Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фіны запусьцілі сайт, які сочыць за перамяшчэньнем расейскіх войскаў


Расейскія танкавыя падразьдзяленьні спакойна разьмяшчаюцца ў цэнтральнай Польшчы. Такі шакуючую выснову можна было зрабіць, зірнуўшы на карту, якая адлюстроўвае апошнія навіны аб рухах расейскіх войскаў.

Не, вайна, на шчасьце, не пачалася, і нават міжнароднага скандалу не было: гаворка ішла аб накладцы, якая здарылася ў першыя гадзіны працы фінскага праекта Russia Military Watch (RMW). Яе ўдалося хутка ліквідаваць, і з таго часу, як сьцьвярджаюць аўтары праекту, іх сайт адлюстроўвае актыўнасьць расейскіх вайскоўцаў цалкам адэкватна.

Пра што можна даведацца, вывучыўшы дадзеныя RMW? Напрыклад, пра тое, што палку ВПС пад Курскам былі пастаўленыя новыя звышманэўраныя зьнішчальнікі Су-30см. Ці пра тое, што маракі Касьпійскай флятыліі правялі вучэньні з артылерыйскімі стрэльбамі і разьмініраваньнем акваторыі. Або скласьці агульную карціну аб геаграфіі манэўраў, рухаў і здарэньняў у частках і падразьдзяленьнях Узброеных сіл РФ за апошнія 10 дзён:

Размова не ідзе ні пра разьведвальную дзейнасьць, ні нават пра цалкам прафэсійны праект. Тым ня менш у Фінляндыі і за яе межамі ён прыцягнуў да сябе ўвагу. Бо ў заходніх суседзяў Расеі па зразумелых прычынах цікавасьць да дзейнасьці расейскіх ваенных спалучаецца з хваляваньнем з гэтай нагоды.

Аб праекце Russia Military Watch Радыё Свабода распавёў адзін зь яго стваральнікаў — Акі Хэйкінэн:

— Як вы прыйшлі да ідэі такога сайта? Вы прафэсійна займаецеся пытаньнямі бясьпекі і абароннай палітыкі?

— Не, я працую ў сфэры IT. Для мяне гэтыя пытаньні — свайго роду хобі. Але для майго партнэра па праекце Андрэаса Турунэна гэта сфэра яго прафэсійных інтарэсаў. Нам прыйшла ў галаву ідэя зрабіць сыстэму геалякацыі, якая адсочвала б перамяшчэньне расейскіх войскаў — у адпаведнасьці з паведамленьнямі з саміх расейскіх крыніцаў.

— Як гэта працуе, калі апісваць простай мовай, для тых, хто ня ведае тонкасьцяў IT? Якім крыніцамі інфармацыі вы карыстаецеся?

— Пераважна афіцыйнымі — напрыклад, сайтам Мінабароны Расеі. Наша геалякацыя аналізуе і фіксуе тыя месцы, якія згадваюцца ў расейскіх паведамленьнях і дзе, паводле гэтых дадзеных, адбываюцца тыя ці іншыя перамяшчэньня войскаў, манэўры, здарэньні (накшталт таго, што здарылася нядаўна на палігоне пад Пецярбургам) і гэтак далей. Усё гэта наносіцца на нашу карту. Мы таксама пераводзім на ангельскую тэкставыя паведамленьні і разьмяшчаем іх побач з картай. Праўда, пераклад пакуль мэханічны, так што часам атрымліваюцца даволі сьмешныя тэксты. І так, яшчэ раз падкрэсьлю — мы абапіраемся на расейскія крыніцы, не крыніцы якога-небудзь трэцяга боку.

— У чым жа сэнс такога праекту?

— Перш за ўсё — паказаць рэшце сьвету, што і як расейскі бок паведамляе аб сваёй ваеннай актыўнасьці. Па большай частцы гэтая інфармацыя на замежныя мовы не перакладаецца, так што мы дапамагаем тым, хто цікавіцца, пераадолець моўны барʼер. Акрамя таго, гэта комплексная візуальная ілюстрацыя таго, што адбываецца — або прынамсі таго, што самі расейцы хочуць пра гэта паведаміць. Пры гэтым мы разумеем, што расейскія афіцыйныя дадзеныя могуць быць няпоўнымі і не заўсёды дакладнымі — у гэтым сэнсе Расея ня ў лепшы бок адрозьніваецца ад некаторых іншых краін. Хоць для ваеннай сфэры, вядома, доля сакрэтнасьці натуральная.

— Як вы адсочвалі нядаўнія буйныя вучэньні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі і некаторых рэгіёнаў Расеі?

— Вядома, у рамках нашых магчымасьцяў мы сачылі за тым, што адбываецца вельмі актыўна. Але, зноў паўтару, наш маніторынг — гэта перш за ўсё сукупнасьць паведамленьняў, якія зьяўляліся ў адкрытых расійскіх крыніцах. Усе зацікаўленыя могуць карыстацца інфармацыяй з іншых крыніц і супастаўляць тое, і другое. Што да «Захаду-2017», мне здаецца, наша сыстэма адпрацавала яго нядрэнна, улічваючы, што мы толькі пачынаем, і розных тэхнічных «мухаў» дагэтуль хапае.

— А як наконт фактчэкінгу? Вы не спрабуеце супастаўляць заявы расейскага вайсковага ведамства з тым, што адбываецца на самай справе? Магчыма, там ёсьць сурʼёзныя неадпаведнасьці?

— На дадзеным этапе мы пакідаем гэта нашым чытачам. Мы разумеем, ведаем з практыкі, што расейскія афіцыйныя крыніцы куды больш закрытыя, чым, скажам, натаўскія. Russia Military Watch не прэтэндуе на адлюстраваньне поўнай і абʼектыўнай карціны таго, што робяць расейскія ўзброеныя сілы. Поўную ж карціну можна атрымаць, камбінуючы розныя крыніцы.

— Вы зьбіраецеся неяк пашырацца? Можа быць, дадасьце да свайго праекту аналітыку, спасылкі на альтэрнатыўныя крыніцы, прыцягнеце новых аўтараў?

— Так, такія пляны ёсьць. Я б пакуль не распаўсюджваўся пра іх больш падрабязна, але мы будзем разьвівацца. Пакуль «абкатаем» RMW у цяперашнім выглядзе, а потым зробім праект больш разнастайным. Тым больш што наведвальнасьцю мы задаволеныя, цікавасьць да нашага сайту ёсьць, у тым ліку з боку прадстаўнікоў прафэсійных супольнасьцяў, якія займаюцца пытаньнямі бясьпекі, з эўрапейскіх краін, ЗША і Канады.

— А для вашай краіны, Фінляндыі, ваенныя магчымасьці Расеі — актуальная тэма? Сярод фінаў распаўсюджана ўяўленьне пра магчымасьці расейскай агрэсіі?

— Я б сказаў так: Фінляндыя навучылася жыць побач з Расеяй, але, як мне здаецца, мы ніколі ёй да канца не давяралі. Так працягваецца дзесяцігодзьдзямі. Калі ўся Эўропа ў апошнія гадоў 20 актыўна раззбройвацца, Фінляндыя толькі неістотна скараціла выдаткі на абарону. Я не думаю, што мы адчуваем непасрэдную пагрозу, але ў нашай абароннай палітыцы адбылося нямала зьменаў за апошнія тры гады. На жаль, мы «прачнуліся» толькі пасьля Крыму, а не пасьля вайны ў Грузіі. Але і гэта нядрэнна. Мы па-ранейшаму не члены НАТА, і наш урад не падавала заяўку на ўступленьне ў гэты саюз. Але ў краіне ідзе актыўная дыскусія адносна таго, што, калі сытуацыя будзе пагаршацца, такую заяўку падаць варта. Акрамя таго, Фінляндыя нашмат больш актыўна супрацоўнічае ў апошні час у ваеннай галіне са Швэцыяй, Злучанымі Штатамі і Вялікабрытаніяй — у рамках рэгіянальных сілаў хуткага разгортваньня JEF, — кажа адзін з аўтараў праекта Russia Military Watch Акі Хейкінэн.

Яраслаў Шымаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG