Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрыготкія фіранкі ў вокнах КДБ


Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Я ведаю, што такое эўфарыя свабоды на масавых дэмакратычных акцыях. Але даўнавата ўжо яе не адчуваў. Ці то акцыі сталі нямасавымі. Ці то настрой на іх пануе зусім іншы, панылы. А перад усім, вядома ж, вярнуўся страх.

Апынуўшыся надоечы ў Маскве, я бязмэтна бадзяўся па Замаскварэччы. Ішоў ад тэатральнага музэя Бахрушына ў бок парка Зарадзьдзе. І ў канцы Малой Ардынкі, дзе вуліца злучаецца зь Вялікай Ардынкаю, утвараючы ўтульны пляц, я заўважыў каля апошняга дому вазоны з кветкамі. Аказалася, гэта дом, дзе да забойства жыў Барыс Нямцоў.

Калі б тую памятную шыльду не сарвалі вурдалакі, я бы і ня ведаў, дзе ён жыў. Сказаць ім за гэта «дзякуй» язык не паварочваецца. Але ж эфэкту яны дасягнулі цалкам адваротнага. Бо маленькую бронзавую шыльду заўважыць ня ўсякі. Іншая рэч – партрэты і кветкі.

Дом, у якім жыў Барыс Нямцоў
Дом, у якім жыў Барыс Нямцоў

Я падышоў да мэмарыялу. Колькі хвілін курыў. Замаскварэчча жыло сваім жыцьцём. Сьмешны ўзбэк у казацкіх шараварах і вышыванцы заклікаў ва ўкраінскую карчму. Нейкая дзяўчына зьбірала грошы на дамы для сірот. Каля бараў тусавалася моладзь. Каля партрэта Барыса ніхто не спыняўся.

Партрэт Барыса Нямцова
Партрэт Барыса Нямцова

Калі я пабачыў яго ўпершыню? Гэта было ў верасьні 1990 году. Я тады пасьля войска жыў у Ніжнім Ноўгарадзе. І зьбіраўся зьвязаць сваё жыцьцё з горадам сваіх дзядоў па матчынай лініі. На той час Ніжні наноў смакаваў сваё вернутае гістарычнае імя. А яшчэ з радасьцю азіраўся на нешматлікіх іншаземных гасьцей. Бо Горкі быў горадам цалкам закрытым, пахмурым і засакрэчаным. І галоўнай зоркай Ніжняга быў не артыст Дваржэцкі, не хакеіст Варнакоў. А малады палітык Барыс Нямцоў.

Я ня памятаю, адкуль даведаўся, што каля будынку КДБ Нямцоў зьбірае мітынг. У газэтах пра гэта не паведамлялася. Інтэрнэту не існавала. Але народная пагалоска працавала тады ня горш за сацыяльныя сеткі. І ўвечары я са стрыечным братам стаяў у шматтысячным натоўпе.

Зь якой нагоды быў мітынг? Ня памятаю. Памятаю ўпэўненасьць маладога Нямцова, які нядаўна стаў народным дэпутатам РСФСР, і радасьць тых, хто сабраўся. Радасьць ад месца збору. На скрыжаваньні Вялікай і Малой Пакроўкі. Менавіта каля гмаху КДБ.

Памятаю ягоныя словы. Не на адрас кепскага Гарбачова. І ня ў бок добрага Ельцына. А словы, зьвернутыя да людзей. «Бачыце? Гэта зусім ня страшна. Выйсьці на гэту плошчу. Хай яны на нас паглядзяць з-за фіранак. Зараз яны пахаваліся. Але пройдзе ня шмат часу і ў гэтым будынку ня будзе ніякага КДБ. Для новай службы бясьпекі мы знойдзем меншы дом». Памятаю, як гэтыя словы патанулі ў авацыях.

Я глядзеў на чырвоны дом КДБ і заўважыў, як адна зь фіранак падрыгвала. Нехта адтуль, са шчыліны, сачыў за натоўпам.

ГКЧП, Ельцын на танку, развал Саюзу. Гэта ўсё здарыцца налета. Але эўфарыі свабоды я тады ў Ніжнім, памятаю добра, не адчуў. У памяці засталася тая дрыготкая фіранка на другім паверсе КДБ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG