Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскі галоўнакамандуючы: Расея гатовая да ваеннага ўмяшаньня ў Беларусі


Рыха Тэрас

Падобна як ва Ўкраіне, Расея гатовая да ваеннага ўмяшаньня і ў Беларусі, калі б тамтэйшая палітычная сытуацыя зьмянілася ў непажаданым для Расеі кірунку, заявіў галоўнакамандуючы Сіламі абароны Эстоніі генэрал Рыха Тэрас у інтэрвію эстонскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі ERR.

- Чаму Расея арганізавала вайсковыя вучэньні «Захад» разам зь Беларусьсю і як гэта паўплывае на дзеяздольнасьць збройных сілаў Беларусі?

- Мэта «Захаду» і іншых вайсковых і агульных вучэньняў — максымальна прывязаць збройныя сілы Беларусі да расейскіх. Мэта — аслабіць здольнасьць беларускага войска да самастойных дзеяньняў.

- Ці гэта значыць, што мэта Расеі — у кожным выпадку ўмацаваць свой уплыў у Беларусі?

Падобна як у выпадку з Украінай Расея плянуе ваенныя крокі супраць Беларусі, калі б палітычная сытуацыя ў Беларусі зьмянілася. Расейскія збройныя сілы і структуры бясьпекі правялі падрыхтоўку, каб у разе неабходнасьці ўмяшацца і разгарнуць у Беларусі вайсковую апэрацыю. Вызначэньне кірунку і плянаваньне такой апэрацыі пачаліся ў 2014 годзе.

- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Сяргей Шойгу пабывалі на вучэньнях «Захад» у Ленінградзкай вобласьці і сьцьвярджалі, што гаворка тут толькі пра антытэрарыстычныя вучэньні. Ці можна з гэтым пагадзіцца?

Варта зазначыць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведаў вучэньні менавіта ў Расеі, хоць падкрэсьлівалася, што галоўны ўпор рабіўся на агульныя вучэньні ў Беларусі. Да вучэньняў былі прыцягнутыя розныя вайсковыя акругі, Балтыйскі і Паўночнаморскі флёты, ракетныя сілы і спэцыяльныя апэратары. Калі ўсё гэта робіцца ў рамках антытэрарыстычнай апэрацыі, то відавочна, што мы тут маем справу з выразным перабольшаньнем.

XS
SM
MD
LG