы 19 стагодзьдзя. У 1993 годзе «Жняцы» сталі афіцыйным гімнам аўтаноміі. Яны завяршаюцца словамі: «Гэтак, як мы жнём залатыя каласы, калі будзе трэба, мы сажнём ланцугі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG