Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Возьмем па другі бок мяжы манэўры хаўрусьнікаў НАТО. Войска польскае — свая гісторыя, адметная, глыбінёй у стагодзьдзі. Ня частка гісторыі, напрыклад, суседзяў, бундэсвэру ці яшчэ кагосьці. Школьніку зразумела: нічога агульнага.

Альбо ўзяць прыбалтаў. Нават няхай толькі новай гісторыяй абмежавацца калі. Змаганьне за незалежнасьць пасьля заканчэньня І Сусьветнай вайны. Пазьней — у 1990-91-м стварэньне ці адраджэньне сваіх нацыянальных армій.

У беларусаў усё як ня ў іншых. Не займелі арміі, не змагаліся за БНР? Добра, дык стварайце свае ўзброеныя сілы з нуля. Не, ня будзем. Няхай застаецца, агульная ўчора, цяпер расейская, пасьля скасаваньня СССР. Колькі апазыцыя БНФ у парлямэнце нэрваў страціла, каб падштурхнуць, змусіць ствараць асобныя ад расейскіх узброеныя сілы. Рогам уперлася прарасейская большасьць дэпутацкая.

Але што робіцца пад прымусам, не ад чыстага сэрца, ня з радасьцю, мае адпаведны вынік.

Беларусь замяняе сёньня Расеі ўвесь Варшаўскі дагавор. Невялікія ў параўнаньні з СССР краіны выконвалі ролю сатэлітаў. Вучэньні праводзілі сумесныя рэгулярна маштабныя, антынатаўскія. Ім то чаго баяцца было? Што ім вернуць даваенны лад? Апроч вярхушкі, яны гэтага не маглі баяцца, толькі таемна жадалі. Што й паказала наступная гісторыя.

Ня можа быць самастойнасьці меншай дзяржавы ў хаўрусе з аграмаднай, імпэрскай. У вайсковым пляне. Меншая будзе ў становішчы падначаленай. Расея канфліктуе з Захадам, без чаго солі ў салдацкай кашы ёй не хапае. А роля Беларусі тут якая? Сьніць фантомныя сны расейскія, што нехта хоча захапіць, што недзе агрэсар спаць ня можа спакойна.

Чытаю ў адным месцы раздражнёную згадку, што адна танкавая дывізія як сыр у масьле качалася ў ГДР, але каварны Гарбачоў вывеў яе ў Горадню падчас «так званага аднабаковага вываду войскаў у 1989 годзе». Па-першае, брахня, танкі вывеў Брэжнеў. І на дзесяць год раней. Па-другое, чаго вы локці кусаеце: што беларускаму народу давалі танкавыя савецкія дывізіі ў ГДР? Толькі тое, што каўбасы не купіць было і мяса?

Па-трэцяе: а вы пацікавіліся, як і чаму Брэжнеў мусіў вывесьці бранятанкавыя злучэньні, у тым ліку і ў Горадню? Таму што ў ГДР савецкіх танкаў было больш, чым камбайнаў у нямецкіх каапэратывах. Гэта што — нармальна, так і павінна было быць? Заходнія краіны змусілі Брэжнева: у вас столькі ўдарнай сілы разьмешчана ў ГДР, што гэта можа сьведчыць толькі аб адным — СССР падрыхтаваўся не да абароны, да наступу.

Дарэчы, ня памятаеце, якім быў лёзунг Варшаўскага дагавору? «Братэрства па клясе, братэрства па зброі». Цяпер першую частку мусіць замяняе братэрства па прэзыдэнцтве. Хіба ня раз ужо Лукашэнка згадваў, што пры нейкім зьбегу акалічнасьцяў будзе адстрэльвацца з Пуціным. Ці сьпіна да сьпіны, ці плячо да пляча. Дакладна ня памятаецца, але сказана прыгожа, хоць кіно здымай. А тут яшчэ і пра «снарад» дабаўленая сьвежая фраза.

Наогул, усе вушы пражужжалі, што Беларусь прыкрывае Маскву, што будзе абараняць яе да апошняга на заходнім напрамку. Ніколі ня чуў, што задача абараняць Менск, а не Маскву. Гэта й ня можа зьдзіўляць, калі прапагандай закладзена ў галовы «Отступать некуда, позади Москва». Вось жа і лёзунг «Беларусь у Эўропу», чытаем мы, небясьпечны і шкодны. Чым? Тым, што нібыта нацыянальна-культурная ідэнтычнасьць зьнікне ад прапаганды гэтак званых эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Не ўдакладнена толькі — якая менавіта ідэнтычнасьць? Савецкая, расейская?

Бо, як на цьвярозую галаву, беларуская армія нідзе не ваявала, яна — мірная армія, яе стварылі пасьля таго, як БССР стала Рэспублікай Беларусь. Нагадаю: гэта здарылася ў 1991 годзе. Вайны не было, порах нованароджаная армія трымала сухім. Ан, нет, таварышы! Гэта ілюзія! Якое злучэньне не капні — баявы шлях у тысячы кілямэтраў. Але гэта баявы шлях не беларускай арміі, не было такой і не магло быць. Які сэнс у такім «пераапрананьні»? Каб беларуская армія працягвала сьніць расейскія сны. З цяжкасьцю ў ваенкаматах савецкая, расейская па сваім матэрыяле наглядная агітацыя адсоўвалася крыху ўбок, каб даць крыху паверхні для беларускага «кутка», прысягі, цытаты з галоўнакамандуючага.

Думаю, каму належыць, адсачылі «патрыятычныя» настроі ў арміі пасьля Крыму і Данбасу. Крым жа — гэта правільна, так? Гэта ж — гістарычная справядлівасьць?! Чаму? Ну таму што царыца далучыла. А Пуцін назад вярнуў. Адзін маленькі крок у гэтых разважаньнях няцяжка было зрабіць: царыца далучыла Магілёў, Віцебск і гэтак далей. Так што, калі раптам, то будзе «гістарычная справядлівасьць». Цар, царыца, яны ж цяпер аблабызаныя, іх зараз хоць на «дошку гонару». Расейскай арміі. Калі такая існуе.

А на першым месцы будзе Ivan the Terrible на той дошцы гонару. Гэта для іх ён Жахлівы, для Эўропы. Быў Жахлівым і застаўся. А для Масквы (і для Менску, што хаваць) ён проста Грозны. Як вядома, фраза гучыць да канца — «грозны, але справядлівы». Гэта для расейскага ваякі ён «вызваліў» наш Полацак, а кароль і вялікі князь наш пасьля доўгай акупацыі царскай ўзяў ды «захапіў». А калі так для ваякі расейскага, дык і для беларускага. Ва ўсякім разе так было. Ці магло штосьці памяняцца? Калі сны закладзеныя ў галовы чужыя?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG