Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне дзядулю расстралялі, але ня ведаю, меў ён рацыю або не», — Цэрэтэлі пра бюст Сталіна ў Маскве


У Маскве ўрачыста адкрылі так званую «Алею Кіраўнікоў» зь бюстамі савецкіх правадыроў, у тым ліку Ёсіфа Сталіна. Мерапрыемства арганізавала Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства.

У кампазыцыю, акрамя Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Андропава і Чарненкі, уваходзіць прыжыцьцёвы бюст першага і адзінага прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Аўтар бюстаў — прэзыдэнт Расейскай акадэміі мастацтваў Зураб Цэрэтэлі.

«Я быў маленькі, калі яны кіравалі ... Ня ведаю, я гуляў добра, любіў мяч, футбол... я па-за палітыкай, і таму займаюся мастацтвам. А калі людзі, якія ня ведалі і займаліся палітыкай, яны вельмі рана сышлі з жыцьця. Я веруючы чалавек, мог сваю карысьць рабіць для Расеі. У мяне дзядулю таксама расстралялі, але ня ведаю, меў ён рацыю або не, адкуль я ведаю», — сказаў скульптар праграме Радыё Свабода «Настоящее время».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Дзьмітрый Пяскоў палічыў недарэчным пытаньне аб мэтазгоднасьці ўстаноўкі бюста Сталіна. «Гаворка ідзе пра ўсіх, хто кіраваў дзяржавай, — цытуе Пяскова ТАСС. — Ну, а Сталін хіба не кіраваў дзяржавай? Таму ў дадзеным выпадку пытаньне недарэчнае».

Каля бюстаў правяла адзіночны пікет жанчына, якая разгарнула плякат зь вершам Ганны Ахматавай «Абаронцам Сталіна».

У апошнія гады ў Расеі расьце колькасьць людзей, якія пазытыўна ставяцца да Ёсіфа Сталіна. Больш за палову расейцаў — 62% — лічаць, што ў грамадзкіх месцах трэба разьмяшчаць шыльды, бюсты і карціны, якія распавядаюць пра посьпехі Сталіна. Паводле апошняга апытаньня дзяржаўнага Цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, 42% расейцаў станоўча б ўспрынялі тое, што на суседнім доме зьявіцца такая памятная шыльда.

27 чэрвеня адвакат Генры Рэзьнік выйшаў з ліку прафэсараў Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі бо на сьцяне галоўнай аўдыторыі гэтай усталявалі мэмарыяльную дошку Сталіну. Кіраўнік рады па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў заклікаў дэмантаваць дошку.

Паводле апошняга апытаньня «Левада-цэнтру», сярод расейцаў Сталін узначаліў рэйтынг самых выбітных людзей у сусьветнай гісторыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG