Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пройдуць тры суды над незалежнымі журналістамі з Гомлю


Кастусь Жукоўскі

Адразу тры суды прызначаныя на 27 верасьня ў дачыненьні да гомельскіх журналістаў-фрылансэраў: Кастуся Жукоўскага будуць судзіць у Петрыкаве і Жлобіне, Андрэя Толчына — у Петрыкаве. Толчына таксама выклікаюць у Жлобінскі раённы суд, але на наступны дзень — 28 верасьня. Журналістаў абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага тэлеканалу «Белсат».

«Бяз чвэрці адзінаццаць мяне маюць судзіць за фрылансэрскую дзейнасьць у Петрыкаўскім раённым судзе, — кажа Кастусь Жукоўскі, — а ў 15.30 я ўжо павінен быць у Жлобінскім судзе. Калі ў судах лічаць, што я маю ўрадавы верталёт, то гэта ня так. У мяне ДАІ нават пасьведчаньне кіроўцы адабрала — прычапіліся ў Добрушы, калі я здымаў чэмпіёна сьвету Амрыева, затрыманага на мяжы ў Добрускім раёне і перададзенага мясцовай міліцыяй расейскім сілавікам. Усё гэтыя й папярэднія суды нада мною ды іншымі такімі ж фрылансэрамі, — відавочна, помста за тое, што мы даводзім да агульнага ведама набалелыя людзкія праблемы, распавядаем пра карупцыю ў шэрагах чыноўнікаў».

У Петрыкаўскім раёне Жукоўскі і Толчын зьнялі сюжэт пра занядбаны вайсковы гарадок у Мышанцы, дзе мясцовыя жыхары ня першы год скардзяцца на стан будынкаў, пабудаваных яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

Жлобінская міліцыя склала на Жукоўскага і Толчына адміністрацыйныя пратаколы за «інтэрвіяваньне жыхароў вёскі Пірэвічы», якія расказвалі пра падзёж сьвіней і каранцінныя захады вакол паселішча.

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета з 157 зарэгістраваных фактаў перасьледу недзяржаўных СМІ 82 — гэта перасьлед журналістаў і апэратараў «Белсату». Дзяржава праз штрафы атрымала ад іх у эквіваленце блізу 13 тысяч даляраў, у тым ліку на Гомельшчыне — 6,2 тысячы.

XS
SM
MD
LG