Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры чачэнскага сьпевака і псыхолягі ня вераць уладам і баяцца за ягонае жыцьцё


Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і сьпявак Зэлімхан Бакаеў
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і сьпявак Зэлімхан Бакаеў

24 верасьня на сайце ЧГТРК «Грозны» зьявілася відэа, на якім зьніклы 8 жніўня ў Грозным 25-гадовы чачэнскі сьпявак Зэлімхан Бакаеў, зьвяртаючыся да «сябра Іслама», паведамляе, што знаходзіцца ў Нямеччыне.

Радыё Свабода паразмаўляла зь сябрамі Бакаева. Яны ўпэўненыя, што відэа — пастаноўка, а сьпеваку пагражае сьмяротная небясьпека.

Радыё Свабода коратка пераказвае, на што зьвярнулі ўвагу сябры зьніклага чачэнскага сьпевака, а таксама псыхолягі.

Зэлімхан Бакаеў на відэа з Youtube
Зэлімхан Бакаеў на відэа з Youtube

Што кажуць сябры Бакаева пра «Бакаева» на відэа

  • На відэа Бакаеў «схуднелы, змарнелы, ацёк нейкі на твары», кажа М., блізкая сяброўка сьпевака. «Я Зэліма ведаю як аблупленага, я ведаю, як ён сябе паводзіць, калі вып’е, калі яму дрэнна, калі яму добра. Ён сьпявак, ён не актор, ён не ўмее граць, акрамя таго, ён ніколі ня стаў бы запісваць такое відэа: Зэлім заўсёды дасылаў галасавыя паведамленьні». Зэлім паводзіць сябе ненатуральна, гаворыць паводле завучанага тэксту, паведамляючы, як для справаздачы, месца знаходжаньня, пару году і нават паказваючы ў якасьці рэпэрнага пункту на новую песьню сьпявачкі Рыяны Wild Thoughts, якая выйшла ў чэрвені 2017 году.
  • «І бараду яму зрабілі сьпехам, так, як ён ніколі не зрабіў бы, і стрыжку яму зрабілі агідную», — кажа прыяцель Зэлімхана — Б.
  • «Ён ад прыроды досыць дужы, біцэпсы буйныя, а тут ён вельмі худы, я ніколі яго такім ня бачыў, у яго рэмень вакол таліі ледзь не два разы, па-мойму, абкручаны», — заявіў яшчэ адзін сябар КЧ. «Ён сеў за столік, як нейкі барон з 80-х. Ён так сябе не паводзіў, ён быў як усе маладыя людзі. Ну хто цяпер п’е энэргетыкі, каб кайфануць?»
  • «Яго паводзіны на відэа — гэта поўная яго супрацьлегласьць яму. Недарэчныя танцы, скаваныя рухі, ідыёцкая фрызура», — сябар Р., які гаварыў з Зэлімханам Бакаевым за дзень да яго зьнікненьня. Тады «ён амаль нагала пагаліўся. У відэа кажа, што сярэдзіна жніўня, — як за такі кароткі час маглі валасы адрасьці?»
Зэлім Бакаеў: зьлева — скрыншот зь відэа ЧГТРК, справа — апошняе сэлфі перад адлётам у Чачэнію, зьнятае ў самалёце. У самалёце ў Бакаева амаль выгаленыя віскі, на відэа «зь Нямеччыны» валасы доўгія
Зэлім Бакаеў: зьлева — скрыншот зь відэа ЧГТРК, справа — апошняе сэлфі перад адлётам у Чачэнію, зьнятае ў самалёце. У самалёце ў Бакаева амаль выгаленыя віскі, на відэа «зь Нямеччыны» валасы доўгія

На што зьвярнулі ўвагу псыхолягі

Відэа паказалі псыхолягу Вользе Махоўскай і прэзыдэнту міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі «Ліга абароны лекараў», лекару-неўролягу Сямёну Гальперыну.

  • «Я зьвярнула ўвагу, што герой не ў найлепшым стане: кругі пад вачыма, як быццам ён ці то ня спаў, ці то рыдаў тры дні, — кажа Махоўская. — Уражаньне, што ён вельмі стаміўся і яго радасьць паказная, што ён спрабуе размаўляць весела, але гэта ажытацыя на фоне дэпрэсіі. Мы [псыхолягі] заўсёды адрозьніваем, які ўзровень вітальнасьці ў чалавека, тут вось ёсьць неадпаведнасьць паміж гэтым бравурным тэкстам і змардаваным выглядам».
  • Сямён Гальперын адзначыў, што Бакаеў «рэляксаваны і зьлёгку затарможаны, магчыма, пад дзеяньнем алькаголю або нейкага іншага сродку», зрэшты, сьлядоў катаваньняў спэцыяліст ня ўбачыў: «Ён самастойна перасоўваецца, відавочных траўмаў не відаць, але ці перанёс ён катаваньні, казаць без агляду няма сэнсу», — кажа Сямён Гальперын.

Што дзіўнага ў самім відэа

  • Абстаноўка ў памяшканьні, дзе запісана відэа, ня толькі не падобная на нямецкую кватэру, але нагадвае дэкарацыі: «Яны там пастаянна займаюцца такімі фэйкамі, — кажа знаёмая сьпевака Л., якая працавала на ЧГТРК. — Яны маглі, калі забыліся нешта зьняць на якой-небудзь важнай нарадзе з чыноўнікамі, узнавіць падобнае памяшканьне ў рэдакцыі і даздымаць патрэбныя кадры са статыстамі».
  • Выданне «Медиазона» са спасылкай на прэс-службу PepsiCo напісала, што адзін з энэргетыкаў, што стаяць на стале — Drive Meне прадаецца ў Нямеччыне.
  • У пакоі зашморгнуты шторы, незразумела ня толькі дзе знаходзіцца Бакаеў, але нават час сутак і пара году, калі зьнята відэа.
  • Прадметы абстаноўкі і дэкор тыповыя для Чачні:
  1. На відэа Бакаеў сядзіць на канапе «Нова 140» ад маскоўскай фабрыкі Rival.
  2. Побач з канапай стаіць крэсла-качалка «Вега» вытворчасьці расейскай кампаніі «Элегія» з Баравічоў.
  3. ТВ прыстаўка і побач два пульты на этажэрцы — ад тэлевізара і ад «Трыкалора» («Трыкалор ТВ» — папулярная, у тым ліку на Каўказе, тэлекамунікацыйная кампанія).
  4. Разэткі, танныя кветкі ў вазе — паводле сяброў Бакаева, любімы элемэнт дызайну чачэнцаў.
  5. Дыван на падлозе.

Чаму сябры асьцерагаюцца за жыцьцё сьпевака

Сябры сьпевака баяцца, што зьяўленьне відэа можа канчаткова забраць надзею на вызваленьне Зэлімхана: «Каб зьняць яго, яму, напэўна, паабяцалі, што яго адпусьцяць, але па факце яны ўсім паказалі, што ён за мяжой і гэта ня іх праблема, і цяпер ад яго могуць проста пазбавіцца», - кажа сябар КЧ.

Паводле сяброў Бакаева, у Грозны яго выцягвалі даўно: «Пра яго хадзілі розныя чуткі, што ён у Маскве жыў няправільна, частка зь іх — проста фантазіі, але яны маглі кагосьці раззлаваць», — кажа сябар сьпевака М.

Адзін з рабочых кантактаў Бакаева настойліва прапаноўваў яму вярнуцца ў Чачню, пра гэта ў інтэрвію «Кавказ.Реалии» заявіла і Зэлімава маці: «У Зэліма 10 жніўня быў кастынг у Маскве на «Фабрыцы зорак» (на сайце Муз-ТВ ёсьць анкета сьпевака), — кажа М. — І вось ХХ тэлефануе яму і кажа, што ён тэрмінова павінен прыехаць, таму што ў Грозны прыяжджае нейкі прадзюсэр з Муз-ТВ і ён хоча іх пазнаёміць, каб у Зэліма было 10-га „зялёнае сьвятло“. Зэлім пытаецца, чаму ён у Маскве ня можа з гэтым прадзюсэрам пазнаёміцца, тым больш што ён, паводле ХХ, на другі дзень у Маскву вяртаўся, але ён яму сказаў, што гэта немагчыма, што трэба абавязкова ў Грозным сустракацца», - распавядае М.

Два відэа з Бакаевым зьявіліся ў YouTube на старонцы нейкага Арцёма Лебедзева, іншых матэрыялаў на гэтай старонцы няма. ЧГТРК выдала навіну літаральна празь дзьве гадзіны, прычым подпіс пад відэа ў Лебедзева падобны паводле стылістыкі на тэкст чачэнскага тэлебачаньня.

Бакаеў знаходзіцца ў пакоі зь нейкім Русам, які трымае камэру, і зьвяртаецца да сябра Іслама. Радыё Свабода ўдалося высьветліць, што Іслам і праўда пражывае ў Галяндыі, але ніякага відэа ад Бакаева не атрымліваў і апошнім часам зь ім ня меў зносінаў. «Так Іслам — гэта наогул „прывітанне-пакуль“, - кажа М., — калі б Зэлім з кімсьці хацеў зьвязацца, ён бы мне напісаў».

Рус — таксама Зэлімаў прыяцель, які ня бачыўся зь ім з моманту свайго ад’езду з Расеі, прычым жыве Рус далёка ад Нямеччыны і з Зэлімам таксама даўно не размаўляў. Іслам і Рус знаёмыя, Рус на відэа не прамаўляе ні слова, а Зэлім пры гэтым абяцае пазнаёміць Іслама зь нейкім сваім «сябрам», не ўдакладняючы, мае ён на ўвазе Руса ці не.

Што кажуць улады Чачні пра зьнікненьне сьпевака

  • Сьпявак мог уцячы з краіны адразу, калі вакол зьнікненьня сьпевака разгарэўся скандал. Ужо на другі дзень пасьля зьяўленьня навіны ў СМІ міністар Чачэнскай рэспублікі па нацыянальнай палітыцы, зьнешніх сувязях, друку і інфармацыі Джамбулат Умараў назваў «глупствам» паведамленьні аб зьнікненьні Бакаева. Паводле Ўмарава, сьпявак зьявіцца «празь некаторы час».
  • Былы мэнэджэр Бакаева з Чачні Гілані Стаднік паведаміў, што сьпявак мог схавацца з-за канфлікту ў сям’і, выкліканага нэгатыўным стаўленьнем родных да яго творчасьці, якая не прыносіла грошай і здавалася «экстравагантнай».
Зэлім Бакаеў вучыўся ў Маскве ў школе, потым сям’я вярнулася ў Грозны, Зэлім паўтара года прапрацаваў у Дэпартамэнце культуры мэрыі Грознага — быў адным з салістаў ансамблю песьні і танцу «Сталіца», выступаў з канцэртамі ў Чачні і іншых паўночнакаўкаскіх рэспубліках. «Тады ён зрабіў і гэтую фатаграфію з Кадыравым. Кадыраў любіць артыстаў, машыны ім купляе. Аднойчы іх усіх сабралі ў яго ў рэзыдэнцыі на чай», — распавядае КЧ. У дэпартамэнце ён прапрацаваў «года паўтара», яго звольнілі «зь незразумелай прычыны», пасьля чаго ён прыехаў у Маскву, дзе спрабаваў зрабіць кар’еру артыста
Зэлім Бакаеў вучыўся ў Маскве ў школе, потым сям’я вярнулася ў Грозны, Зэлім паўтара года прапрацаваў у Дэпартамэнце культуры мэрыі Грознага — быў адным з салістаў ансамблю песьні і танцу «Сталіца», выступаў з канцэртамі ў Чачні і іншых паўночнакаўкаскіх рэспубліках. «Тады ён зрабіў і гэтую фатаграфію з Кадыравым. Кадыраў любіць артыстаў, машыны ім купляе. Аднойчы іх усіх сабралі ў яго ў рэзыдэнцыі на чай», — распавядае КЧ. У дэпартамэнце ён прапрацаваў «года паўтара», яго звольнілі «зь незразумелай прычыны», пасьля чаго ён прыехаў у Маскву, дзе спрабаваў зрабіць кар’еру артыста

Ці зьбіраўся Бакаеў эміграваць у Нямеччыну

Сябры і родныя сьпевака ў адзін голас кажуць, што не.

  • Ён не хацеў пакінуць маці адну. «Я яму пастаянна казала: «Едзь», але ён казаў, што зараз другая сястра замуж выйдзе, мама застанецца адна. Ён наогул хацеў маму забраць у Маскву», — паведаміў сябар М. «Яны былі вельмі блізкія з маці і зь іншымі роднымі — зь яго стрыечнай сястрой, да прыкладу. Ён бы сапраўды ім паведаміў, што зь ім усё ў парадку», - кажа КЧ.
  • «Нямеччына— апошняе месца, куды б я паехаў», — цытуе Зелімхана Р., дадаючы, што сябры запрашалі маладога чалавека і ў іншыя краіны, але ён наадрэз адмаўляўся зьяжджаць з Расеі.

Маці зьніклага сьпевака яшчэ 18 жніўня напісала заяву ў паліцыю, 16 верасьня стала вядома, што яна зьвярнулася па дапамогу да кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава, аднак аб узбуджэньні крымінальнай справы чачэнскія праваахоўныя органы дагэтуль не паведамлялі.

Чым вядомы сьпявак Бакаеў

Бакаеў выступаў з канцэртамі ў Дагестане, Інгушэціі і Маскве. У асноўным ён сьпявае на чачэнскай мове.

У Чачні, паводле аднаго сьпевака, яму забаранілі выступаць з прычыны таго, што яго музыка нібыта «занадта адрозьнівалася ад той, што разумеюць у рэспубліцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG