Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «Захаду-2017» пачынаюцца новыя беларуска-расейскія вучэньні


Расейскія дэсантнікі на вучэньнях "Захад-2017", 14 верасьня 2017

Расейскія спэцназаўцы прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў сумесных тактыка-спэцыяльных вучэньнях.

Пра гэта паведамляецца на сайце міністэрства абароны РФ.

Згодна з паведамленьнем падчас вучэньняў, якія пройдуць на адным з беларускіх палігонаў, будзе адпрацоўвацца ўзаемадзеяньне падразьдзяленьня спэцыяльнага прызначэньня паветрана-дэсантных войскаў Расеі і сілаў спэцыяльных апэрацыяў узброеных сілаў Беларусі.

Паводле Мінабароны Расеі, з 25 верасьня па 8 кастрычніка будзе падрыхтоўка да вучэньняў. Не паведамляецца, калі адбудуцца ўласна вучэньні і колькі вайскоўцаў з абодвух бакоў возьмуць у іх удзел.

Сёлета ў Віцебскай вобласьці з 28 сакавіка па 6 красавіка ўжо адбываліся вучэньні дэсантных войскаў Беларусі і Расеі. Агульная колькасьць удзельнікаў тады была каля 1 тысячы чалавек. А ў Берасьцейскай вобласьці з 6 па 14 чэрвеня адбываліся вучэньні «Славянскае братэрства-2017» дэсантнікаў Беларусі, Расеі і Сэрбіі. Паведамлялася, што агульная колькасьць удзельнікаў складала таксама 1 тысячу салдатаў, зь іх 300 вайскоўцаў — з Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG