Бальшавікі дзе маглі ўключалі калянізаваныя Расейскай імпэрыяй народы ў склад новастворанай РСФСР. А дзе не маглі — мусілі дамаўляцца пра фармальную незалежнасьць.
Так на паперы БССР, УССР і ЗСФСР (Закаўскаская савецкая фэдэратыўная сацыялістычная рэспубліка) да 1922 году былі незалежнымі дзяржавамі, таму ў 1991-м проста вярнулі статус-кво. Хоць ЗСФСР у працэсе разьвіцьця СССР падзялілася на тры савецкія рэспублікі: Азербайджан, Арменію і Грузію.
А, напрыклад, Чачню ў яе барацьбе за незалежнасьць у 1990-я міжнародная супольнасьць не падтрымала, пакінула «унутранай справай Расеі».
У развагах пра законнасьць ці не законнасьць той ці іншай зьявы трэба памятаць, што законы пішуць людзі, і пішуць іх у сваіх інтарэсах, сыходзячы з канкрэтных рэалій.
Фармальна ў Беларусі дзяржаўнае кіраўніцтва незаконнае. Бо ў 1996-м адбыўся канстытуцыйны пераварот. Тым ня менш, дзяржаўны апарат працуе, людзі плацяць дзяржаве падаткі, а дзяржава падаткі разьмяркоўвае. Усе разумеюць што дзяржава працуе непразрыста, што дэ-факта краінай кіруюць у ручным рэжыме, але ніхто ўжо не аспрэчвае існы стан рэчаў.
Так было з Савецкай Расеяй, якую спачатку Захад не прызнаваў, але калі пераканаліся, што сіла на баку бальшавікоў, прызналі і пачалі супрацоўніцтва.
Так і ў развагах пра Каталёнію і законнасьць яе аддзяленьня ад Гішпаніі. Калі ўтворыцца крытычная маса каталёнцаў за незалежнасьць — будзе незалежнасьць і яна будзе прызнаная.
А крытычная маса — гэта ня толькі людзі на плошчах. Гэта людзі і ў дзяржаўным апараце: ад Рады міністраў да паліцэйскіх начальнікаў.
Так можа быць і ў Беларусі, калі існы стан рэчаў будзе незадавальняць людзей, якія прадстаўляюць усе пласты грамадзтва.
У Беларусі нават пераварот зьдзейсьніць немагчыма — толькі вярнуць законнасьць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.