Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвоная лінія» Гарбачова і Мадрыду


Часам у падзеях сучаснасьці выяўляюцца альгарытмы нядаўняга мінулага.

Выглядае, цяпер гішпанскі ўрад (і, магчыма, кароль, пры ўсёй абмежаванасьці ягонай улады) апынуўся у пазыцыі Гарбачова пачатку 91-га.

Падзеі ў Сумгаіце, у Тбілісі і Баку ў 1988-90 успрымаліся як не зьвязаныя з Гарбачовым праблемы, якія вынікалі са сталінскай нацыянальнай палітыкі (і ўсе разумелі, што вырашыць яе для задавальненьня ўсіх бакоў – нерэальна).

Але вось танкі, дэсантнікі і «Альфа», пасланыя для падаўленьня імкненьня да незалежнасьці тагачасных «прыбалтыйскіх рэспублік» у студзені 91-га – акрэсьлілі для Гарбачова «чырвоную лінію», пасьля якой ад яго адвярнуліся практычна ўсе ранейшыя прыхільнікі з колаў інтэлігенцыі – у тым ліку і Адамовіч, і Быкаў.

Потым быў сумнавядомы антыдэмакратычны маніфэст Гарбачова ў Менску ў лютым 91-га, канчатковае разьвязваньне рук генэралітэту і КДБ – і, у выніку, асабістае палітычнае фіяска Гарбачова з рэйтынгам, кажучы словамі паэта, «меньше единицы» (а мо і меней нуля).

Ёсьць у палітыцы «чырвоныя рысы», якія нельга пераходзіць. Падаецца, што Мадрыд – праз прымяненьне сілы да мірных людзей - перайшоў сёньня гэтую рысу, і нават калі рэфэрэндум ня дасьць станоўчага выніку сёньня – незалежнасьць Каталёніі будзе толькі пытаньнем часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG