Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава Палестына» увайшла ў склад Інтэрполу


У сераду, 27 верасьня, Інтэрпол абвясьціў аб тым, што ў яго склад увайшлі два новыя ўдзельнікі «дзяржава Палестына і Саламонавы выспы».

Рашэньне было прынятае на Генэральнай асамблеі Інтэрполу, якая напярэдадні адкрылася ў Пэкіне, паведамляе францускае радыё rfi.fr.

Пасьля далучэньня «дзяржавы Палестыны і Саламонавых выспаў» колькасьць удзельнікаў Інтэрполу вырасла да 192, падкрэсьліла сама Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі. Рашэньне ў пытаньні ўключэньня Палестыны ў склад Інтэрполу было прынятае, «нягледзячы на сурʼёзныя пратэсты Ізраіля», паведамляе AFP.

Як адзначае Euronews, ізраільскія ўлады асьцерагаюцца, што цяпер палестынцы змогуць выпісваць ордэра на арышт ізраільцян, а ў рукі «палестынскіх экстрэмістаў» патрапіць сакрэтная інфармацыя.

Палестынскія тэрыторыі дамагліся ўключэньня ў склад Інтэрполу з трэцяй спробы, да гэтага іх запыты адхіляліся. «Карыстаючыся гэтай радаснай нагодай», Палестына «яшчэ раз пацьвярджае свае абавязацельствы ў барацьбе са злачыннасьцю і ўмацаваньні працы ў (пабудове) прававой дзяржавы», — перадае газэта Le Monde словы Рыяда Аль-Малікі, міністра замежных спраў Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.

Палестына, якая ўсё яшчэ дамагаецца поўнага прызнаньня ў якасьці дзяржавы і пакуль зьяўляецца толькі членам-назіральнікам ААН, раней ужо стала членам Міжнароднага крымінальнага суду і ўвайшла ў склад ЮНЭСКА

XS
SM
MD
LG