Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як ускосны прадукт нацыянальнага руху пачатку ХХ ст.


Севярын Квяткоўскі

Чаму сьцяг СССР на купале музэю «Вялікай Айчыннай вайны» зарэгістраваны і законны, а БЧБ, які быў дзяржаўным у 1991-95 — незарэгістраваны і незаконны?

Музэй Вялікай Айчыннай вайны ў Менску
Музэй Вялікай Айчыннай вайны ў Менску

«На купале будынку Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны разьмешчаны ня сьцяг СССР, а сымбаль Сьцяга Перамогі, які быў зацьверджаны Ўказам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.05.1996 № 158», — адказаў на маё пытаньне дырэктар музэю Дзьмітры Шляхцін.

Уладам спатрэбілася казуістыка, каб легалізаваць сьцяг няіснай дзяржавы СССР. А з БЧБ усё проста — быў афіцыйным існай цяпер дзяржавы. Але БЧБ дагэтуль паўлегальны.

Зьвяртацца ў Мінкульт па прызнаньне БЧБ нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю — тое самае, што прасіць асабіста Аляксандра Лукашэнку.

Лукашэнка ініцыяваў зьмену дзяржаўнай сымболікі. Лукашэнка дэманізаваў нацыянальны сьцяг як сымбаль апазыцыі сваёй уладзе. Лукашэнка не саромеецца пазіраваць перад камэрамі ў Музэі дзяржаўнасьці Рэспублікі Беларусь, дзе экспазыцыя пачынаецца ад... 1994 году.

На Музэі «ня сьцяг СССР, а сымбаль Сьцяга Перамогі». ОК. Калі праігнараваць афіцыйнасьць БЧБ як сьцяга БНР і РБ, то БЧБ — сымбаль чаго?

БЧБ — сымбаль беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст.

Афіцыйныя ідэолягі могуць зламаць хоць 100500 дзідаў, даказваючы «эфэмэрнасьць БНР», дзе БЧБ быў дзяржаўным сымбалем. Але факт у тым, што БЧБ пачаў выкарыстоўвацца нацыянальна арыентаванымі дзеячамі да абвяшчэньня БНР.

І факт у тым, што калі б не было беларускага нацыянальнага руху ў царскай Расеі, не было б БССР, створанай бальшавікамі як буфэр з «буржуазнай Польшчай». Бо немагчыма стварыць нацыянальную адміністратыўную адзінку, калі ў ёй няма нічога нацыянальнага.

Не было б нацыянальнага руху — не было б БССР, а значыць не было б Рэспублікі Беларусь, адпаведна — не было б і «першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Усе прыватныя і арганізаваныя звароты на адрас Міністэрства культуры, усе круглыя сталы з аргумэнтамі гісторыкаў упіраюцца ў сьвядомасьць аднаго чалавека. А менавіта ў тое, як ён сумяшчае ў галаве ідэалягічна супрацьлеглыя бакі аднаго цэлага — Беларусі.

Зрэшты, гістарычны час — як караван — ідзе і нясе БЧБ наперад. Сёлета ў сьнежні спаўняецца 100 гадоў, як на Ўсебеларускім зьезьдзе БЧБ быў прызнаны агульнанацыянальным сымбалем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG