Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямляк Някляева: 100 гадоў таму да палітычных апанэнтаў ставіліся больш гуманна, чым сёньня 


Крэўскі краязнаўца Аляксандар Камінскі

Вядомы крэўскі краязнаўца, дасьледчык гісторыі свайго краю Аляксандар Камінскі не абмінуў увагай вызваленьне пасьля сямісуткавага арышту свайго земляка — паэта і палітыка Ўладзімера Някляева.

Расказваючы пра гэта ў сваім блогу «Крэўскае мора», спадар Камінскі спрабуе параўнаць «палітычныя справы» з розьніцай больш чым у 100 гадоў — сёньняшнія і пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Пасьля 7 сутак арышту быў вызвалены Ўладзімер Някляеў, які родам з Крэва. Чарговае затрыманьне было незаконным: чалавек усяго толькі паспрабаваў скарыстаць адно са сваіх канстытуцыйных правоў», — піша ў сваёй нататцы Камінскі.

У сувязі з гэтым ён згадвае інфармацыйную нагоду 110-гадовай даўніны, якая непасрэдным чынам тычыцца Крэва. У Вільні судзілі жыхара мястэчка Тадэвуша Сабалеўскага, палітычнага апанэнта ўладаў:

«У рубрыцы „Судовая хроніка“ аднаго з нумароў „Kurjer Litewski“ за 1907 год знаходзім цікавую зьвестку пра справу жыхара мястэчка Тадэвуша Сабалеўскага, якая разглядалася Віленскім судом, — працягвае краязнаўца. — Справа была палітычнай — Сабалеўскі абвінавачваўся ў падбухторваньні мясцовых сялянаў супраць уладаў. Абвінавачваньне сур’ёзнае, сямю суткамі тут не абысьціся. Аднак газэта паведамляе, што судовы разбор быў спынены. Бо... не знайшлося сьведак. І ўсё».

15 верасьня ў судзе над Уладзімерам Някляевым абышліся без прыцягваньня сьведак. Прынамсі, нікога з удзельнікаў акцыі 8 верасьня супраць вайсковых вучэньняў «Захад-2017» на працэс не запрашалі. Такім чынам, Някляеў быў пакараны арыштам за сам факт прысутнасьці на Кастрычніцкай плошчы.

А сёньня лёс калегі падзяліў Мікола Статкевіч, яшчэ адзін арганізатар пратэсту, ініцыяванага Беларускім нацыянальным кангрэсам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG