Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто загадаў шукаць хлопчыка ў пушчы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

500 чалавек нонстоп шукаюць зьніклага ў Сьвіслацкім раёне хлопца. Ужо дзесяць дзён. У выходныя ў пошуках удзельнічалі 2 тысячы, 3 тысячы, такія называліся лічбы. Калі лёс аднаго хлопчыка так важны для краіны, значыць гэта гуманная краіна. Бо аб чым гэта яшчэ можа сьведчыць?

Аднак сказаць так пра дзяржаву нашу было б перабольшаньнем. Захаранка, Завадзкі, Ганчар, Красоўскі зьніклі ня ў пушчы, у сталічным горадзе, сярод белага дня. Ці як Завадзкі — у нацыянальным аэрапорце. І гаварыць пра вялікую дбайнасьць ў пошуках не выпадала.

Мала таго, потым ледзь не сьмяшкі былі: ды бачылі таго Захаранку ў Гамбургу ці ў Франкфурце (дакладна ня памятаю). Нічога зь імі ня здарылася, піва п’юць нямецкае, маўляў.

А колькі потым хапалі маладзёнаў у розных гарадах? За пытаньне на майцы «Дзе Завадзкі?» І ў суд іх, і штраф. А як прынізіў той амонавец Сьвятлану Завадзкую? Нешта начальства не абазвалася, што прыняло да сэрца здарэньне. І не адмяніла арышты за майку з надпісам. А пошукі ў пушчы, паводле маштабаў небывалыя, ды побач зь мяжой — ясна, без высокага загаду адбыцца не маглі.

Што хочуць паказаць? Што гуманізуецца дзяржава, якая карала бязьлітасна за пытаньне «Дзе Завадзкі?». А што ж яшчэ? Ці павераць? Тыя, каму накіраваны мэсыдж?

Міжволі прыгадаецца: калі, здаралася, гінулі беларускія грамадзяне, нават жалобы не абвяшчалася. А як памёр палкоўнік заакіянскі, некалькі дзён чорныя стужкі на сьцягах віселі ў Беларусі. Вельмі гуманная дзяржава?

Не кажу аб тым, што ня пройдзе месяца, міліцыя, задзейнічаная ў пошуках жыхара Сьвіслацкага раёну, будзе дбайна здымаць, фатаграфаваць іншых маладзёнаў, што прыедуць у Сьвіслач, каб ушанаваць памяць братоў Каліноўскіх. І будуць, як звычайна, пратаколы, суд, а міліцыянты выступаць будуць сьведкамі. Хацелася б памыліцца. Але без загаду зьверху нічога не памяняецца. А дагэтуль усё адбывалася ў апісаным мною парадку. Вельмі гуманная краіна?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG