Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зарабіць на свае мары тут ня мог». Гісторыя гарадзенскага музыкі, якога забілі ў Расеі


Арцём Самойлаў

30-гадовы гарадзенскі музыка Арцём Самойлаў, які паехаў на заробкі ў Калінінградзкую вобласьць, загінуў ад рукі мясцовага жыхара ў вёсцы Ермакова, дзе пражывае шмат этнічных беларусаў. Свабода даведалася трагічную гісторыю гарадзенца ад ягоных сяброў.

Што адбылося ў вёсцы Ермакова?

Арцём Самойлаў паехаў на заробкі ў Калінінградзкую вобласьць разам зь сямю іншымі хлопцамі з Горадні. Няшчасьце здарылася ў канцы іх паездкі.

Яўген Шульгін, сябра Арцёма, расказаў Свабодзе, што брыгада павінна была ўжо вяртацца дамоў у Горадню. Частка хлопцаў паехалі ў пятніцу, а астатнія павінны былі вяртацца самалётам да Менску ў панядзелак, так былі купленыя білеты.

Яўген Шульгін
Яўген Шульгін

«Увечары ў суботу хлопцы пайшлі ў мясцовы клюб, дзе гулялі ў настольны тэніс. Арцём выйшаў на вуліцу пакурыць, але доўга не вяртаўся. Хлопцы выйшлі яго шукаць і ўбачылі акрываўленым на зямлі, побач нікога не было. Выклікалі хуткую дапамогу, але ўратаваць Арцёма не ўдалося», — кажа Яўген.

Брыгадзір Іван, які зь сябрамі знайшоў акрываўленага Арцёма, кажа, што той быў яшчэ жывым, нават калі прыехала «хуткая», але з галавы ў яго цякла кроў, ён нічога ня мог сказаць. Гэта ўсё было на вачах, і спадар Іван дагэтуль ня можа перажыць трагедыю.

— Мы спрабавалі яго зручней пакласьці, пакуль прыедзе дапамога, спрабавалі нешта яму гаварыць. Ён ня мог нічога сказаць, толькі хрыпеў... Але я і тады, і цяпер не магу ў гэта паверыць. Усё адбылося так нечакана...

Падазраваны і перадгісторыя

Яўген Шульгін расказаў, што ў вёску Ермакова яны прыехалі будаваць кароўнік па дамове, але заказчык ніяк ня мог аформіць дакумэнты. Давялося шукаць падпрацоўку, езьдзіць зь вёскі ў Калінінград. Хлопцы працавалі па чарзе, а потым, паглядзеўшы на такія справы, вырашылі вяртацца дамоў, хоць і без заробкаў.

«У прынцыпе ў вёсцы было нармальна, мы жылі ў старой нямецкай хаце, пабудаванай яшчэ перад вайной, зрабілі там невялікі рамонт, а ў вольны час, хто ня меў працы, то хадзілі ў грыбы, лавілі рыбу. Арцём вельмі любіў гэты занятак», — кажа ягоны сябар.

Error rendering VK.

Аднаго разу ўвечары Яўген пайшоў з сябрам у краму па харчы. Па дарозе іх запынілі мясцовыя хлопцы нападпітку і пачалі чапляцца.

«Сярод іх быў нейкі Толік, яму не спадабалася мая барада і ён загадаў, каб я яе пагаліў, маўляў, не дазволю, каб у маёй вёсцы хадзілі барадатыя. У аднаго зь іх быў малаток у руках, яны трымаліся вельмі агрэсіўна, але тым разам канфлікт удалося спыніць. Пазьней мясцовыя людзі сказалі, што гэты Толік увесь час нападпітку і ўдзельнічае ў разборках, асабліва з прыежджымі людзьмі. Ну вось цяпер гэты Толік затрыманы, ён у якасьці галоўнага падазраванага. Вядзецца сьледзтва», — распавядае Свабодзе Яўген.

Афіцыйная вэрсія

На сайце Сьледчага ўпраўленьня Калінінградзкай вобласьці зьявілася іншая вэрсія забойства Арцёма Самойлава.

Паводле дадзеных папярэдняга сьледзтва, падазраваны пазнаёміўся з трыма мужчынамі і падчас расьпіваньня сьпіртнога нажніцамі адрэзаў валасы аднаго з іх. Завязалася бойка, падчас якой падазраваны тройчы ўдарыў кулаком Самойлава ў галаву. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы і памёр.

Error rendering VK.

Падазраваны затрыманы паліцыяй і прызнаўся ва ўчыненым злачынстве. У інфармацыі Сльдечага ўпраўленьня не называюцца прозьвішчы пацярпелага і падазраванага. Але там дакладна ўказаны адрас, дзе адбылося забойства — вёска Ермакова Праўдзінскага раёна Калінінградзкай вобласьці.

Хто жыве ў Ермакове

Пераважная большасьць жыхароў у Ермакове, паводле Яўгена, — беларусы, якія пераехалі туды пасьля Другой усясьветнай вайны. Праўда, вёска апусьцела, моладзь павыяжджала ў горад.

«Пры савецкай уладзе быў калгас-мільянэр імя Горкага, а цяпер там усё зарасло — развал, як па ўсёй Расеі. Нават у школе выбітыя шыбы, — кажа Яўген. — Пераважна жывуць там пэнсіянэры. Вельмі добра да нас ставіліся: нехта з бульбай дапамагаў, нехта пускаў у сваю лазьню папарыцца. Іх надта цікавіла, што там на Беларусі робіцца, як мы жывём, і вельмі прасілі, каб хоць нешта мы ім сказалі на беларускай мове ці песьню прасьпявалі. Пераважна там людзі, якія паходзяць з Магілёўскай вобласьці, хоць мы сустрэлі пэнсіянэрак і з Ваўкавыску, і з Горадні».

Зарабляў у Расеі, каб займацца музыкай

Яўген кажа, што ўжо некалькі гадоў езьдзіць на заробкі ў Расею. У Беларусі, маўляў, зарабіць няма дзе.

«Арцём наагул працаваў у гарадзенскім порце, дасьледаваў акваторыю Нёмана. Але ягоным улюбёным заняткам была музыка. Ён быў вядомы як Experimental Chemistry, пісаў электронную музыку, якую выконвалі нават на фэстывалях у Санкт-Пецярбургу; запісваў альбомы, спрабаваў сябе дыджэем, займаўся арганізацыяй вечарынаў.

Быў добрым, спакойным, творчым чалавекам. І вось, каб зарабіць на гэта, езьдзіў у Расею. Цяжка, як усе мы, працаваў на будоўлях. У яго былі свае мары, але зарабіць на іх ажыцьцяўленьне ў Беларусі ня мог», — распавядае Свабодзе сябар загінулага.

Спадар Іван дадае, што езьдзіць на заробкі ў Расею пяты год, але нічога падобнага зь ім ніколі не здаралася. Арцём, паводле яго, якраз быў такім чалавекам, зь якім ён бы паехаў на любую працу.

«Зь ім можна было і ў выведку ісьці, ён ніколі не падводзіў, быў надзейным, сапраўдным, цікавым чалавекам», — успамінае суразмоўца.

Адзіны сын

Арцёму Самойлаву было 30 гадў, ён быў адзіным сынам у сям’і.

Паводле Яўгена, каб даставіць цела Арцёма ў Горадню, трэба прайсьці доўгую бюракратычную працэдуру. Маўляў, спачатку труна зь целам паляціць з Калінінграду ў Маскву, адтуль у Менск, і ўжо толькі потым на катафалку ў Горадню. За ўсё гэта трэба плаціць, прычым немалыя грошы.

«Адным бацькам не пад сілу такія выдаткі, — дадае хлопец. — І вось мы пачалі збор грошай, каб дапамагчы ім».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG